Дваццаць гадоў таму створана сістэма па аздараўленні насельніцтва ў нашай краіне. За гэты час нямала было змяненняў, рэарганізацый, аднак галоўная місія як самога цэнтра, так і яго спецыялістаў у рэгіёнах заставалася нязменнай – клопат аб здароўі насельніцтва.
«Мы адпраўляем у санаторый дзетак з трох гадоў, зразумела ж, у такім узросце яны едуць з мамамі ў аддзяленні «Маці і дзіцяці», якія цяпер створаны пры многіх здраўніцах. А самым пажылым адпачывальнікам, якія ездзілі на аздараўленне, споўнілася 90 гадоў», — расказваюць вядучыя спецыялісты.
У сярэднім за год усімі відамі аздараўлення яны ахопліваюць каля 10 тысяч нашых землякоў (пераважная большасць з іх дзеці). Калі гэту лічбу памножыць на 20 гадоў, атрымаецца 200 тысяч чалавек. Антаніна Уладзіміраўна працуе ў сістэме з першага дня яе стварэння, Ларыса Яўгеньеўна ўсяго на два гады менш. Яны ведаюць усе санаторыі Беларусі, іх профілі, могуць даць слушную параду, дзе лепш аздаравіцца з тым ці іншым відам захворвання, падкажуць, што для гэтага трэба.
— А сапраўды, што трэба, каб атрымаць пуцёўку ў санаторый? Як паказвае практыка, далёка не ўсе гэта ведаюць.
— Патрэбна медыцынская даведка аб тым, што чалавек мае патрэбу ў санаторна-курортным лячэнні. З гэтай даведкай ён звяртаецца па месцы працы ў камісію па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні, якія створаны на прадпрыемствах і арганізацыях, піша заяву, каб яму выдзелілі пуцёўку, указвае, у які перыяд ён хацеў бы аздаравіцца.
— Колькі ў сярэднім цяпер каштуе пуцёўка?
— Цана як у дарослыя, так і дзіцячыя санаторыі прыблізна каля 700 рублёў. У санаторыі паўднёвага кірунку — «Місхор», «Туапсэ» — 1200 рублёў. Для дзяцей пуцёўкі бясплатныя, у аддзяленні маці і дзіцяці частковая даплата для матуль складае 15 працэнтаў ад кошту пуцёўкі. Для працуючых частковая даплата налічваецца па спецыяльнай шкале ў залежнасці ад іх гадавога даходу. Для пенсіянераў яна складае 15-20 працэнтаў ад кошту пуцёўкі.
— Хто з дарослага насельніцтва мае права на бясплатныя пуцёўкі?
— Інваліды І, ІІ груп не часцей, чым адзін раз у два гады ў парадку чаргі маюць права на бясплатныя пуцёўкі.
— Якія прадпрыемствы, арганізацыі раёна найбольш зацікаўлены ў аздараўленні сваіх работнікаў?
— Усяго ў раёне працуе 475 камісій па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні. За мінулы год створана 17 камісій, адноўлена 41. Дарэчы, усё часцей яны з’яўляюцца на прадпрыемствах прыватнай формы ўласнасці. Хацелася б падзякаваць за цеснае супрацоўніцтва і клопат аб сваіх работніках камісіям аддзела адукацыі, спорту і турызму, аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, гарадскога Палаца культуры, прадпрыемстваў «Белхол», «Мінскі мэблевы цэнтр», лакаматыўнага дэпо, псіханеўралагічнага дыспансера.
— Ад якіх арганізацый вам хацелася б большай актыўнасці? Хто, на вашу думку, не дапрацоўвае ў гэтым важным напрамку?
— Мала пуцёвак заказвае ўпраўляючая кампанія холдынгу «Забудова», практычна не аздараўліваюць сваіх работнікаў завод парашковай металургіі, сельгаспрадпрыемствы «Заскавічы», «Селеўцы», сортавыпрабальная станцыя, завод «Рамбыттэхніка», фабрыка «Юнона».
— Скажыце, якія санаторыі ў маладзечанцаў самыя папулярныя?
— Тыя, што знаходзяцца ў нашым раёне. Для людзей працаздольнага ўзросту гэта санаторый «Сасновы бор», для дзяцей — «Богатырь», адзіны ў краіне, дзе выдатна лечаць хваробы вачэй. Прыемна паведаміць, што вось ужо трэці год запар ён прызнаецца лепшым сярод дзіцячых санаторыяў Беларусі, па выніках 2017 года ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені.Пенсіянеры аддаюць перавагу здраўніцам «Вяжуці», «Белая Вежа» (Камянецкі раён), «Ясельда» (Пінск).
— Наколькі эфектыўнае санаторнае лячэнне? Часта вам даводзіцца чуць станоўчыя водгукі?
— Амаль кожны дзень. Той, хто клапоціцца аб здароўі, сур’ёзна падыходзіць да аздараўлення, выконвае рэкамендацыі ўрачоў, сапраўды адчувае сябе нашмат лепей. Да таго ж змена абстаноўкі, новыя знаёмствы і ўражанні добра ўплываюць на эмацыйны стан, у людзей павышаецца жыццёвы тонус. І вось яшчэ такі факт: некаторых дзетак, якія тры гады запар аздараўліваліся ў санаторыі, здымалі з дыспансернага ўліку ў паліклініцы.
Дзеці ў нас у прыярытэце, асабліва сіроты, інваліды, выхадцы з мнагадзетных, няпоўных, малазабяспечаных сем’яў. Кожны год выязджаюць на аздараўленне дзеці, якія жывуць ў зоне перыядычнага радыяцыйнага кантролю. Вось і цяпер вучні Хоўхлаўскай і Хажоўскай школ адпачываюць у дзіцячым рэабілітацыйным цэнтры «Надзея». У мінулым годзе ўсімі відамі аздараўлення было ахоплена 8651 дзіця, сёлетнія планы на такім жа ўзроўні. А ўсяго у 2017-м удалося аздаравіць 9383 чалавекі. Планавае заданне выканана на 139,2 працэнта. Усе заяўкі камісій па аздараўленні выкананы ў поўным аб’ёме.
— З надыходам вясны пачынаецца і новы этап у вашай рабоце, падрыхтоўка да летняй аздараўленчай кампаніі. Якія яе асаблівасці?
— Як і ў мінулыя гады, галоўны акцэнт будзе зроблены на аздараўленне дзяцей, рэалізацыю праграмы «Нашы дзеці». На базе ўстаноў адукацыі будуць працаваць кругласутачныя, дзённыя аздараўленчыя лагеры, стварацца профільныя і спартыўныя. Санаторыі таксама чакаюць як юных наведвальнікаў, так і дарослых. Тым, хто хоча падлячыцца ў беларускіх здраўніцах ў другім і трэцім кварталах, самы час звярнуцца па месцы працы ў камісіі па аздараўленні.
І яшчэ адно важнае паведамленне для пенсіянераў, якія стаяць на ўліку на атрыманне пуцёвак. Калі ў вас змяніўся нумар кватэрнага тэлефона, абавязкова паведаміце нам па тэлефоне 77-79-25 для таго, каб мы маглі звязацца з вамі і прапанаваць пуцёўку.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.