
Яе біяграфія размешчана ў кнізе «Хто ёсць хто ў Рэспубліцы Беларусь. Нашчадкі шляхты і дваранства». Ёй прысвячалі палосныя артыкулы журналісты раённага і рэспубліканскіх выданняў. Вучоны аграном, сакратар парткама, намеснік кіраўніка сельгасгаспадаркі, дэпутат, стараста вёскі – гэта ўсё пра яе. Шчаслівая матуля, бабуля і прабабка. А яшчэ лаўрэат рэспубліканскай прэміі «Жанчына года-2009» у намінацыі «За ўклад у адраджэнне сяла» і «Чалавек года Міншчыны-2010». З нагоды 85-годдзя знаёмімся з Нінай СТАНЕВІЧ зноў.
Ніна Аляксандраўна нарадзілася 8 сакавіка, але яе жыццё і лёс нават з вялікай нацяжкай нельга назваць лёгкімі і святочнымі. А вось натхненнем для тысяч суайчынніц той, што адзначае ўласнае свята разам з Міжнародным днём жанчын, быць наканавана.

Мы сядзім з Нінай Аляксандраўнай у светлым, утульным пакоі, падлога якога ўся застаўлена вазамі з кветкамі. Пра тое, што ёй 85, нагадваюць хіба надзьмутыя залатыя шары-лічбы. А можа, які жартаўнік пераблытаў іх, і на самай справе гэтай прыгожай, актыўнай жанчыне не больш за 58? На гэты намёк яна ўсміхаецца: «Адзін толькі працоўны стаж 57 гадоў».
– Чаму вас не назвалі Мартай? – не магу не агучыць пытанне, якое карцела з моманту, калі даведалася дату нараджэння.
– Маю матулю ўсе звалі Мартай, хоць па дакументах была Марфа Адамаўна. А свята гэта для мяне ў некалькі разоў кратнае. Адзін унук нарадзіўся 7 сакавіка, другі – 8-га. Быў у маім жыцці яшчэ адзін дарагі і блізкі чалавек – мая кума, у якой дзень нараджэння 9 сакавіка. Уявіце толькі, як мы разам святкавалі ўсе дні нараджэння і Міжнародны дзень жанчын!
Нарадзілася Ніна Пляскач у Кабылках (цяпер Зоранька). З чацвярых дзяцей у сям’і была трэцяй. Бацькі – простыя людзі, працавітыя і вельмі веруючыя.
– Тата Аляксандр Піліпавіч не быў партыйны, але ведаў на памяць гісторыю КПСС, шмат чытаў. Напэўна, ад яго была цікавасць да вучобы і ў мяне, – расказвае Ніна Аляксандраўна. – Толькі добрае памятаю і магу сказаць пра сваю матулю, але чамусьці яна прытрымлівалася пазіцыі: «Закончыла сем класаў – і хопіць, настаўніцай не будзеш, а для даяркі гэтага больш чым дастаткова». Можа, так і было б, каб на сваім жыццёвым шляху не сустрэла вялікага чалавека Міхаіла Абрамовіча, настаўніка нашай школы. Ён хадзіў і хадзіў, літаральна абіваў парогі, каб толькі я вярнулася да вучобы.


– Якой вы былі вучаніцай?
– Сярэдняй, – хітра ўсміхаецца жанчына. – Была занадта актыўная з дзяцінства.
– А адзнакі якія былі? Ці мелі хоць адну двойку?
– Што вы? Маці б мяне за двойку… Але не ўсе і пяцёркі былі, па-рознаму. Любімымі прадметамі назаву літаратуру, матэматыку і фізкультуру. Урокі таксама не прагульвала, дысцыпліна была жалезная і ў школе, і ў класе.
Закончыўшы сем класаў, Ніна год хадзіла ў калгас на работу. І вось цэлы год настаўнік угаворваў яе вярнуцца да вучобы. Правільныя падыходы да бацькоў дзяўчыны ўсё ж знайшоў, і яна пайшла ў вячэрнюю школу. А адразу пасля дзявятага класа выйшла замуж у Гаеўцы.
З Іванам пазнаёміліся, дзякуючы яго цётцы, што жыла ў Кабылках. Хлопец прыязджаў да яе ў госці, так на танцах і прыгледзеліся, успыхнула ўзаемнае пачуццё. Маладой на вяселлі было ўсяго 18, жаніх на год старэйшы. У верасні адгулялі вяселле, а ў лістападзе яго забіраюць у армію, і не на год, як цяпер, на тры гады і чатыры месяцы.
– Увесь гэты час я пражыла са свекрывёй. Асобна хачу сказаць пра гэту залатую жанчыну, маю дарагую Аляксандру Васільеўну. Да яе прыйшло дзіця – яна вывучыла мяне ўсяму: як кахаць, як працаваць, як ставіцца да людзей, – блакітныя вочы маёй субяседніцы ў момант вільгатнеюць. Каб пазбавіцца ад гэтага здрадніцкага бляску, яна ўспамінае, як разам са свекрывёй хадзіла на танцы. – Уяўляеце? Аднойчы яна запытала, чаму я дома сяджу, на танцы не іду. Я і сумелася: муж служыць, а я танцаваць буду? Тады яна ўзяла мяне за руку і павяла: маладая – твой час танцаваць і ўсміхацца. Так і сядзела на лаўцы ў хаце, дзе ладзіліся танцы, каб людзі ў вёсцы нічога не прыдумалі і не сказалі пра маладую камсамолку.
Дарэчы, як толькі ў 17 гадоў Ніна Аляксандраўна ўступіла ў камсамол, ёй адразу ж даверылі кукурузаводчае звяно ў Зораньцы. Успаміны пра тое, як яна сабрала 15 дзяўчат, з якімі ўручную вырошчвалі кукурузу, і цяпер грэюць душу жанчыны. Кубкамі палівалі і падкормлівалі пяць гектараў новай культуры. Атрымалі высокую ўраджайнасць. І ўжо ў 1958 годзе Ніна Аляксандраўна трапляе на рэспубліканскі злёт маладых кукурузаводаў. Сваю першую грамату за працоўныя заслугі яна атрымала менавіта там – ад Міністэрства сельскай гаспадаркі з рук міністра.
– Пачынала працаваць са звеннявой Тэрэзай Клімашэўскай. Я літаральна ішла па яе слядах, – расказвае Ніна Аляксандраўна. – У гэты час да мяне зноў стаў падыходзіць Міхаіл Барысавіч: «Чаму не ідзеш далей вучыцца?» А я ўжо замужам – якая вучоба? Але напісала мужу ў армію, ці дазволіць пайсці ў дзясяты клас. Такім чынам і закончыла дзесяцігодку.

У 1963-м у Станевічаў нарадзіўся сын Ігар, праз тры гады – дачушка Ірына. У 1969 годзе, калі жанчына ўступіла ў партыю, атрымала даручэнне паступіць у інстытут. І зноў на выручку прыйшла свякроў, менавіта яна гадавала дзетак, пакуль Ніна Аляксандраўна вучылася на агранома ў Гродзенскім сельскагаспадарчым інстытуце.
Дарэчы, аграномам яна пачала працаваць, яшчэ не маючы дыплома. Неяк на адным сходзе старшыня суседняга калгаса паспрабаваў яе «завербаваць» і пераманіць да сябе. Ніна Аляксандраўна з’ездзіла паглядзець, паказалі ёй нават кватэру, якая толькі будавалася ў Маркаве. Канешне, умовы выдатныя, кар’ерны рост, усё спадабалася. Сваімі думкамі яна адкрыта падзялілася з кіраўніком гаспадаркі, дзе працавала. «Нікуды ты, дзяўчына, не пойдзеш! Будзеш тут!» – адразу ж прагучаў адказ.
– А ў гаспадарцы ўжо быў аграном, ды самы выдатны, з кім давялося сустрэцца ў жыцці, – Луцыя Браніславаўна Даржынкевіч. Разам з ёю і пачала працаваць, – расказвае жанчына. – І ведаеце што? Пасля інстытута яшчэ адзін – сапраўдны, практычны і жыццёвы – я закончыла з ёю.
Так, з 1973-га да 1985 года Ніна Станевіч працавала аграномам. У 1985-м яе выбіраюць сакратаром парткама калгаса. Тут пачалася зусім іншая старонка жыцця: людзі, мерапрыемствы, сходы… На гэтай пасадзе была пяць гадоў. Напэўна, нядрэнна сябе зарэкамендавала, без работы ў складаным 1990-м не засталася. Мучынскі прапанаваў жанчыне стаць яго намеснікам.
– Адзначу, што кіраўнікі мне ўсё жыццё трапляліся самыя лепшыя, сапраўдныя настаўнікі і дарадчыкі, – з удзячнасцю гаворыць мая субяседніца. – 30 гадоў працавала з Кашэўскім, 19 – з Мучынскім і 16 – з Завацкім. Калі прызначылі намеснікам, спачатку была па сацыяльных пытаннях, потым па ідэалагічнай рабоце, а пасля і па будаўніцтве, дапамагала па ўсіх кірунках, нават газіфікацыяй займалася. Усё, што ёсць па газіфікацыі ў Палачанах і Груздаве, – мая справа. Разабралася і ў будаўніцтве жылля і дарог. Мы на той час адзелі ў асфальт усе дарогі, вулачкі і пад’езды нашай калгаснай тэрыторыі. Добра было працаваць. Калі і здаралася пачуць у свой адрас крытыку, то гэта не сварыліся – вучылі, як зрабіць, каб было лепш для сябе, людзей, гаспадаркі.

Так, Ніна Аляксандраўна вучылася на агранома, а больш часу працавала з людзьмі і паперамі. На адпачынак выйшла толькі ў 2011-м – у 70 гадоў! Думаеце, уседзела дома? Не, калі запрасілі яшчэ два гады папрацаваць па дагаворы, не раздумваючы, згадзілася. За гэты час паспела закончыць будаўніцтва новай сушылкі і правесці рэканструкцыю кароўніка ў Аборку.
– Аглядаючыся на 57 працоўных гадоў, якая справа была бліжэй да душы? Вырошчваць ураджай аграномам або кіраваць парткамам ці будаваць дарогі?
– Шчыра скажу: мне падабалася ўся работа. Але найбольш я любіла, люблю і буду любіць да канца сваіх дзён людзей. Усё, што я рабіла, разам з людзьмі і для людзей. І, паўтаруся, мне заўсёды з імі шанцавала. Нават цяпер знайшла паразуменне і падтрымку ў чалавека, з якім ні дзянька не працавала разам. Гавару пра сённяшняга кіраўніка гаспадаркі Дзмітрыя Грамовіча. Слаўны чалавек, сапраўдны прафесіянал і сучасны кіраўнік. Але ў адносінах да людзей, у імкненні ім дапамагчы, зрабіць нешта добрае і прыемнае мы вельмі падобныя. На «агеньчык» для ветэранаў калгаса сабралі амаль сотню чалавек! Юбілей гаспадаркі адзначылі яшчэ больш маштабна. Безумоўна, сіла ў адзінстве думак, учынкаў і саміх людзей, але яго падтрымка ў арганізацыі вельмі важная.

Дарэчы, першае свята вёскі ў раёне адбылося ў Зораньцы. Можна і не сумнявацца, які ўдзел у арганізацыі мерапрыемства прыняла Ніна Аляксандраўна.
Яшчэ больш, чым кветак у доме пасля юбілею, у Ніны Аляксандраўны ўзнагарод. Толькі грамат рознага ўзроўню 96! З усіх іх жанчына асабліва выдзяляе тры ўзнагароды, самыя важкія для сэрца і напрацаваных рук: сваю першую грамату, якую атрымала ад міністра сельскай гаспадаркі ў 18 гадоў, ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга і Удзячнае пісьмо ад Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. А найвышэйшай узнагародай свайго жыцця лічыць людзей, з якімі ішла поруч 85 гадоў і якія акружаюць жанчыну сёння.

Марына ПУЦЭЙКА
Фота: аўтар і архіў Ніны СТАНЕВІЧ