Новости Молодечно и Молодечненского района

Не толькі ўвосень работ восем

  • 2024-08-15 07:21:00
  • Татьяна КНЯЗЕВА

Здаецца, толькі нядаўна мы радаваліся першаму вясноваму сонейку, удыхалі дурманлівы водар бэзу і чаромхі, а вось ужо і жнівень надышоў – апошні месяц лета.

За гэты час многае было: і спякота, і праліўныя дажджы, пачынаючы з ліпеня завіталі і густыя туманы. Нават ад паўночнага цыклона з незвычайнай назвай «Ігар» пацярпелі... А працы колькі! Толькі паспявай! Перавялі крыху дыханне ад «нашэсця» ягад – убралі, намарозілі ды ў слоікі нарыхтоўкі закрылі, як раптам пайшлі памідоры, яблыкі ды грыбы. І трэба ж гэта ўсё багацце ўпарадкаваць: вельмі шкада будзе, калі прападзе.

Назва месяца «жнівень» раскрывае яго сэнс: «Жнівень жне і косіць – на сталах багацця досыць», адлюстроўвае гарачую пару і нагадвае пра сялянскую працу. «Кожная хата ў жніўні багата», «Што ў полі ўродзіць – жнівень знаходзіць», «Хто ў жніўні гуляе, той зімой галадае» – вось толькі некаторыя народныя прымаўкі пра гэты летні месяц, і ўсе яны звязаны з адказнай працай гаспадара і гаспадыні ды багатым ураджаем.

Але на гэты месяц прыпадае шмат і святочных дзён. Адзначылі Ілью, наперадзе чакаюць Мядовы, Яблычны ды Арэхавы Спасы. І, безумоўна, галоўнае свята ўраджаю, свята заканчэння жніва – Дажынкі. Так, у прыродзе ўсё прадумана: пасля працы і пра адпачынак нельга забываць. Дык няхай кожнага з нас жнівень у гэты і наступныя гады радуе шчодрым ураджаем, дорыць толькі добры настрой, а ў кожным доме будзе багацце на сталах і ў душы!

Таццяна КНЯЗЕВА