— Сабак мы падбіралі на вуліцы ці прыносілі знаёмыя і сябры. Ведалі, што пашкадуем. Выходжвалі, лячылі. Для некаторых шукалі новых гаспадароў і аддавалі «ў добрыя рукі», кагосьці пакідалі сабе і любілі, як членаў сям’і, — расказвае Таня.
Колькі іх прайшло праз сям’ю — дакладна ўжо і не ўспомніць. Мабыць, каля двух дзясяткаў. Ірына Міхайлаўна катэгарычная: «Усе былі выключнага розуму жывёлы! А Белка нават выратавала суседцы жыццё!».
— У канцы 1970-х гадоў у горадзе арудаваў бандыт, душыў жанчын. Цётка Паліна прыехала з Масквы, вярталася ў чатыры гадзіны раніцы з вакзала з цяжкімі сумкамі. Яе дагнаў хлопец і на ганку пад’езда схапіў, заціснуў рукамі нос і рот. На дыванку ля дзвярэй нашай кватэры спала Белка (яна гуляла самастойна, суседзі пускалі яе дамоў). Сабака, пачуўшы падазроныя гукі, падняў гвалт, брэх падхапілі яшчэ два маленькія сабачкі з першага паверха. Гэта надало ахвяры ўпэўненасці, і яна пачала супраціўляцца. Злачынец уцёк.
Мама і дачка пачынаюць успамінаць сваіх гадаванцаў — з усмешкай і слязьмі, што час ад часу напаўняюць іх вочы.
Зараз у сям'і жывуць Бат і Эма -- сабакі пароды басет-хаунд.
... Малюсенькім Блэка знайшлі ў снезе. Па словах гаспадынь, ён ні разу нічога не сапсаваў у доме. Суседзі па пад’ездзе запрашалі яго на бліны, а сабака за гэта іх забаўляў: станавіўся на заднія лапы, паднімаў адну пярэднюю і заміраў нерухома. Смеху было!
Чак, якога шчанюком выкармілі з піпеткі, пражыў у сям’і ажно 17 гадоў. Быў выдатным ахоўнікам. У канцы жыцця страціў перастаў бачыць і чуць.
-- Апошнія два гады мы штодня выносілі яго на руках гуляць на вуліцу. Суседзі пастаянна цікавіліся: як там здароўе Чака? Калі стала зразумела, што жывёла пераносіць фізічныя пакуты, давялося наняць чалавека, каб адвёз яго ўсыпіць. Самі не змаглі, -- кажа Таццяна.
Яшчэ жылі тры сабакі пароды баксёр. Чарлі прывялі з вуліцы зімой з кавалкам металу ў лапе. Далі снатворнага, дасталі гэты кавалачак. Падгаілі рану, пачалі распытваць мясцовых сабакаводаў, чый гэта можа быць гадаванец. Гаспадар знайшоўся, але Чарлі не хацеў сыходзіць, давялося забіраць сілай. Як аказалася, мужчына жорстка з ім абыходзіўся.
— Гэты сабака ўцякаў да нас тройчы. І ў апошні раз гаспадар ударыў яго прама ў нашай кватэры. На развітанне Чарлі з такім дакорам паглядзеў на нас... і больш не прыходзіў. Ад гаспадара таксама неўзабаве ўцёк і знік. Можа, ён адчуваў і нашу здраду? — сумна гаворыць Таццяна.
Джэка, якога хтосьці прывязаў у лесе вяроўкай да дрэва, знайшоў і прывёў да Тані яе сябар. Сабака пражыў у сям’і сем гадоў. Любіў падарожнічаць, быў гатовы заскочыць да незнаёмых людзей у машыну і з’ехаць. Любіў гуляць з дзецьмі, зімой катаў іх на санках. Таня не стрымлівае слёз, калі ўспамінае Філа, таксама сабаку пароды баксёр, які «ўмеў гаварыць слова «мама» і пажыў у іх вельмі мала.
— Нашы сабакі раней былі на вольным выгуле, і ў нас ніколі не ўзнікала канфліктаў з іншымі людзьмі, — гаворыць гаспадыня.
Дарэчы, у дзяцінстве бацькі дазвалялі Тані заводзіць любую жыўнасць, і даглядаць яе было любімым заняткам дзяўчынкі.
— На дачы мы гадавалі куранят, а потым проста аддавалі людзям. Як можна спачатку гадаваць і любіць, а затым з’есці? – не разумеюць мама і дачка.
А вось ката Шурыка (у час нашай размовы ён быў побач) прынёс бездапаможным і сляпым Танін сын Мацвей са словамі: «Мама, хто, калі не ты?». Напэўна, дабрыня перадаецца ў спадчыну.
Мара з сабачага прытулку
Цяпер пад адным дахам з Ірынай Міхайлаўнай, Таццянай, яе мужам Сяргеем і сынам Мацвеем жывуць істоты каралеўскага выгляду – два сабакі пароды басет-хаўнд. У жывёл падобны лёс: яны сталі непатрэбныя ранейшым гаспадарам.
— У дзяцінстве па дарозе ў школу я часта сустракала чалавека, які вёў дужых нізкіх сабак з доўгімі вушамі. Мне яны запалі ў душу, можна сказаць, што гэта была мая патаемная мара, — гаворыць Таццяна. – Неяк чатыры гады таму сын пакінуў мой тэлефон валанцёрам, якія шукалі праз сацыяльныя сеткі ў групе дапамогі паляўнічым сабакам новых гаспадароў для такога сабакі. І мне патэлефанавалі з Мінска. Вядома, гэта быў сюрпрыз...
Гаспадыня расказала пра тое, што Бат, Буся – сабака з цяжкім характарам, можна сказаць, праблемны. Іх сям’я — пятыя па ліку гаспадары. Да гэтага Бат жыў у прыватным доме, у вялікай сабачай кампаніі, рабіў падкопы і адводзіў усіх у лес. Яго каралі.
— Я забірала сабаку на вакзале і вельмі хвалявалася. Памятаю, купіла кілаграм пячоначнага паштэту. Наша знаёмства пачалося з таго, што ён адмовіўся ісці са мной, давялося ўгаворваць яго цэлую гадзіну.
Дома Бат спачатку дэманстраваў, што ён -- галоўны. Потым прызнаў «важаком зграі» мяне, ахоўваў і кусаў усіх астатніх, раўнаваў. Давялося прайсці курс навучання ў кінолага, які расказаў пра псіхіку сабакі, патлумачыў правільную лінію паводзін і нам. Бат быў на мяжы смерці з-за ўкусу кляшча, але, мабыць, яму наканавана было жыць: адзіная ўпакоўка патрэбных лекаў у аптэках горада дасталася яму.
А яшчэ праз два гады ў сям’і з’явілася Эма.
Ірына Міхайлаўна і Таццяна са сваімі гадаванцамі.
Думалі, што ненадоўга, пакуль валанцёры знойдуць ёй новы дом. Але мы прывыклі і праз колькі тыдняў вырашылі пакінуць яе. Знайсці жыллё і новага гаспадара для дарослага буйнога сабакі даволі цяжка, — тлумачыць Таццяна і раскрывае «сямейныя таямніцы». — Эма ў нас нічога не ўмее. Яна ў нас дзяўчынка-прыгажуня: не слухаецца, вые ў адзіноце, плача, калі трэба абрэзаць кіпцюры.
Бат і Эма — добрыя і таварыскія, асабліва прыязныя да дзяцей і пажылых. Удзельнічаюць у фотасесіях у Мінску. Нягледзячы на вялікія памеры, ядуць сабакі раз на дзень і не вельмі шмат. Ласуюцца кававым напіткам, любяць сырую агародніну і садавіну. Гаспадыня звяртае ўвагу: выбіраюць толькі самыя прыгожыя яблыкі! А ў дрэннае надвор’е замест прагулкі лепш паспяць — і абавязкова на канапе.
Сваіх гадаванцаў Таццяна выводзіць на прагулку, як правіла, па вечарах на паўтары-дзве гадзіны туды, дзе менш людзей. Стараецца часцей прыбіраць лесвічную пляцоўку і абавязкова за сабакамі на вуліцы. Яна ўдзячная суседзям за тое, што яны не супраць сабак, і падкрэслівае, што ў іх вельмі дружны пад’езд.
— Калі я іду па вуліцы з Батам і Эмай, людзі звяртаюць на нас увагу, распытваюць, адкуль у мяне такая прыгажосць. Здзіўляюцца, што я не займаюся развядзеннем. Многія не ведаюць, што ў інтэрнэце ёсць групы дапамогі сабакам, у тым ліку пародзістым, ад якіх гаспадары адмаўляюцца па самых розных прычынах, — гаворыць Таццяна. — Я заўсёды расказваю ім пра гэта. А яшчэ пра тое, што, на жаль, шматлікіх жывёл усыпляюць. Дык чаму не выратаваць жыццё, нават калі размова ідзе пра сабаку? Навошта наогул купляць сабак, калі на свеце ёсць бяздомныя?
І сапраўды, бадзяжныя сабакі, кошкі нікога не здзіўляюць. Яны бегаюць у пошуках ежы і цёплага кутка, зазіраюць у вочы прахожым. Толькі рэальна дапамагаюць ім асаблівыя людзі, якія ўмеюць не толькі разважаць пра любоў да жывёл, але і любіць.