Новости Молодечно и Молодечненского района

Паштальён заўсёды ў рытме жыцця

  • 2019-08-29 06:46:05
  • Людміла Цар

— Працую ў шостым аддзяленні паштовай сувязі РУП «Белпошта» больш за сем гадоў. Кіраўніцтва адразу даверыла мне ўчастак павышанай складанасці. Было няпроста асвоіць спецыфіку работы, але падтрымалі калегі, асабліва паштальён Аксана Сабалеўская. Набываўся вопыт, маршрут станавіўся сваім, — расказвае Алена Уладзіміраўна.

На яе ўчастку шмат устаноў і арганізацый рознага профілю. Гэта гасцініца «Маладзечна», падраздзяленні райвыканкама, Белдзяржстрах... Паштальён дастаўляе карэспандэнцыю ў юрыдычныя і грамадскія арганізацыі, банкі, установы адукацыі, гандлёвыя аб’екты. Акрамя таго, абслугоўвае жылы фонд.

У Алены Абцэвіч з дзесяці паштальёнаў шостага аддзялення найбольшая колькасць пісьмаў – кожны дзень больш за чатыры сотні. Вядома, яны не ўмяшчаюцца ў сумку. Машына развозіць карэспандэнцыю па апорных скрынях. У арганізацыі, якія знаходзяцца вышэй ці ніжэй за першы паверх – дастаўка платная. Для гэтага на бізнес-пошце заключаецца дагавор на штомесячны абанемент. Асабістай перапіскі зусім мала. Часцей адпраўшчыкамі з’яўляюцца судовыя і праваахоўныя органы, арганізацыі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

— Мой участак знаходзіцца ў самым цэнтры горада, і я адчуваю рытм яго жыцця. Люблю сваю прафесію за стасункі з людзьмі. Ёсць паразуменне з кіраўніцтвам і калегамі. Ды і рабочы графік задавальняе — дзень пачынаецца ў 6.50, а заканчваецца ў 13.55, — гаворыць субяседніца. — У перыяд падпісной кампаніі заканчваем работу пазней.

Ёсць пастаянныя падпісчыкі, верныя пэўнаму выданню на працягу многіх гадоў. Сярод газет у тройцы лідараў — «Маладзечанская газета», «СБ. Беларусь сегодня», «Мінская праўда». Дарэчы, «Маладзечанскую газету» можна выпісаць у любы пункт не толькі вобласці, але і нашай краіны. Прадугледжана льготная падпіска. Газета прываблівае чытача цікавымі публікацыямі, разнастайнымі праектамі з удзелам чытачоў.


Фота: Аляксей ПЛАТКО.