
Нядаўна ў рэдакцыю звярнулася стараста вёскі Груздава Ніна СТАНЕВІЧ. Чытачы нашай газеты добра знаёмыя з гэтай адказнай і творчай жанчынай. Ніна Аляксандраўна не толькі выдатна спраўляецца з грамадзянскай нагрузкай старасты, яна дапамагае ў арганізацыі розных культурных мерапрыемстваў на тэрыторыі сельсавета, хаця ўсё жыццё, займаючы розныя пасады, працавала на роднай зямлі.
Менавіта таму ёй асабліва падабаецца, калі «раёнка» піша пра землякоў, пра тых, хто сёння працягвае слаўныя традыцыі хлебаробаў, хто сапраўды адданы роднай зямлі і сваёй справе. Многія аднавяскоўцы сталі героямі газетных публікацый, дзякуючы падказкам Ніны Аляксандраўны. Нагоду для інфармацыі з Палачанскага сельсавета журналісты таксама часта даведваюцца ад старасты Груздава, якая і сама часам піша артыкулы для раённага выдання.
– На гэты раз тэлефаную вам па такой прычыне: у адным з апошніх нумароў прачытала заметку «Родная мова – крыніца празрыстая», і вельмі запалі мне ў душу гэтыя словы. Найлепш і найпрыгажэй, здаецца, пра нашу беларускую мову і нельга сказаць, – у добрым сэнсе была ўзрушана жанчына. – Напярэдадні была на мерапрыемстве, якое зладзілі супрацоўнікі Палачанскага сельскага Дома культуры, і яно таксама поўнасцю было на роднай мове. Які гэта мёд для сэрца і душы! Так, у нас дзве дзяржаўныя мовы, але для нас, больш сталага пакалення, найпрыгажэй гучыць беларуская. Хацелася б і чуць, і чытаць на ёй больш.
А вось гэта ўжо «каменьчык» у бок журналістаў. Мы абавязкова прымем яго да ўвагі і пастараемся, каб кожны наш чытач не толькі ў кожным нумары знаходзіў тое, што сапраўды зацікавіць, але і атрымліваў асалоду ад друкаванага слова, якім дзеліцца раённая газета.
Марына ПУЦЭЙКА
Фота: Аляксей ПЛАТКО