Новости Молодечно и Молодечненского района

І плачуць бярозы... Людзям на карысць

  • 2022-04-07 06:50:48
  • Алег Бяганскі

— Калі пацяплее і пойдуць дажджы, бярозы будуць даваць больш соку, — зазначыў спецыяліст. – Аднак у любым выпадку лесаводы поўнасцю задаволяць патрэбы насельніцтва і арганізацый у бярозавіку. Большую яго частку плануецца рэалізаваць менавіта жыхарам горада і раёна. Ёсць заказы і ад перапрацоўчых прадпрыемстваў. Нарыхтоўка соку вядзецца на тэрыторыі Гарадоцкага, Маладзечанскага, Красненскага лясніцтваў.

Андрэй Шыбека нагадаў, што бярозавік нарыхтоўваецца на дзялянках, прызначаных пад высечку. Збіраць натуральны прадукт можна і самастойна (прычым бясплатна). Для гэтага трэба звярнуцца ў лясніцтва. Там чалавека праінструктуюць, як правільна нарыхтоўваць сок, і пакажуць участак, дзе гэта можна рабіць.

Увага! За нарыхтоўку бярозавага соку на забароненай тэрыторыі або незаконны яго збор прадугледжаны штраф у памеры да 20 базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — да 100 «базавых», на юрыдычную асобу — да 500 «базавых». Для недапушчэння несанкцыянаванага падсочвання бярозавых насаджэнняў на Маладзечаншчыне прымяняюцца «фотапасткі».

Мы пабывалі на адной з дзялянак, дзе вядзецца нарыхтоўка соку. Знаходзіцца яна недалёка ад Маладзечна ў бок Верадова. Да кожнай бярозы былі прымацаваныя адзін або два поліэтыленавыя мяшкі, куды сцякаў бярозавік. На дзялянцы працавалі Мікіта Рубанік, Аляксей Вяжэвіч і Юрый Ярашэвіч. Мужчыны пералівалі бярозавік з мяшкоў у вёдры, пераносілі каштоўны груз да спецыяльнай цыстэрны і напаўнялі яе. Работа ў леснікоў спорылася.

Юрый Ярашэвіч працуе ў лясгасе шэсць гадоў. Гэты сезон нарыхтоўкі бярозавіку для яго не першы.

— Пры цяперашнім надвор’і адна бяроза за суткі дае ў сярэднім 3-5 літраў соку, — расказаў Аляксей Вяжэвіч. – У спрыяльныя дні «выпрацоўка» павялічваецца да 10 і больш літраў. Наша задача – сабраць лясны ўраджай без страт і своечасова даставіць да спажыўцоў.

Для Мікіты Рубанчыка гэта першы сезон нарыхтоўкі соку. Работа яму падабаецца. А як правільна падсачыць дрэва, паказалі калегі.

Для Мікіты Рубанчыка гэта першы сезон нарыхтоўкі соку.

Летась Маладзечанскі лясгас рэалізаваў прыкладна 118 тон бярозавага соку. Пры гэтым насельніцтву яго было рэалізавана больш за 70 тон.

Бярозавы сок — адзін з лепшых прыродных сродкаў для паляпшэння абмену рэчываў. Медыкі ўпэўніваюць, што прыём хаця б адной шклянкі на дзень на працягу 2-3 тыдняў дапамагае справіцца з вясновым авітамінозам, стомленасцю і рассеянасцю.

Бярозавік валодае высокай біялагічнай актыўнасцю. Яго энергетычная каштоўнасць вельмі нізкая. У 100 грамах соку змяшчаецца ўсяго 22 кілакалорыі.

Звычайна бяроза ў лесе распаўсюджваецца самастойна, без удзелу чалавека. Аднак лесаводы ўсё часцей высаджваюць гэту культуру разам з іншымі дрэвамі. Такія пасадкі больш устойлівыя да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя.

Праз кароткі час нарыхтаваны на дзялянцы сок паступіць спажыўцам.


У ТЭМУ
Бярозавік рэалізуецца насельніцтву ў Маладзечанскім, Красненскім і Гарадоцкім лясніцтвах. Цана складае 40 капеек за літр. У пакупнікоў ёсць магчымасць купіць сок у 5-літровай тары.

Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.