— Гэта імя стала поўнай нечаканасцю для маёй мамы, — усміхаецца субяседніца. – З татам яны абмяркоўвалі для мяне адзіны варыянт – Іна. Але пакуль маці была ў радзільным доме, бацька разам са сваёй сястрой, якая на той момант вучылася на філфаку ў БДУ і захаплялася літаратурай, вырашылі назваць мяне Джульетай. Так і запісалі ў пасведчанні аб нараджэнні.
Да падлеткавага ўзросту яна абсалютна спакойна ставілася да свайго імя і не лічыла яго рэдкім.
— А калі ў школе вывучалі трагедыю Уільяма Шэкспіра «Рамэа і Джульета», з мяне пачалі падсмейвацца. Але я не з крыўдлівых! Асабіста мне было вельмі шкада маю літаратурную цёзку, — заўважае жанчына.
Па жыцці Джульеце не даводзілася сустракаць сапраўдную цёзку ні ў Беларусі, ні ў Еўропе, па якой яна шмат вандравала і нават пэўны час жыла ў Грэцыі і Бельгіі. Калі некаму нязручна вымаўляць імя, яна дазваляе называць яе Юліяй.
— Але з узростам усё часцей чую кампліменты ў свой адрас і захопленае «О, Джульета! Якое незвычайнае імя!», — заўважае яна. – Назаўсёды запомніла выпадак, калі ў маладосці ехала на цягніку з Мінска ў Харкаў і адзін з хлопцаў, якога вельмі ўразіла маё імя, на працягу ўсёй дарогі прыводзіў пасажыраў з іншых вагонаў, каб яны паглядзелі на мяне.
Цікава, што наконт паходжання імені Джульета даследчыкі спрачаюцца і сёння. Вылучаюць тры асноўныя версіі. Згодна з першай, яно мае лацінскія карані і азначае «июльская». Па другой, яно пайшло ад родавага імені Джулія (Юлія) і перакладаецца «з роду Юліяў». Трэцяя версія самая рамантычная – нібыта гэта імя прыдумаў сам Шэкспір для сваёй гераіні.
Адметны і той факт, што гэта імя адно з самых рэдкіх у свеце і адначасова самае вядомае дзякуючы той самай шэкспіраўскай Джульеце. Тым не менш, у нашай гераіні ёсць нямала знакамітых цёзак, сярод іх галандская бодзібілдар Бергман, аўстралійская піяністка і спявачка італьянскага паходжання Гвічардзі, расійская і беларуская актрыса Герынг (Казакевіч) і італьянская Мазіна.
А маладзечанская Джульета знайшла сябе ў сферы адукацыі. Цяпер працуе сацыяльным педагогам у СШ №2. Яна вельмі захапляецца экалогіяй і ініцыявала праект «Зялёная школа» — прывівае вучням любоў і павагу да навакольнага асяроддзя. Разам з імі займаецца азеляненнем прышкольнай тэрыторыі, прымае ўдзел у раённых экалагічных акцыях. Ледзь не бясконца Джульета Міхайлаўна можа расказваць ім пра тое, што расце вакол роднай школы.
— Ніцая вярба радуе нас далікатнай зелянінай больш за 70 гадоў, — заўважае настаўніца. – Звыш трох дзесяцігоддзяў таму педагогі розных пакаленняў пасадзілі тут яблыні, плады якіх мне падаюцца самымі смачнымі з тых, што я калі-небудзь каштавала. Гадоў 30 расце ў нас і грэцкі арэх, які пасадзіў дырэктар школы Уладзімір Шпетны.
У Джульеты вельмі шмат хобі – дэкупаж, вышыўка гладдзю, аплікацыя, вырошчванне кветак. З задавальненнем яна вывучае культуру розных краін і замежныя мовы, добра валодае англійскай і грэчаскай, на якой размаўляе нават са сваім… катом.
— Трынаццаць гадоў таму падабрала яго ў Афінах на вуліцы, — расказвае Джульета. – Ён быў мурзаты і хворы. Дала мянушку Флафі, што ў перакладзе з англійскай мовы азначае Пушок. Ён урэшце вырас у вялікага ката і цяпер важыць восем кілаграмаў. З першай спробы прывезці яго ў Беларусь не атрымалася. У афінскім аэрапорце ён збег. Мне давялося ляцець без яго, каб не прапаў білет. Флафі знайшлі на другі дзень і два тыдні трымалі ў паліцэйскім участку, пакуль я вярнулася па яго. Потым ката пазнавалі ў іншых аэрапортах, калі падарожнічала разам з ім.
У вандроўку з сабой Джульета бярэ не толькі Флафі, але і кнігі на рускай і беларускай мовах, якія проста аддае людзям і такім чынам знаёміць з культурай роднай краіны іншаземцаў альбо радуе эмігрантаў былога Савецкага Саюза. Настаўніца і сама вельмі любіць чытаць. У яе вялікай дамашняй бібліятэцы ёсць таксама «Рамэа і Джульета» (два экзэмпляры).
Сапраўдная аддушына для нашай гераіні – трое ўнукаў, у якіх рэдкія імёны.
— Свайго адзінага сына я назвала Міхаілам, бо гэта імя шмат хто меў у розных пакаленнях нашай сям’і, а я вывучыла радавод да пятага калена, — расказвае субяседніца. — Да таго ж мне вельмі падабаецца творчасць Міхаіла Лермантава. А сын вырашыў назваць сваіх дзяцей арыгінальна – Глорыя, Моніка і Рычард.
***
Шаноўныя чытачы!
Калі ў вас, вашых блізкіх, знаёмых, сяброў рэдкае імя, ёсць цікавая гісторыя, звязаная з ім, раскажыце нам пра гэта.
Тэл. 77-19-61, е-mail: M_GAZETA@tut.by (абавязкова пакіньце даныя для сувязі).
Тэкст і фота: Ірына РАБУШКА.