Новости Молодечно и Молодечненского района

Новы пашпарт – у 100 гадоў

  • 2024-02-03 12:11:49
  • Анжаліка Крупянькова

Яго ўручыў сёння жыхарцы вёскі Асавец Лідзіі Мушавец старшыня Чысцінскага сельвыканкама Павел Філістовіч.



Свой стогадовы юбілей Лідзія Дарафееўна сустрэла не толькі з роднымі людзьмі, але і з калегамі з Чысцінскай СШ. Шмат дзесяцігоддзяў яна працавала настаўніцай пачатковых класаў, навучыла чытаць і пісаць некалькі пакаленняў мясцовых жыхароў.
«Былых настаўнікаў не бывае!», - зазначыла, віншуючы юбілярку, начальнік упраўлення па адукацыі Маладзечанскага райвыканкама Людміла Каханоўская.



Дарэчы, Лідзія Мушавец адзіная з настаўнікаў нашага раёна дасягнула 100-гадовага ўзросту. Жыццё яе не назавеш лёгкім, у ім было нямала выпрабаванняў. Аднак яна ніколі не дазваляла сабе раскісаць, шмат працавала, старалася заўсёды дапамагаць людзям. Лідзія Дарафееўна цяпер жыве ў сына Міхаіла ў Красным, аб ёй клапоціцца ўнучка Жанна. А ўсяго ў доўгажыхаркі 7 унукаў, 7 праўнукаў, 4 прапраўнукі. Яна па-ранейшаму любіць чытаць, можа размаўляць на польскай і нямецкай мовах, у курсе ўсіх падзей у краіне і свеце. А сакрэт свайго доўгажыхарства тлумачыць проста: “Кожны сам адказвае за сваё здароўе. Колькі сам сабе назначыш, якую дасі ўстаноўку – столькі і пражывеш!”



Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.