Новости Молодечно и Молодечненского района

На стале абрус бабулін, усёй Рабінавай святкуем

  • 2018-07-01 11:39:52
  • Анжаліка Крупянькова


Рабінавая першай у нашым раёне распачала летні карагод традыцыйных свят вёсак. З хлебам-соллю і песняй сустракалі мясцовыя жыхары гасцей зблізку і здалёк, частавалі дранікамі і дамашняй каўбаскай, пірагамі і хрушчамі. Вясёлая грамада скіравалася па вуліцы пад гукі гармоніка Віктара Сыракваша, незаменнага на такіх мерапрыемствах самабытнага музыканта з Заскавіч. Ля адной з хат у пачатку вёскі было асабліва ажыўлена. Тут жыла Надзея Бароўская, бабуля вядомай тэлевядучай Святланы Бароўскай. Унучка прыехала на свята з мамай Кацярынай Дзмітрыеўнай, якая тут нарадзілася і вырасла. Іх сустракала вялікая радня: Бароўскіх у Рабінавай ледзь не палова вёскі.

— Мая бабуля была вялікай модніцай. Вось, бачыце, яе лакавыя туфлі сорак пятага года, па тых часах вялікая рэдкасць. Уборы бабуля Надзя шыла ў вясковых краўчых. Бывала, прынясе дадому, прымерае, а калі што не спадабаецца — нажніцы схопіць і ў адзін момант падправіць, магла нават рукаў адарваць, — прыгадвае Святлана.

Расказвае, што бабуля строга сачыла, каб унучка-прыгажунька позна не затрымлівалася на вуліцы, каб хлопцы да яе не заляцаліся. Моладзь любіла збірацца на лаўцы ў двары Барэйкаў, дзе жыла сяброўка Святланы Нэла. Сядзелі па парачках, размаўлялі... Калі ж у брамцы з’яўлялася Надзея Максімаўна, каб паклікаць Свету дадому, тая паспявала ўскочыць з лаўкі. Але бабуля зоркім вокам заўжды прыкмячала, ля якога хлопца ўнучка толькі што сядзела…

— Я па характары ў бабулю – такая ж баявая і гаваркая, — прызнаецца тэлевядучая.
Родам з Рабінавай і вядомы краязнавец, пісьменнік Міхась Казлоўскі, які прысвяціў роднай вёсцы свае ўспаміны «Мае Быкі – мая радзіма». Яны ўвайшлі ў кнігі «Цяпло айчынных камянёў», «Бацькаўшчыны светлае крыло».

— Усё, што ў мяне ёсць лепшае, адсюль, з Быкоў. Маё шчасце ў тым, што я вырас сярод гэтых людзей. Аб адным шкадую: што ў юнацтве мала распытваў у іх пра жыццё. Часта адпасваў кароў з Мацеем Пятровічам, які вучыўся ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Колькі мог ад яго даведацца!

— Вось гэта хата Ганны Стасяловіч. Клуба ў вёсцы не было, і цётка Ганна пускала да сябе кіно круціць, ды яшчэ частавала кожнага, хто прыходзіў. А ў той хаце жыла Любоў Вяршыцкая, якая вучыла мяне маліцца, гаварыла, што трэба ўкленчыць і прасіць Бога аб здароўі. Я і да гэтага часу яе малітвы гавару, — ідзём мы па вясковай вуліцы разам з яшчэ адным вядомым выхадцам з Рабінавай кандыдатам хімічных навук, палкоўнікам у адстаўцы, краязнаўцам Барысам Бароўскім.

Ганарацца жыхары Рабінавай Сяргеем Троцкім, Валерыем Бароўскім, якія працавалі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, маюць званне маёра. Вогненнымі афганскімі сцежкамі прайшоў былы дэсантнік Аляксандр Капыш. Памятаюць тут дзесяцярых сваіх землякоў, якія не вярнуліся з Вялікай Айчыннай… У кожнага жыхара Быкоў-Рабінавай свае дарагія ўспаміны, ва ўсіх агульная любоў да роднай вёскі, гонар за яе працавітых людзей. Гэта адчувалася ў кожным слове вядучых свята Лізаветы Глябовіч і Аляксандра Алесюка. Благаславіў усіх прысутных настаяцель Палачанскай царквы айцец Павел. Са словамі прыві-
тання звярнуўся да вяскоўцаў і гасцей старшыня раённага Савета дэпутатаў Андрэй Паўкшта, уручыў падзячныя пісьмы райсавета былому паштальёну Таццяне Нявера, эканамісту СУП «Яхімоўшчына-Агра» Наталлі Антоненка.

Гэта свята, можна сказаць, «баявое хрышчэнне» маладога старшыні Палачанскага сельвыканкама Анастасіі Іода. Вельмі шмат намаганняў прыклала яна, каб арганізаваць такое маштабнае мерапрыемства, навесці парадак у вёсцы. Яна падзякавала за падтрымку мясцовым жыхарам, старшыні СУП «Яхімоў-
шчына-Агра» Уладзіміру Лазару. Анастасія Ігараўна ўручыла падарункі пераможцам конкурсу па добраўпарадкаванні Любові Ждановіч, Ніне Казлоўскай, Ганне Барэйка, Галіне Троцкай, Васілію Бароўскаму, Ганне Казлоўскай і іншым. Віталі са сцэны доўгажыхарак Ніну Казлоўскую і Анастасію Паляковіч, самага юнага жыхара Рабінавай сямігадовага Лёшу Няверу. «Горка!» крычалі сямейнай пары Любові і Васілію Бароўскім, якія 51 год разам ідуць па жыцці. Дарэчы, Васілій Мікалаевіч шмат гадоў з’яўляецца старастам вёскі, за работу брыгадзіра ён узнагароджаны ордэнамі Леніна і Працоўнага Чырвонага Сцяга. Залатое вяселле адзначылі сёлета Анастасія і Аляксандр Паляковічы.
Не абышлі ўвагай і шчырых сельскіх працаўнікоў. Былы старшыня саўгаса «Яхімоўшчына», цяперашні дырэктар камбіната хлебапрадуктаў Генадзій Бажко праз дзесяцігоддзі памятае прозвішчы руплівых жывёлаводаў Ганны Барэйка, Марыі Пятровіч, Ніны Казлоўскай, Ганны Казлоўскай, з удзячнасцю ўручыў ім падарункі.

— Я належу да таго пакалення, якое памятае Быкі, — гаварыў Генадзій Іванавіч. —  Я сам родам з Кабылак, што перайменавана ў Зораньку. Паглядзіце, якія ў нашым наваколлі  былі назвы вёсак: Кабылкі, Канюхі, Быкі, Цяляткі. Відаць, не проста так… А што тычыцца Быкоў, то мужчыны ў гэтай вёсцы заўсёды былі моцныя, жанчыны – прыгожыя. І ўсе надзвычай працавітыя. І сёння размаўляў з імі і дзівіўся: у іх ад спёкі агароды не гараць, усё родзіць…

Працоўную эстафету ад старэйшага пакалення перанялі сённяшнія працаўнікі сельскай гаспадаркі, якіх павіншаваў дырэктар СУП «Яхімоўшчына-Агра» Уладзімір Лазар. Прыемна было вяскоўцам бачыць і былога старшыню Палачанскага сельвыканкама Уладзіміра Станкевіча, які нагадаў, што першае свята вёскі прайшло ў 1986 годзе ў Зораньцы.

Цёплых слоў гучала ў гэты дзень багата. Падарункам для ўсіх былі канцэртныя нумары ўдзельнікаў мастацкай самадзейнасці Яхімоўшчынскага сельскага клуба, устаноў культуры раёна. Заключным акордам стала песня, прысвечаная Рабінавай, якую выканала жыхарка вёскі Груздава, удзельніца тэлешоу «Я магу» Кацярына Малец. А падпявала ёй уся вёска…

Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.