Сярод прыхільнікаў творчасці легендарнага музыканта арганізатары конкурсу Валерый Трацяк і Сяргей Шыман, педагогі ЦТДіМ «Маладзік». Валерый прыгадвае, што ўпершыню пачуў песні Высоцкага яшчэ ў школьным узросце: «У майго суседа Валерыя Мурашкі быў сваяк, якога звалі Пётр Палітыка. Ён жыў у прыватным сектары ў Вялікім Сяле і быў вялікім фанатам Высоцкага, ездзіў па Савецкім Саюзе на яго канцэрты, неаднойчы быў на так званых «кватэрніках» — камерных выступленнях на даму. Ён, дарэчы, гаварыў нам, што двойчы Уладзімір Высоцкі выступаў на «кватэрніках» у Маладзечне. Пётр не вельмі ахвотна дзяліўся запісамі, але нам удалося выпрасіць у яго і перапісаць адну магнітафонную бабіну. Так песні Высоцкага назаўсёды ўвайшлі ў маё жыццё. Асабіста мне не пашчасціла трапіць на яго канцэрт. Памятаю, як мой сакурснік па геафаку Белдзяржуніверсітэта віляйчанін Пётр Ваўчок вярнуўся ўражаны: ля Дома афіцэраў ён убачыў Высоцкага, які спяваў свае песні пад гітару прама ля помніка-танка… У гонар двух любімых музыкантаў – Высоцкага і Мулявіна — я назваў Уладзімірам сына…».
Валерый расказвае, што ідэя правядзення конкурсу аўтарскай песні, прысвечанага вялікаму музыканту, узнікла ў 1987 годзе. На той час Трацяк кіраваў клубам турыстаў «Беларусь». Першы канцэрт адбыўся ў СШ №3. А на 50-годдзе з дня нараджэння Высоцкага ўпершыню запрасілі Аляксандра Ільіна, які здорава спявае яго песні. З 1992 года раённы конкурс праходзіў на базе гімназіі №10, у яго арганізацыі дапамагалі ўдзельніцы трыа «Фіеста» Наталля Паўлюшчык, Святлана Кулашка, Таццяна Багавец. Папулярнасць аўтарскай песні была вельмі вялікая, гледачы перапаўнялі актавую залу гімназіі. А з пачатку 2000-х гэты музычны форум перамясціўся пад крыло «Маладзіка». Свежае дыханне ўнёс у яго таленавіты педагог і музыкант Сяргей Шыман, які на працягу многіх гадоў з’яўляецца кіраўні-
ком клуба аўтарскай песні «Свеча».
Сімвалічна, што сёлета конкурс адкрыў песняй Высоцкага «Баллада об уходе в рай» Дзяніс Кісель з гімназіі №3 – установы, дзе 31 год таму стартаваў гэты паспяховы праект. У журы, як і ў мінулыя гады, былі запрошаны вядомыя маладзечанскія барды Лявон Тышкевіч і Аляксандр Бялоў. Удзельнікі з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі «Маладзік», гімназій №3, №7, №10, сярэдніх школ №8, №14 і вучэбна-педагагічнага комплексу «Селеўскі дзіцячы сад — базавая школа» выступалі ў чатырох намінацыях. Традыцыйна канкурыравалі паміж сабой клубы аўтарскай песні «Свеча» і гімназіі №10.
На гэты раз выхаванцы «Маладзіка» занялі першыя месцы адразу ў трох намінацыях. Сярод тых, хто выконваў аўтарскія песні, перамаглі з песняй «Блюз» Павел Жук (ён з’яўляецца аўтарам), Ілья Сак і Іларыя Вештарт. У намінацыях «Песня Высоцкага» і «Выканальніцкая. Ансамбль» лепшымі прызнаны ўдзельнікі клуба аўтарскай песні «Свеча». Сярод сольных выканаўцаў першае месца ў самай юнай удзельніцы конкурсу – чацвёртакласніцы гімназіі №7 Арыны Гурман. Не пакінулі гледачоў раўнадушнымі сольныя выступленні выхаванцаў клуба аўтарскай песні гімназіі №10 (кіраўнікі Наталля Паўлюшчык і Кацярына Дубовік) Паўла Сыракваша, Лізаветы Гурыновіч, Марыі Ключнік, Вікторыі Ляўчук, якія занялі ІІ і ІІІ месцы. Дастойна выступілі вучні Селеўскага дзіцячага сада — базавай школы. Яны адзіныя сярод сельскіх школьнікаў трэці год удзельнічаюць у конкурсе дзякуючы зацікаўленаму настаўніку геаграфіі, аматару турызму Віктару Цыбульскаму.
Сёння бардаўская песня не такая папулярная, як у савецкі час. Але той, хто цэніць сапраўдную паэзію і музыку, не пазбаўлены рамантыкі паходаў і вандровак, любіць спяваць разам з сябрамі, ніколі не прамяняе іх на сучасныя песні-аднадзёнкі. Аўтарская песня – бясцэнны пласт нашай музычнай культуры, на якім вырасла не адно пакаленне. І сведчанне гэтаму – музычны вечар, прысвечаны творчасці Юрыя Візбара, які ў канцы лютага ладзіць у гарадскім Палацы культуры трыа «Фіеста» разам з сябрамі.
Фота: архіў ЦТДіМ «МАЛАДЗІК».
Паважаныя чытачы! Магчыма, каму-небудзь з вас ці вашых знаёмых пашчасціла прысутнічаць на «кватэрніках» (канцэртах на даму) Уладзіміра Высоцкага ў Маладзечне? Будзем вельмі ўдзячныя, калі вы падзеліцеся ўспамінамі. Тэл. 77-19-61.