— На тэрыторыі Маладзечаншчыны раскрываюцца 92 працэнты цяжкіх злачынстваў, — адзначыў палкоўнік Асіповіч. – Гэта яскрава сведчыць аб эфектыўнасці работы і прафесіяналізме супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Калі патэнцыяльны злачынец разумее, што ў яго няма шанцаў пазбегнуць адказнасці, наўрад ці ён стане парушаць закон.
Аднак раскрыццё правапарушэнняў — толькі адзін з напрамкаў дзейнасці РАУС. Нельга забываць аб забеспячэнні правапарадку ў час масавых мерапрыемстваў, кантролі за выкананнем правілаў дарожнага руху, папярэджанні бытавога насілля…
Сярод найбольш важных падзей у рабоце райаддзела за мінулы год Валянцін Асіповіч выдзеліў затрыманне злачыннай групы з пяцярых чалавек (мясцовых жыхароў), якія ўчынялі крадзяжы з дач, катэджаў і прыватных дамоў. Банда дзейнічала на тэрыторыях Маладзечанскага, Мядзельскага і Валожынскага раёнаў: вывозілі мэблю, нават разбіралі падлогу. Усяго даказана каля 20 злачынных эпізодаў.
Дзякуючы зладжанай рабоце міліцыянераў у горадзе і раёне ў час масавых мерапрыемстваў (спартыўных спаборніцтваў, канцэртаў, дзяржаўных свят) не было выпадкаў грубага парушэння грамадскага парадку.
Значную ўвагу міліцыянеры надаюць захаванасці маёмасці грамадзян, а таксама суб’ектаў гаспадарання рознай формы ўласнасці. Традыцыйнымі сталі рэйды ў сельскагаспадарчыя арганізацыі ў час пасяўной і жніва.
Супрацоўнікі РАУС дзяжураць у дзіцячых аздараўленчых лагерах, месцах масавага адпачынку грамадзян, наведваюць навучальныя ўстановы, праводзяць рэйды па нядобранадзейных сем’ях… У час сустрэч з жыхарамі яны тлумачаць, як не стаць ахвярамі злачынстваў, што рабіць, каб захаваць жыццё і маёмасць. Міліцыянеры робяць усё магчымае, каб жыхары Маладзечаншчыны заўсёды адчувалі сябе бяспечна.
— Без узаемадзеяння з грамадзянамі, працоўнымі калектывамі і грамадскімі арганізацыямі перамагчы злачыннасць немагчыма, — падкрэсліў Валянцін Асіповіч. — Людзі разумеюць гэта, таму актыўна дапамагаюць міліцыі.
Валянцін Асіповіч (справа) і начальнік Маладзечанскага міжраённага аддзела Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Юрый Будо.
Субяседнік зазначыў, што поспехі РАУС дасягаюцца дзякуючы прафесіяналізму асабовага складу. Усе службы і падраздзяленні аддзела працуюць стабільна і зладжана. Эфектыўнае ўзаемадзеянне наладжана з калегамі з суда, пракуратуры, Следчага камітэта, судовымі экспертамі. Усё гэта дапамагае трымаць крымінагенную абстаноўку на Маладзечаншчыне пад кантролем.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.