Новости Молодечно и Молодечненского района

Почтальон - про свою работу. «Люблю полистать газету раньше, чем подписчики»

  • 2019-10-30 06:40:22
  • Ірына Рабушка

Сярод «ударнікаў» Вераніка Зянько з аддзялення паштовай сувязі №1. Яна прызналася, што амаль за тры гады сэрцам прыкіпела да работы. У яе адна з самых няпростых тэрыторый у раёне Старога Места. Па назвах вуліц, якія даводзіцца абслугоўваць, можна вывучаць гісторыю горада і нават цэлыя эпохі, а яшчэ лёсы вядомых людзей — Гогаля і Тургенева, Марата Казея і Веры Харужай, Замкавая і Афіцэрская, Прамысловая і Усходняя, завулак Маладзечанскі і праезд Савецкі. І гэта не ўвесь пералік.

Вераніка гаворыць, што пакуль вывучала давераную ёй тэрыторыю, даволі часта блукала ў пошуках адрасата. Дарэчы, за дзень яна намотвае па 20 кіламетраў пешшу. Як сама жартуе, без малога паўмарафон!

— Але я ўсюды паспяваю, — працягвае паштальёнка. – Хутка хадзіць навучылася. Падпісчыкі неаднойчы расказвалі, што хацелі бывала мяне дагнаць, але не змаглі.

Сярод падпісчыкаў «Маладзечанскай газеты» і маладыя сем’і, і тыя, чые адносіны ўжо выпрабаваныя часам. Для некаторых выпісваць «МГ» стала добрай традыцыяй, якая перадаецца ад пакалення да пакалення. Актыўнай нашай чытачкай з’яўляецца і сама Вераніка. Яна любіць пагартаць «Маладзечанку» раней за сваіх падпісчыкаў і параіць ім штосьці цікавае. Адзін з мінулагодніх нумароў яна захавала для сямейнага архіва: на газетнай старонцы быў змешчаны фотаздымак яе старэйшага сына Мікіты, які наведваў зімовы лагер у сваёй СШ №1 імя Янкі Купалы.

У рабоце Вераніцы найбольш падабаецца бачыць… усмешкі. Менавіта так сустракаюць яе людзі. А сыны – пяцікласнік Мікіта і першакласнік Арсеній — вераць у міжгалактычныя магчымасці сучаснай пошты і перакананыя ў тым, што мама перадае пісьмы Дзеду Марозу акурат у рукі. Яно і не дзіўна: іх навагоднія жаданні заўсёды здзяйсняюцца.

Подписаться на "Маладзечанскую газету" можно на нашем сайте.

Фота: Ірына РАБУШКА.