Быў вучнем Барыса Кіта
Жыццёвы шлях Кастуся Іванавіча быў складаным, цярністым, напоўненым выпрабаваннямі, аднак ён захаваў свае высокія чалавечыя якасці, свой талент, не ачарсцвеў душой, быў Асобай з вялікай літары.
Нарадзіўся Кастусь Харашэвіч 6 ліпеня 1927 года ў працавітай сялянскай сям’і ў вёсцы Літва Маладзечанскага раёна. У 1933 годзе яго сям’я пераехала ў Гарадзілава. Там з шасці гадоў Кастусь пайшоў у мясцовую сямігодку. З таго часу ў хлопчыка пачала праяўляцца прага да ведаў, цікаўнасць да музыкі, схільнасць да выяўленчага мастацтва. У 1942 годзе ён стаў вучнем Маладзечанскай гандлёва-адміністрацыйнай школы, якой кіраваў сусветна вядомы вучоны ў галіне астранаўтыкі Барыс Кіт. Пасля вызвалення Беларусі восенню 1944 года Кастусь стаў студэнтам філалагічнага факультэта Белдзяржуніверсітэта. Аднак з-за вучобы ў гандлёва-адміністрацыйнай школе пасля зімовай сесіі Харашэвіча выключылі з універсітэта. Ён вымушаны быў вярнуцца ў 10 клас Маладзечанскай СШ №1, пасля заканчэння працаваў у ёй настаўнікам пачатковых класаў. З-за сямейных абставін прадоўжыў настаўніцкую работу ў Гарадзілаўскай СШ.
У верасні 1949 года Кастусь Харашэвіч стаў студэнтам Віленскага мастацкага інстытута, але ў снежні яму забаранілі вучыцца. Уладкаваўся ў Вільні слесарам на заводзе, а ў вольны час рабіў замалёўкі на розныя сюжэты. Праз тры гады зноў вытрымаў уступныя экзамены ў Віленскі мастацкі інстытут, аднак на вучобу не быў залічаны.
Восенню 1953 года Кастусь Іванавіч вярнуўся ў Гарадзілава, працаваў загадчыкам Беразінскага клуба. З-за вучобы ў гады вайны ў гандлёвай школе яго не прынялі ў Мінскі тэатральна-мастацкі інстытут. Толькі ў 31 год у 1958-м ён закончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Уладкаваўся ў Маладзечне ў мастацкую майстэрню пры камбінаце бытавога абслугоўвання, жыў у Гарадзілаве. Спрабаваў паступіць на вячэрняе аддзяленне Мінскага тэатральна-мастацкага інстытута, але яму ў гэтым было адмоўлена.
Разам з вядомай мастачкай Ядвігай Раздзялоўскай Кастусь Харашэвіч стаў стваральнікам у нашым горадзе студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. У 1959-1973 гадах ён кіраваў студыяй, выхаваў цэлую плеяду творцаў. Таксама ён быў кіраўніком мастацкай майстэрні ад Мінскага мастацка-вытворчага камбіната, кіраўніком гарадскога аддзялення Саюза мастакоў Беларусі.
Стварыў партрэты вядомых беларусаў
У 1965 годзе Кастусь Іванавіч ажаніўся з настаўніцай беларускай мовы СШ №2 Надзеяй Рыгораўнай, якая стала для яго сапраўдным сябрам, дарадцам, памочнікам. У сям’і Харашэвічаў нарадзіўся сын Алег. У 1969 годзе Кастусь Харашэвіч уступіў у Саюз мастакоў Беларусі, атрымаў кватэру, сям’і стала жыць лягчэй.
З 1960-х гадоў мастак быў пастаянным удзельнікам мясцовых і рэспубліканскіх выставак. У кастрычніку 1977-га ў памяшканні Саюза мастакоў Беларусі ў Мінску адбылася выстаўка твораў нашага земляка, прымеркаваная да яго 50-годдзя. Яна выклікала станоўчыя водгукі знаўцаў і аматараў мастацтва. Неўзабаве ён атрымаў у Маладзечне памяшканне для ўласнай творчай майстэрні.
Вялікім, ні з чым не параўнальным горам стала для Кастуся Іванавіча раптоўная смерць сына Алега, на той час студэнта. Ён пайшоў з жыцця 6 студзеня 1988 года. Гэта выклікала ў бацькі вялікі стрэс, ён перанёс два інфаркты, атрымаў інваліднасць ІІ групы.
У сярэдзіне 1990-х гадоў склаліся вялікія фінансавыя цяжкасці з арэнднай платай за ўтрыманне творчай майстэрні. У зімовы час месячны кошт складаў палову пенсіі мастака. Тады па хадайніцтве загадчыцы аддзела культуры Надзеі Сідарэнка гарвыканкам вызваліў мастака як пенсіянера і інваліда ад аплаты. Гэта дало яму магчымасць прадоўжыць сваю мастацкую дзейнасць, за што ён у сваёй кнізе «Зведанае і перажытае» выказаў Надзеі Іванаўне вялікую ўдзячнасць. Мастак прымаў удзел у грамадска-палітычным жыцці. Быў у цёплых адносінах з Барысам Кітом, Генадзем Каханоўскім, Міколам Ермаловічам. У 1998 годзе яго ўзнагародзілі медалём Беларускага саюза мастакоў (да 1992 года Саюз мастакоў Беларусі) «За заслугі ў выяўленчым мастацтве».
З пачатку 2000-х гадоў Харашэвіч працаваў над стварэннем галерэі партрэтаў дзеячаў гісторыі і культуры, знакамітых землякоў. Сярод іх Янка Купала, Францішак Багушэвіч, Барыс Кіт, Браніслаў Тарашкевіч і іншыя. У 2004 годзе ён выдаў кнігу «Зведанае і перажытае» аб сваім няпростым жыцці.
Кастусь Іванавіч -- аўтар звыш 500 карцін, многія з якіх адлюстроўваюць знакавыя падзеі ў гісторыі Беларусі. Лепшыя яго творы захоўваюцца ў Нацыянальным мастацкім музеі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, літаратурным музеі Янкі Купалы і іншых, а таксама ў прыватных зборах. На працягу больш чым 40 гадоў ён плённа супрацоўнічаў з Мінскім абласным краязнаўчым музеем, дзе захоўваецца 30 яго твораў, з якіх амаль палова падарункі аўтара. Пастаянная экспазіцыя яго карцін знаходзіцца ў філіяле Літаратурнага музея Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне.
Яго імя -- у Сусветнай энцыклапедыі мастацтва
Мастак унёс вялікі ўклад у фарміраванне маладзечанскага мастацкага асяроддзя, стаў значнай асобай у гісторыі беларускага жывапісу. Яго імя занесена ў Сусветную энцыклапедыю мастацтва, у Беларускую энцыклапедыю.
Аб мастацкіх вартасцях Кастуся Харашэвіча яскрава сведчаць выказванні вядомых мастацтвазнаўцаў Беларусі. Валянціна Трыгубовіч адзначыла: «Пейзажы Кастуся Іванавіча -- гэта заўсёды ўспамін, роздум. Пра перажытае ім самім, яго роднымі і аднавяскоўцамі, усім народам. Таму мінорная мелодыя прысутнічае амаль усюды. Але… больш шырока, магутна гучыць замілаванасць родным краем, плёнам працы землякоў, адвечнай сілай жыцця, нязломнасцю чалавечага духу, несмяротнасцю мастацтва».
Андрэй Янкоўскі: «Творы Харашэвіча -- гэтага самабытнага беларускага мастака -- немагчыма зблытаць з іншымі, таму што акрамя выдатных мастацкіх якасцей і арыгінальнай манеры, ёсць у іх такое, што закранае патаемнае ў душы кожнага».
Мастак Мікола Аўчыннікаў, якога звязвалі з Кастусём Іванавічам творчы шлях і сяброўства, распавядаў: «Мне пашчасціла, што лёс даў магчымасць быць побач. Кастусь Іванавіч быў вельмі патрабавальны да сябе. Таму яму па сілах былі грунтоўныя, важкія, «арганныя» творы. Ён заўсёды імкнуўся да дасканаласці нават у дробязях. Можна сказаць, што на яго палотнах занатаваны лёс Беларусі».
Мне пашанцавала быць у добрых адносінах з Кастусём Іванавічам. З беражлівасцю захоўваю кнігу яго ўспамінаў «Зведанае і перажытае», каталог «Старонкі жыцця і творчасці. Кастусь Харашэвіч» з даравальнымі подпісамі мастака, а таксама каталог «Кастусь Іванавіч Харашэвіч. Жывапіс», літаратурна-мастацкае выданне «Кастусь Харашэвіч».
Закончылася зямное вандраванне Кастуся Іванавіча на 87-м годзе жыцця 12 ліпеня 2013 года. Аднак памяць пра яго ніколі не згасне.
Прыемна адзначыць, што да 90-годдзя з дня яго нараджэння ў гарадскім Палацы культуры ў кастрычніку 2017 года ладзілася выстаўка «Край мой родны, край мой мілы…». Урачыстае яе адкрыццё арганічна ператварылася ў вечар памяці, на якім выступоўцы стварылі шматгранны партрэт мастака.
Выклікае задавальненне выхад кнігі «Кастусь Харашэвіч» у серыі «Славутыя мастакі Беларусі» -- сумесны праект выдавецтва «Беларусь» і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь. У сакавіку 2021 года адбылася яе прэзентацыя ў гарадскім Палацы культуры.
Барыс БАРОЎСКІ.
Фота: Аляксей ПЛАТКО, інтэрнэт-рэсурсы.