Згодна з адпаведным рашэннем Мінскага аблвыканкама Аляксандр Хазянін адзначаны ў намінацыі «Мастацкі пераклад, літаратурная крытыка» за зборнік літаратурных матэрыялаў «Светлыя прамені», Аркадзь Жураўлёў -- у намінацыі «Дзіцячая і юнацкая літаратура» за кнігу «Чароўныя словы».
На старонках нашага выдання мы прэзентавалі гэтыя кнігі нашых таленавітых землякоў, членаў Саюза пісьменнікаў Беларусі. Іх імёны вядомыя не толькі ў нашым раёне, у Мінскай вобласці, але і ва ўсёй краіне. Аляксандр Хазянін 25 гадоў працаваў галоўным рэдактарам нашай газеты, паспяхова спалучаючы адміністрацыйную, журналісцкую і пісьменніцкую дзейнасць. Сваю трэцюю кнігу «Светлыя прамені» ён прысвяціў нашым вядомым землякам, якія шмат зрабілі як для Маладзечаншчыны, так і для ўсёй Беларусі. У зборніку змешчаны таксама і літаратурна-крытычныя артыкулы пра творчасць паэтаў, празаікаў беларускай літаратуры, краязнаўцаў.
Апавяданні, гумарэскі, казкі Аркадзя Жураўлёва неаднойчы друкаваліся на старонках нашай газеты. Усё сваё свядомае жыццё ён служыў мастацкаму слову, нягледзячы на тое, што яго працоўная дзейнасць не заўсёды была звязана з творчасцю. Яго пяру належаць не толькі выдадзеныя пяць кніг, але і 120 аповесцей, апавяданняў, лірычных навел, абразкоў, казак, якія друкаваліся ў літаратурна-мастацкіх выданнях Беларусі і Расіі. Пісьменнік расказвае, што для сваёй новай кнігі ён адабраў лепшыя казкі, якія былі прыязна сустрэты юнымі слухачамі «Вячэрняй калыханкі» Беларускага радыё, чытачамі часопісаў «Рюкзачок», «Вясёлка».
Дарэчы, кнігі маладзечанскіх пісьменнікаў ёсць у цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Максіма Багдановіча, кожны можа ўзяць іх пачытаць.
Шчыра віншуем нашых землякоў з заслужаным прызнаннем, жадаем новых цікавых твораў і натхнення на доўгія гады.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.