Новости Молодечно и Молодечненского района

Палачаны: шчырая сустрэча калег і сяброў

  • 2023-03-17 09:22:46
  • Анжаліка Крупянькова

Арганізатары — пярвічная ветэранская арганізацыя Палачанскага сельскага Савета, пярвічная арганізацыя Беларускага саюза жанчын — падрыхтавалі для іх шмат прыемных сюрпрызаў. З самага парога гасцей ветліва сустракалі прыбраныя ў нацыянальныя строі ўдзельнікі гуртка «Творчая майстэрня» Марыя Дземідовіч і Антон Дудко. Кожнага ветэрана яны правялі за столікі, над сервіроўкай якіх чаравалі сапраўдныя прафесіяналы Дар’я Адамовіч, Наталля Вірынская, Аляксандр Глінскі пад кіраўніцтвам індывідуальнага прадпрымальніка Святланы Глінскай.

Стваралі святочны настрой і роставыя лялькі, у якіх пераапрануліся Яніна Пякарская і Аксана Дземеш.

Яніна Пякарская шмат гадоў працавала мясцовым бібліятэкарам, да свята падрыхтавала вялікую экспазіцыю з гісторыі гаспадаркі, пачынаючы з 50-х гадоў мінулага стагоддзя. Тут і Пераходныя Чырвоныя Сцягі Усесаюзных працоўных спаборніцтваў, і Ганаровыя граматы, фотаздымкі, шматлікія выразкі з раённай газеты. Многія гарталі Кнігу Працоўнай Славы, якая вядзецца з 1980-х гадоў, пазнавалі землякоў і з гонарам гаварылі: «Гэта нашы людзі!».

Механізатары, жывёлаводы, паляводы, вадзіцелі, інжынерна-тэхнічныя работнікі — на розных пасадах працавалі ветэраны, кожны з іх уносіў свой значны ўклад у развіццё роднай гаспадаркі. Разам з вядучай Святланай Карташэвіч прысутныя з павагай віталі адну са старэйшых гасцей свята — былога бухгалтара Глафіру Сільвановіч, якой у студзені споўнілася 85 гадоў. Сярод самых маладых, хто нядаўна далучыўся да слаўнай кагорты ветэранаў, Ірына Басманава, якая 25 гадоў таму з сям’ёй пераехала з Казахтана, увесь час працавала ў жывёлагадоўлі.

Удзельнікі мерапрыемства рады былі вітаць цяперашняга кіраўніка ААТ «Палачаны» Аляксандра Анопа, які, да слова, забяспечыў дастаўку пенсіянераў на свята. Прысутнічалі і былыя дырэктары гаспадаркі Аляксандр Мучынскі, Сяргей Кароль, Алена Халматава. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас Станіслава Завацкага, які не змог прыехаць. Кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Беларускага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта Аляксандр Мучынскі зазначыў, што ветэраны працы залажылі трывалы фундамент для далейшага развіцця сваёй гаспадаркі, якая ва ўсе часы была і застаецца сёння на лідзіруючых пазіцыях.

Са словамі павагі і ўдзячнасці за шматгадовую плённую працу, з пажаданнямі далейшых поспехаў звярнуўся да ветэранаў дырэктар ААТ «Гарадзілава» Дзмітрый Грамовіч. Ён выказаў спадзяванне, што такое свята стане традыцыйным. А арганізатары, усе прысутныя шчыра дзякавалі яму за вялікую дапамогу ў правядзенні гэтага мерапрыемства.

Старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Шафаловіч уручыла нагрудны знак «Ганаровы ветэран» Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў галоўнаму ініцыятару і арганізатару гэтага маштабнага мерапрыемства Ніне Станевіч, якая 55 гадоў працавала ў ААТ «Палачаны», пачынала звеннявой, доўгі час была намеснікам старшыні па ідэалагічнай рабоце і будаўніцтве.

Таццяна Шафаловіч таксама адзначыла падзякамі ветэранаў, якія працягваюць працаваць у гаспадарцы: Алену Скроба, Алену Вяжэвіч і Генадзія Легана.

Старшыня Палачанскага сельскага Савета дэпутатаў, старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Анастасія Іода ўручыла падарункі Таццяне Бажко, вядомай на ўвесь раён вышывальшчыцы, а яшчэ сямейнай пары Марыі і Мікалая Мяснік, якія адзначылі 50-годдзе сумеснага жыцця. Ушанавалі на свяце таксама Алену і Рыгора Скроба, шлюбу якіх споўнілася 40 гадоў. Таццяна Туронак прысвяціла юбілярам цудоўную песню.

Вельмі ўзрушылі сваімі выступленнямі юныя артысты з дзіцячага цэнтра культуры «Расток», трыа «Сустрэча» ў складзе Ганны Сянько, Алены Тынкевіч, Алы Аноп.

Прыемна, што кожны ветэран атрымаў сімвалічны падарунак — кубак з лагатыпам роднай гаспадаркі. Ён будзе нагадваць аб гэтай цёплай сустрэчы, а таксама аб тым, што кожнага ветэрана тут памятаюць і цэняць.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ПАЛАЧАНСКАГА СЕЛЬСКАГА САВЕТА ДЭПУТАТАЎ, РАЁННАГА САВЕТА ВЕТЭРАНАЎ.