На першы дабрачынны рэйс пад назвай «Спасение Нового года» запрасілі 13 дзяцей з мнагадзетных сем’яў. Збор удзельнікаў падарожжа – на Цэнтральнай плошчы, дзе, нібы ў казцы, вырас маляўнічы домік Дзеда Мароза.
Дзяцей гасцінна сустракалі Зіма, сімвал будучага года па ўсходнім календары Сабака, персанаж папулярнага мультфільма «Шчанячы патруль» Райдар. Тут можна напісаць пісьмо і патэлефанаваць Дзеду Марозу, расказаць яму аб самых запаветных жаданнях. Каб дзеці адчулі сябе адзінай камандай «Шчанячага патруля», у іх на тварыках з’явіўся лёгкі аквагрым у выглядзе сабачых носікаў і вусікаў. У такім выглядзе цікава было сфатаграфавацца на ўстаноўленых фотазонах.
На аўтобусе з Цэнтральнай плошчы дзеці адправіліся на станцыю казак, у раённы цэнтр рамёстваў, дзе для іх правялі майстар-клас па вырабе навагодніх цацак. На кніжнай станцыі ў цэнтральнай раённай бібліятэцы дзяцей сустрэлі казачныя героі, прапанавалі ім квэст-гульню. На музычнай пазнаёміліся з выстаўкай рарытэтных ёлачных цацак і навагодніх паштовак. Што яшчэ? -- даведаецца той, хто таксама адправіцца ў падарожжа.
Святочны маршрут будзе курсіраваць штодзённа да 7 студзеня.
Да гэтай жа даты будзе адчынены і домік Дзеда Мароза на Цэнтральнай плошчы. З 15.00 да 19.00 можна зайсці ў яго і патэлефанаваць Дзеду Марозу, расказаць яму аб сваіх запаветных жаданнях.
Акрамя таго, можна напісаць пісьмо гаспадару Новага года і сфатаграфавацца ў прыгожых інтэр’ерах.
Раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа запрашае маладзечанцаў далучыцца да дабрачыннай акцыі «Ёлка жаданняў». Для гэтага можна прыносіць навагоднія падарункі, цацкі, канцылярыю па адрасе: вул. Прытыцкага, 7а (тэл. 77-10-14). Дзед Мароз і Снягурачка уручаць іх дзецям-інвалідам, сіротам, малышам з сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Поўнасцю матэрыял Анжалікі КРУПЯНЬКОВАЙ змешчаны ў "МГ" за суботу, 16.01.2017.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.