Новости Молодечно и Молодечненского района

Орден Матери вручили двум молодечненкам

  • 2018-12-04 12:01:18
  • Анжаліка Крупянькова


Уручыў ім узнагароды, прадугледжаную дзяржавай грашовую дапамогу і шыкоўныя букеты старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў. Урачыстая цырымонія адбылася перад пачаткам чарговага пасяджэння райвыканкама. Кіраўнік раёна пажадаў мнагадзетным мамам і іх сем’ям дабрабыту, здароўя, здзяйснення ўсіх планаў.

— Што вы адчуваеце, атрымаўшы такую высокую дзяржаўную ўзнагароду? – пытанне да віноўніц урачыстасці.

— Для мяне гэта вялікая гордасць, значная падзея ў жыцці. Дзякуй Прэзідэнту за такую высокую ацэнку мацярынства, за падтрымку! – дзеліцца ўражаннямі Вольга Пагуца.

Алена Гудзель і Вольга Пагуца.



Жанчына з вялікай любоўю расказвае пра сваіх дзяцей. Гаворыць, што яна даволі строгая мама, у кожнага са старэйшых сыноў і дачок ёсць свае абавязкі па доме – у вялікай сям’і інакш немагчыма. Галоўны здабытчык і кармілец – муж Аляксей Георгіевіч, які працуе вадзіцелем пагрузчыка на Мінскім мэблевым цэнтры. Старэйшая дачка Дар’я сёлета паступіла ў Мінскі прафесійна-тэхнічны каледж чыгуначнага транспарту. Яна прыгожа спявае, удзельнічае ў канцэртах і конкурсах, радуе сваімі поспехамі блізкіх. Ксенія вучыцца ў дзявятым класе Лебедзеўскай школы, цяпер яна засталася дома за старэйшую сястру, ва ўсім дапамагае маме. У вольны час любіць маляваць, захапляецца скрапбукінгам – вырабам прыгожых паштовак і іншых рэчаў з паперы. Трэцякласнік Віталік сябруе са спортам, з задавальненнем ходзіць у школе на секцыю па барацьбе. 2 снежня яму споўнілася 9 гадоў, адзначыў дзень нараджэння разам з раднёй і сябрамі. Мама прыдумала сцэнарый свята, спякла смачны торт.

— Мне кулінарыць вельмі падабаецца, я ж па прафесіі повар-кандытар, — гаворыць Вольга.

Малодшы сын Косця сёлета пайшоў у першы клас, а з Палінай, якой год і восем месяцаў, Вольга Аляксандраўна знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці. Да дэкрэта працавала рабочай па мыцці ў Лебедзеўскім дзіцячым садзе. Дарэчы, яна маладзечанка, пасля замужжа змяніла гарадскую прапіску на сельскую і ніколькі пра гэта не шкадуе. Пераканана, што на свежым паветры дзецям расці лепш. Сям’я жыве ў сваім доме, будуе новы – так што планы на будучыню грандыёзныя.

Алена Гудзель – прафесійная швачка, працуе ў ТАА «Белпа-мед», цяпер знаходзіцца ў водпуску па доглядзе малодшага сына Яна. Муж Алег Мікалаевіч – пчаляр лясгаса, на зімовы перыяд уладкоўваецца апальшчыкам. Старэйшая дачка Валерыя пасля заканчэння медкаледжа працуе медсястрой у прыёмным пакоі дзіцячай бальніцы, работа ёй вельмі падабаецца. Аляксандра, Вераніка і Раман вучацца ў СШ №5, шмат чым захапляюцца. Дзяўчынкам падабаецца маляваць, яны наведваюць студыю ў Палацы культуры. Алена Міхайлаўна расказвае, што ў адным з дэкрэтных адпачынкаў яна закончыла курсы цырульнікаў і цяпер стрыжэ, робіць прыгожыя прычоскі ўсёй сям’і. Муж па прафесіі рэзчык па дрэве, у двары іх дома па вуліцы Тапалёвай зрабіў дзіцячую пляцоўку з горкай.

— Калі сёння збіралася на ўрачыстасць, дзеці ў мяне пыталіся: «Мама, а твой ордэн залаты?» — з усмешкай гаворыць жанчына.

Па сутнасці, ён і сапраўды залаты, калі ўлічыць, колькі любові, клопату, трывогі, працы ўкладзена ў кожнага з пяцярых дзетак. Няхай яны растуць здаровымі і разумнымі, радуюць бацькоў сваімі поспехамі і будуць годнымі грамадзянамі сваёй краіны.

Фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.