— Сямейны сельгаспраект «Уладар сяла» — даўняя ініцыятыва БРСМ. Ён выдатна прыжыўся ў нашым раёне. Заўсёды дапамагаюць яго праводзіць мясцовыя ўлады, райкам прафсаюза АПК, іншыя структуры. Відавочная асаблівая зацікаўленасць аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, — заўважае выконваючая абавязкі другога сакратара райкама БРСМ Алена Станкевіч.
На перамогу прэтэндавалі дзве сям’і з Лебедзева – Пятра і Вольгі Мячкоўскіх, Артура і Вольгі Захарэнка, а таксама сям’я Юрыя і Надзеі Падлужных з Маркава.
Канкурсанты рыхтавалі творчыя візіткі «Вітаем па-беларуску» і павінны былі паказаць са сцэны адзін дзень з жыцця сваёй сям’і. Абавязковая ўмова – прадстаўленне нацыянальнага касцюма з улікам мясцовасці пражывання ўдзельнікаў. Безумоўна, улічваліся веданне традыцый, арыгінальнасць, артыстызм.
На другім этапе «Дрывасекі» ў распілоўцы бярвёнаў, сячэнні і складзіраванні дроў спаборнічалі толькі дарослыя. У трэцім конкурсе «Наезнікі» мужчыны запрагалі каня ў калёсы, жанчыны — распрагалі. У «Сельскіх забавах» удзельнічалі толькі дзеці, яны збіралі раскіданую бульбу. Потым на «кухні» яе абіралі бацькі. У конкурсе «Майстар на ўсе рукі» мужчыны майстравалі лаўкі. Усе кропкі над «і» расставіў апошні этап «Выстаўка сямейных дасягненняў і захапленняў», на якой былі прадстаўлены работы па рукадзеллі, разьбе па дрэве, выпечка і іншыя кулінарныя стравы.
З першых конкурсаў лідарства захапіла сям’я Мячкоўскіх, якая і стала пераможцай раённага этапу. У Пятра і Вольгі трое сыноў – Радзівон, Гардзей і Герман, якім адпаведна сем, шэсць і чатыры гады. Дапамагалі бацькам здабываць перамогу двое малодшых. Тата працуе анестэзіёлагам-рэаніматолагам у клінічным радзільным доме Мінскай вобласці, мама – эканаміст ААТ «Белгазпрамбанк». На рахунку гэтай сям’і не адна перамога ў конкурсах. Натхняльніца ў Мячкоўскіх — Вольга, а Пётр пад-
трымлівае яе добрыя пачынанні і ідэі. Сам ён выдатны разьбяр па дрэве.
Прыз у намінацыі «Інтэлектуальная сям’я» дастаўся Артуру і Вользе Захарэнка і іх дзеткам — сямігадовай Дар’і і Злаце, якой няма яшчэ і двух гадоў. Мама дзяўчынак знаходзіцца ў водпуску па доглядзе дзіцяці, раней была жывёлаводам у філіяле Аграфірма «Лебедзева» РУП «Мінскэнерга». А тата працуе асемянатарам у гэтай жа арганізацыі. Дарэчы, Вольга і Дар’я ўразілі журы і балельшчыкаў прыгожымі вязанымі вырабамі, якія прадставілі на конкурс.
У намінацыі «Залатыя рукі» лаўрэатамі сталі Юрый і Надзея Падлужныя з дачушкамі Аляксандрай і Арынай, якім дзевяць і шэсць гадоў адпаведна. Мама працуе інспектарам Маркаўскага сельвыканкама, тата — галоўны ветурач СГФ «Маркава» ААТ «Маладзечанскі райаграсэрвіс». Ён, дарэчы, захапляецца верхавой яздой і далучае да гэтага хобі дачок.
Дарослыя ўдзельнікі праекта «Уладар сяла» атрымалі ў падарунак кухонныя прылады, дзеці – цацкі, настольныя гульні. А гледачы – сонечны настрой, нягледзячы на тое, што ў конкурсны дзень ішоў дождж.
Сям’я Пятра і Вольгі Мячкоўскіх.
Фота: Ірына ХАБІБАВА.