Новости Молодечно и Молодечненского района

На МТЗ заснавала працоўную дынастыю

  • 2026-02-01 09:36:00
  • Олег БЕГАНСКИЙ

З жыхаркай Повязыні Леакадзіяй ПАТАПОВІЧ мяне пазнаёміў стараста населенага пункта Вячаслаў РАБУШКА. Ён паведаміў, што Леакадзія Канстанцінаўна цікавы чалавек і ёй ёсць што расказаць карэспандэнту.

Нарадзілася жанчына ў Повязыні, аднак значную частку свайго жыцця пражыла ў Мінску. Працавала спачатку на сталічным велазаводзе, потым на Мінскім трактарным у гальванічным цэху. На заслужаны адпачынак выйшла ў 1994 годзе.

– На МТЗ мы працавалі ў тры змены, – гаворыць Леакадзія Патаповіч. – Кожную змену нам даводзіўся план, які мы абавязаны былі выканаць. Мінскія трактары былі запатрабаваныя ў былым СССР, пастаўляліся за мяжу. Нагрузка была вялікая, але ўсе разумелі, што робяць карысную справу.

Жанчына адзначыла, што гонар за трактары «Беларус» адчувае і сёння. Увогуле, з гэтай вытворчасцю ў яе шмат звязана. На МТЗ брыгадзірам працаваў яе муж Сцяпан, які ў свой час закончыў лётнае вучылішча, служыў у авіяцыі. Яго брыгада займалася рамонтам электрапад’ёмнікаў.

– Цяпер працоўную дынастыю на заводзе працягвае ўнук Максім, – гаворыць Леакадзія Канстанцінаўна. – Ён слесар. Прадпрыемства, калектыў і зарплата яму падабаюцца.

Пасля выхаду на пенсію жанчына жыве на малой радзіме. За гэты час Повязынь змянілася ў лепшы бок, асабліва ў апошнія гады. Узяць хаця б мадэрнізацыю электралініі: раней на ўсю вёску быў адзін трансфарматар, цяпер некалькі. Электразабеспячэнне стала стабільным. Нават нядаўні цыклон не выклікаў непаладкі ў сістэме.

– Цяпер я і іншыя вяскоўцы рыхтуемся перайсці на электрычнае ацяпленне дамоў, – зазначыла жанчына. – Для нас гэта вельмі зручна. У мінулым застануцца нарыхтоўка паліва, вынас попелу, чыстка комінаў ад сажы. Для пажылых людзей такія акалічнасці асабліва важныя.

Сярод іншых пазітыўных падзей субяседніца прыгадала рамонт моста ля вёскі. Змены непасрэдна ўплываюць на камфорт людзей. Колькасць тых, хто хоча купіць у Повязыні дом для пражывання або пад дачу, расце.

Леакадзія Канстанцінаўна на жыццё не скардзіцца. Блізкія рэгулярна прыязджаюць, каб дапамагчы. Жанчына любіць агароднічаць, захапляецца вязаннем, разгадвае красворды. Яна цікавіцца жыццём раёна і ўсёй краіны і ўпэўнена, што галоўнае, каб было здароўе і не было вайны.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ