-- У паляванні ўдзельнічалі звыш 30 чалавек, -- гаворыць інжынер па паляўнічай гаспадарцы Маладзечанскага лясгаса Андрэй Сушко. – Сляды зграі з пяці драпежнікаў у час рэйду заўважылі егеры. Месца лёжкі ваўкоў было абнесена сцяжкамі. Усяго іх спатрэбілася каля васьмі кіламетраў. Свае месцы занялі стралкі. Загоншчыкі адправіліся па воўчых слядах, «паднялі» звяроў і сталі іх праследаваць (лёжка ў ваўкоў сумесная, а ўцякаюць ад небяспекі яны паасобку). Трафеямі паляўнічых сталі два мацёрыя самцы і дарослая самка. Два ваўкі «паднырнулі» пад сцяжкі і ўцяклі.
Андрэй Сушко дадаў, што ваўкі баяцца не столькі выгляду сцяжкоў, колькі людскога паху. Здабываць шэрых драпежнікаў неабходна, бо яны наносяць шкоду жывёлагадоўлі і паляўнічай гаспадарцы. Ваўку за год патрабуецца каля дзвюх тон мяса, а два дарослыя звяры могуць справіцца нават з ласём. З цягам часу ваўкі перасталі выконваць ролю «санітараў лесу». Цяпер людзі рэгулююць колькасць жывёл і выбракоўваюць хворых і слабых асобін.
Работнікі лясгаса, арганізатары і ўдзельнікі палявання Ігар Шафрановіч, Андрэй Сушко і Юрый Барадаўка са здабытымі трафеямі.
Фота: архіў Андрэя СУШКО.