— Трэба, каб тэхніка загадзя была падрыхтавана да палявога сезона, — гаворыць Дзмітрый Уладзіміравіч. — Тады непрыемнасцей не будзе. Акрамя трактара рыхтую навясныя і прычапныя агрэгаты. Плугі, напрыклад, ужо некалькі дзён на лінейцы гатоўнасці. Часу да пасяўной засталося мала. Неабходна, каб кампанія прайшла на высокім узроўні.
Субяседнік працуе ў «Заскавічах» дзявяты год. Нарадзіўся ён у Смаргоні. У каледжы набыў спецыяльнасць сталяра-станочніка. На Маладзечаншчыну пераехаў разам з жонкай Веранікай Міхайлаўнай (яна працуе ў аддзеле кадраў таварыства). Жыллём сям’ю забяспечыла гаспадарка. Муж і жонка выхоўваюць дваіх дзяцей — дзевяцікласніка Аляксандра і шасцікласніцу Мілану, якія вучацца ў Заскавіцкай школе.
— Тэхніку люблю, таму асвоіць прафесію трактарыста-машыніста было няцяжка, — працягвае Дзмітрый Міхалоўскі. — У першы год работы ў гаспадарцы быў памочнікам камбайнера. Затым перасеў на трактар, а некалькі гадоў таму — на новы энерганасычаны «Беларус». З ім у гарачы сезон не расстаюся ад цямна да цямна.
Перадавік вытворчасці ў асноўным задзейнічаны на ворыве і корманарыхтоўцы. Ён рыхтуе глебу пад сяўбу яравых і азімых культур. Ад яго ў многім залежыць рацыён сельскагаспадарчай жывёлы. Работы на вёсцы заўсёды хапае. У водпуск удаецца пайсці зімой. Але такі лад жыцця Дзмітрыя Уладзіміравіча задавальняе. Ён не прывык сядзець без справы, ды і ў гаспадарцы ўмелых спецыялістаў шануюць і паважаюць.
Субяседнік прызнаўся, што ў вольны час любіць быць з сям’ёй. Стараецца, каб у доме і на падворку быў парадак. Сярод яго хобі — рыбалка. У бацькі вучацца лавіць рыбу і дзеці.
— Працаваць у сельскай гаспадарцы нялёгка. Аднак калі ёсць паразуменне ў калектыве і падтрымка з боку кіраўніцтва, па сілах любое заданне, — адзначыў на развітанне Дзмітрый Міхалоўскі.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.