У рамках прафсаюзнай акцыі «Наш жывёлавод» лепшыя работнікі МТФ «Слабодка» (СУП «Хажоваагра-2009») атрымалі заахвочванні.
Уручаў перадавікам Падзячныя пісьмы і грашовыя прэміі старшыня Маладзечанскай раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Анатолій Фурс. Адзначаны былі аператар па гадоўлі цялят Вольга Баран, аператар машыннага даення Алена Ганчарова, жывёлавод Дзмітрый Ганчароў.
– Працую на ферме ўжо тры дзясяткі гадоў, – расказала Алена Яўгеньеўна. – Адказваю амаль за 60 кароў. У жывёлагадоўлю пайшла адразу пасля школы. Падтрымала працоўную дынастыю. Мая мама Еўдакія Аляксандраўна адпрацавала ў гаспадарцы 35 гадоў. Яшчэ з дзяцінства хадзіла на ферму, дапамагала ёй даглядаць грамадскі статак. Так і ўцягнулася ў справу. У нашай мнагадзетнай сям’і я была старэйшая. Трэба было дапамагчы бацькам гадаваць малодшых дзяцей.
Субяседніца расказала, што яна з мужам атрымала ад гаспадаркі дом. Жыве сям’я ў Бяртошках. Сваю працоўную біяграфію пачынала на МТФ «Слабодка». Потым была задзейнічана на іншых аб’ектах жывёлагадоўлі. І вось цяпер зноў «Слабодка». Першая дойка тут пачынаецца ў шэсць гадзін раніцы, другая – у шэсць вечара. Аднак на рабочым месцы трэба быць значна раней.
– Калектыў у нас добры. Графік мяне задавальняе. Працаваць можна, – адзначыла Алена Ганчарова.
Па словах галоўнага эканаміста гаспадаркі і старшыні прафсаюзнай «пярвічкі» Лідзіі Аноп, акцыя «Наш жывёлавод» вельмі патрэбная работнікам ферм і малочнатаварных комплексаў. Яна павышае матывацыю да плённай добрасумленнай працы, паказвае важнасць прафесіі для грамадства.
Жывёлагадоўля забяспечвае стабільныя фінансавыя паступленні ў сельскагаспадарчыя арганізацыі. Акрамя таго, прадукцыя галіны пастаўляецца як айчынным спажыўцам, так і на экспарт. Ад яе залежаць харчовая бяспека краіны, дабрабыт насельніцтва.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ