Новости Молодечно и Молодечненского района

Першы ўкос завяршаецца, другі намячаецца

  • 2024-06-26 09:05:50
  • Олег БЕГАНСКИЙ

Корманарыхтоўчы канвеер у СУП «Хажоваагра-2009» працуе спраўна. Дзякуючы аптымальнаму надвор’ю і добрай арганізацыі «зялёнага жніва» грамадскі статак будзе гарантавана забяспечаны збалансаваным рацыёнам у зімова-стойлавы перыяд.

Як адзначыла кіраўнік гаспадаркі Алена Халматава, у корманарыхтоўцы сёлета задзейнічана дзесяць адзінак тэхнікі. Уся яна была падрыхтавана да кампаніі загадзя. Нядаўна «Хажоваагра-2009» атрымала новы корманарыхтоўчы комплекс. Работнікі забяспечаны гарачым харчаваннем і падвячоркамі. Гаспадарка кампенсуе 70 працэнтаў ад іх кошту.

– На зялёны корм вырошчваюцца шматгадовыя травы і люцэрна, – адзначыла субяседніца. – Што тычыцца апошняй, яна дасць чатыры ўкосы. Гэта незаменная высокапрадукцыйная кармавая культура – пастаўшчык бялку і іншых каштоўных кампанентаў. У выніку павышаюцца надоі і якасць малака.
Алена Халматава паведаміла, што на палях актыўна паспяваюць азімыя культуры. Такім чынам, асноўны этап жніва пачнецца ў хуткім часе. Яна падзякавала работнікам гаспадаркі за добрасумленную працу і адказнасць.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ