Новости Молодечно и Молодечненского района

Падрыхтоўка тэхнікі – задача агульная

  • 2024-02-12 04:40:20
  • Алег Бяганскі

На Маркаўскім вытворчым участку ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс» тэхніку да пасяўной рыхтуюць профільныя спецыялісты. Дапамагаюць ім вадзіцелі і механізатары, якія непасрэдна будуць удзельнічаць у кампаніі.

Як паведаміў вядучы інжынер участка Віктар Петрусенка, на падрыхтоўку да палявога сезона выдзелены неабходныя сродкі. У першую чаргу былі прыведзены ў парадак плугі, культыватары, сеялкі, іншыя агрэгаты. Увага надаецца і тым сродкам механізацыі, якія выкарыстоўваюцца ў зімовы перыяд. Дзейнасць гаспадаркі не павінна спыняцца круглы год.
– Падтрымліваюць тэхніку ў рабочым стане кваліфікаваныя слесары-рамонтнікі і зваршчык, – падкрэсліў Віктар Віктаравіч. – Усе яны вопытныя работнікі. Дакладна ведаюць кожны вінцік. У выніку праблем у час пасяўной быць не павінна.

Згодны з гэтым і слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання Мікалай Невяровіч. Ён выдатна ведае ўвесь спектр сельскагаспадарчай тэхнікі, сам не раз садзіўся за руль трактара і камбайна. Вопытны спецыяліст разумее, што ўраджай у канчатковым выніку залежыць ад кожнага работніка гаспадаркі.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ