Новости Молодечно и Молодечненского района

Наша сядзіба. Ларыса Жалабковіч з вёскі Адамавічы

  • 2019-09-09 07:24:16
  • Анжаліка Крупянькова

Аказваецца, гэта адна з прыдумак Ларысы Жалабковіч, гаспадыні сядзібы. Участак ля дома вялікі – 30 сотак, большая частка адведзена пад агарод, парнік. Але і для газона, упрыгожанага кветкамі і рознымі фігурамі, месца хапае.

Калі толькі адчыняеш брамку, разумееш: у гэтым двары часта гуляюць дзеці. І сапраўды, у Ларысы Віктараўны шасцёра цудоўных унукаў. Старэйшы,
19-гадовы Мікіта, ужо выдатна спраўляецца з пакосам газона. Даша, Гардзей, Малання – школьнікі, дзве Арыны яшчэ ходзяць у сад. Бабуля клапоціцца пра ўсіх, з траімі ўнукамі нават была ў дэкрэтным водпуску, адпускала дачок на работу. Калі дзеці падрасталі, іх цацкі станавіліся непатрэбнымі, і Ларыса Віктараўна нязменна гаварыла сваім тром дочкам: «Збірайце ў мех і вязіце ў Адамавічы!». І там знаходзіла ім прымяненне. Усе яны цяпер «працуюць» у двары. Вялізны кракадзіл стаіць за штурвалам – колам ад старадаўняга калаўрота. Рагулі больш пашанцавала: яна гойдаецца на арэлях, пакуль меншыя ўнучкі яе не прагоняць. У калясцы, у якой некалі гадавалася Малання, спіць адна з лялек. А гушкае яе сімпатычная бабуля ў рост чалавека, якую пашыла Ларыса Віктараўна і прыбрала ў свой велюравы халат. На другой палове двара – курортная зона. На блакіце імправізаванага возера плаваюць лебедзі, а на беразе пад пальмай сядзяць дзед з бабкай з саламянымі галовамі. Іх майстравалі дочкі Ларысы Віктараўны Іна, Вольга і Паліна. Непадалёк – сапраўдны замак з купаламі, зробленымі з чыгункоў, у якім некалі варылі бульбу ды кашу ў печы.

Гаспадыня расказвае, што ад дома да яе гарадской кватэры ў Маладзечне напрасткі 15-20 хвілін пешшу. У Адамавічах цяпер маладыя сем’і купляюць дамы, жывуць тут пастаянна. У вёску падведзены прыродны газ, вада. Калі ж Ларыса Віктараўна ўпершыню пераступіла парог дома, гарадскіх выгод не было. Гэта сядзіба бацькоў яе мужа. Свякроў Таццяна Васільеўна тут нарадзілася, свёкар Мацвей Іосіфавіч родам з Лагойшчыны, прыйшоў сюды ў прымы. Калі Ларыса выйшла замуж за свайго Вячаслава, у гэтым доме спраўлялі іх вяселле, а ў суседнім былі танцы. Жанчына расказвае, што ў 1970-я гады ў Адамавічах дамы стаялі больш простыя, не такія заможныя, але было весялей, людзей жыло больш. У выхадныя дні ўсе сядзелі на лавачках на вуліцы, мужчыны гулялі ў карты, жанчыны размаўлялі. Цяпер жа многія дамы прыстасаваныя пад дачы. На жаль, чатыры гады няма ўжо мужа Вячаслава Мацвеевіча. Ён працаваў слесарам-зборшчыкам на «Электрамодулі», на прадпрыемстве «Эком», неаднойчы адзначаўся як выдатны работнік, пра яго расказвала наша газета. Усяго 62 гады было яму адпушчана лёсам. Ларыса Віктараўна разам з дочкамі, зяцямі Аляксеем, Андрэем і Ягорам даглядае сядзібу.

— Бацькаўшчыну трэба берагчы! – пераканана жанчына.
Летам разам з ёю тут жылі ўнукі – яе радасць і ўцеха. Для іх і стараецца ўпрыгожыць сядзібу. А яны са здзіўленнем знаходзяць тут свае старыя цацкі то на сцяне, то на парэчкавым кусце.

— Усёй сям’ёй збіраемся на выхадныя, на святы. Вось і Дзень ведаў адзначылі. У нас жа тры школьнікі – Даша, Гардзей і Малання і адзін студэнт: Ягор, муж малодшай дачкі, паступіў у Полацкі ўніверсітэт на інжынерна-будаўнічы факультэт.

Па спецыяльнасці Ларыса Віктараўна тэхнік-тэхнолаг па кансерваванні. У гэтай справе яна разбіраецца, робіць нарыхтоўкі на зіму. Расказвае, што сёлета агародніна парадавала ўраджаем. Паспявае руплівая гаспадыня і кветкі дагледзець. У пачатку восені зялёны газон расквечваюць яе любімыя аксаміткі, астры, вяргіні, хрызантэмы, флёксы. А пасярод участка набіраецца моцы невялічкая елачка. Падрасце – будуць унукі на Новы год вадзіць карагоды, не дадуць засумаваць бабулі не толькі летам, але і зімой.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.

Паважаныя сябры!
Гэты матэрыял з’явіўся дзякуючы нашай чытачцы, якая патэлефанавала ў рэдакцыю і падказала адрас. Калі і вам ёсць што расказаць пра сваю сядзібу – запрашайце, мы прыедзем, сфатаграфуем. Падказвайце адрасы сяброў, сусе-
дзяў, знаёмых.

Тэлефануйце па нумары 77-19-61.