Новости Молодечно и Молодечненского района

Перажытае і не забытае

  • 2025-04-29 07:58:52

Нарадзілася Раіса ВІШНЕЎСКАЯ 1 студзеня 1933 года ў вёсцы Пацічова Смалявіцкага раёна ў вялікай сялянскай сям’і Якава Карпавіча і Лізаветы Сцяпанаўны КОЎГАН. У час Савецка-фінляндскай вайны нараджэнне сёмага дзіцяці ўратавала бацьку ад адпраўкі на фронт.

У вёсцы Раісу Якаўлеўну называлі Рэнькай. У 1941-м яна закончыла першы клас Пацічоўскай пачатковай школы. 22 чэрвеня пад вечар прыйшлі звесткі пра вайну. У небе ляцелі самалёты з чорнымі крыжамі на крылах. Раз-пораз некаторыя зніжаліся, рабілі развароты і ляцелі ў бок Смалявічаў і Мінска. Пасля чаго там узмацняліся выбухі. Стала вядома, што ў Смалявічах бачылі нямецкіх парашутыстаў, і мужчыны ў лесе сталі будаваць зямлянкі. Калі ў вёсцы з’явіліся немцы, яны ўстанаўлівалі свой парадак: праверкі, рабаванні, забароны, пагрозы.

Пацічоўскія мужыкі, у тым ліку Якаў Карпавіч, былі ў партызанах, і фашысты стараліся вылавіць каго-небудзь з вяскоўцаў, каб даведацца месца дыслакацыі партызан. Неяк Лізавета Сцяпанаўна з сям’ёй прыйшла ў вёску па правіянт і каб спячы хлеб. Выйшла з хаты, а на падворку немцы. Адзін з іх на ламанай рускай мове стаў дапытвацца, дзе яе муж і іншыя, дзе хаваюцца партызаны. Не атрымаўшы адказу, пачырванеў і моцна стукнуў жанчыну кулаком у твар. Тая ўпала. А немец з яшчэ з большай сілай прадоўжыў катаванне жанчыны бізуном і нагамі, пакуль яна не страціла прытомнасць. Салдаты пацягнулі яе волакам. Дзеці ўбачылі, як ля студні маці абліваюць вадой з вядра. Яна пачала варушыцца. Раісе Якаўлеўне той момант запомніўся самым жудасным.

Крычаць і плакаць было забаронена, але, стоячы ля матулі, дзеці заліваліся слязьмі і трэсліся як асінавыя лісты. Калі мама апрытомнела, да яе падбег маленькі Жэнька і са слязьмі пралапатаў, што хоча да таты, каб прывесці яго на абарону. Фашысты ўсім загадалі станавіцца ў рад пад сцяну хаты. Маці ўзяла на рукі самую маленькую Зінку, прытуліла да сябе Жэньку, прыгаворваючы, каб нічога не баяліся і маўчалі. У гэты час трое аўтаматчыкаў, навёўшы зброю на жанчыну і семярых дзяцей, чакалі каманды. Рэнька глядзела на дулы аўтаматаў і ў думках шукала паратунак. Меркавала: як толькі пачнуць страляць, яна прыкінецца забітай. А як з’едуць немцы, пойдзе да таты і ўсё яму раскажа. Дзе шукаць бацьку, яна ведае: урочышча Стрыева і вузкая грэбля праз балота да вострава, на якім здаўна жылі браты Разумовы з сем’ямі. Там яе тата і партызанская брыгада «Разгром». Рэньчыны думкі перарвалі аўтаматныя чэргі. Калі ўсё сціхла, немец зноў спытаў, ці ўспомнілі, дзе хаваюцца партызаны. Але і на гэты раз станоўчага адказу не дабіўся. Пасля гэтага ён адпусціў іх, пагражаючы расстрэлам, загадаў, каб з падворка не сыходзілі.

– Амаль месяц трое немцаў жылі ў хаце з намі, – гаворыць Раіса Якаўлеўна. – Матуля гатавала ежу, а мы, дзеці, кожны дзень мылі ім ногі. А калі штосьці фашыстам не спадабаецца, то яны білі нас бізуном. І вось настаў час, калі мы выйшлі з падворка. Толькі мы марылі не пра такі выхад – пад канвоем. Цешыла тое, што не ставілі больш да сцяны на расстрэл. Нас пагналі ў бок Смалявічаў, далучаючы па дарозе іншых. Праходзячы ля Шыпянскага лесу, убачылі, што поле паміж дарогай і лесам было быццам «засеяна» забітымі мужчынамі, у тым ліку на дарозе. Пасля даведаліся, што расстралялі калону арыштаваных ваеннапалонных і мірных жыхароў, якія спрабавалі збегчы. Загінулі амаль усе.

У Смалявічах сям’ю разам з іншымі размясцілі ў дашчаным будынку са шчылінамі ў сценах. Праз два дні пагроза быць адпраўленымі ў Германію мінавала. Усіх выпусцілі і загадалі не пакідаць сваіх вёсак. За невыкананне пагражала смяротнае пакаранне. Людзі пайшлі дадому. Разумелі: гэта толькі адтэрміноўка зняволення і адпраўкі ў Германію. Заставаўся адзіны паратунак – сыходзіць у лес у зямлянкі. Так і зрабілі.

Зімой 1943-га пачалі хварэць, асабліва дзеці. Спачатку думалася: звычайная прастуда, але аднавясковец, партызанскі доктар Міхаіл Міхейчык, паставіў дыягназ – тыф. Лячыцца ў зямлянках было складана. Вярнуліся ў вёску. І ўсё ж тыф забраў некалькі жыццяў. Памерла сястра Раісы Якаўлеўны – адзінаццацігадовая Ніна.
Праз нейкі час на досвітку на вёску наляцелі немцы з паліцаямі. Але як даведаліся пра тыф, з’ехалі. Вясной эпідэмія адступіла. Людзі сышлі ў лес. А хутка пачалася блакада. Партызаны адвялі вяскоцаў на балота, далей ад ворага.

У апошнюю блакаду ў 1944 годзе людзі гінулі і ад куль, і ад авіябомб, што скідвалі фашысты. Асколкам параніла ў нагу і Раісу Якаўлеўну. Не абышлося без страт радні і блізкіх.

У пачатку ліпеня прыйшло вызваленне. Гаспадарку адраджалі галоўным чынам жанчыны, старыя ды падлеткі. Якаў Карпавіч дайшоў да Берліна, дзе быў цяжка паранены. Вярнуўся дамоў ў канцы 1946 года з пасечаным целам, асколкам у лёгкіх і перабітай нагой. Вяртанне з вайны мужа і бацькі для сям’і было найвялікшым шчасцем.

Мірнае, стваральнае жыццё Раісы Якаўлеўны звязана з пасёлкам Чысць. У Маладзечанскі раён яна была накіравана на торфараспрацоўку новага радовішча Чысць начальнікам участка.

Працавала ў розных мясцовых арганізацыях. Яе стаж склаў пяцьдзясят гадоў.

Тэкст і фота: Алесь РАТКЕВІЧ