Новости Молодечно и Молодечненского района

Мемарыял «Бухенвальд». Што ўразіла маладзечанку

  • 2017-10-13 04:51:55
  • Ірына Рабушка


У склад дэлегацыі ўваходзілі больш за 20 беларусаў – гэта выкладчыкі, прадстаўнікі музеяў, у тым ліку школьных, мемарыяльных і гісторыка-культурных комплексаў. Яны наведалі месцы трагічнай памяці нямецкай Цюрынгіі, звязаныя са злачынствамі нацыстаў. Паездка стала магчымай дзякуючы праекту Еўрапейскага Саюза MOST па пашырэнні кантактаў паміж грамадзянамі Беларусі і ЕС з мэтай абмену вопытам і паляпшэння ўзаемаразумення.

За пяць дзён у Германіі беларусы пазнаёміліся з адукацыйнай работай, наладжанай не толькі ў мемарыяле «Бухенвальд». Яны пабывалі ў музеі лагера «Дора-Мітэльбаў», на месцы фабрыкі «Topf und Sohne» ў Эрфурце, дзе выраблялі абсталяванне для газавых камер і крэматорыяў. Наведалі гістарычны цэнтр Веймара.

Памяць не мае нацыянальнасці

— Мы вялі дзённікі паездкі, дзе пазначалі самыя эмацыянальныя моманты, — гаворыць Ганна Карумная. – Напрыклад, першы дзень у «Бухенвальдзе» пачаўся з задання арганізатараў сустрэчы: кожны павінен быў выбраць адно фота са стоса прапанаваных нам дакументальных здымкаў і перадаць уласныя асацыяцыі і эмоцыі. Змястоўна і пранікнёна супрацоўнік мемарыяла Ёахім Кёніг расказаў аб гісторыі лагера, злачынствах нацыянал-сацыялістаў у савецкім спецлагеры №2 пасля Другой сусветнай вайны.

Таксама ён гаварыў пра захаванне памяці аб ахвярах жудасных падзей, незалежна ад таго, якой нацыянальнасці яны былі.

Наогул, мемарыял «Бухенвальд» праводзіць шырокую даследчую і адукацыйную работу, арыентаваную на розныя мэтавыя групы – ад тых, хто выжыў у той час, іх сваякоў да замежных турыстаў. Наведвальнікаў матывуюць самастойна рабіць высновы, ім не навязваюць гатовы штампавы адказ. Нямецкія школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у праектах па ідэнтыфікацыі імёнаў ахвяр і іх мемарыялізацыі, а таксама ў рэстаўрацыі археалагічных артэфактаў. У час экскурсій у рабоце з групамі ад старшакласнікаў да дарослых выкарыстоўваюць малюнкі вязняў, іх успаміны і фотаздымкі.

Ганна Карумная пазначыла ў сваім дзённіку і сустрэчу з гісторыкам Юліяй Ландаў, якая правяла беларусаў па тэрыторыі спецыяльнага лагера №2.

— Мы ўсвядомілі, наколькі зменлівы свет… Людзі, якія працавалі ў лагеры, у адно імгненне аказваліся зняволенымі і зведвалі на сабе ўсе пакуты вязняў, — працягвае субяседніца.
Удзельнікі дэлегацыі наведалі і частку мемарыяла «Малы лагер», дзе ў нечалавечых умовах знаходзіліся тысячы палонных з многіх краін Еўропы.

— Здавалася, што самыя цяжкія эмоцыі засталіся пасля наведвання крэматорыя, аднак асаблівасці ўтрымання людзей у «Малым лагеры» ўразілі не менш… — ледзь стрымліваецца Ганна.  

Беларусы пабывалі таксама ў комплексе, узведзеным у 1958 годзе па рашэнні ГДР, прайшлі па дарозе, якая вядзе да трох масавых пахаванняў і званіцы – сімвала свабоды і святла. Назаўсёды застанецца ў памяці наведвальнікаў і звон Бухенвальдскага набату.

Як працуюць з наведвальнікамі комплекса «Бухенвальд»

Канструктыўнай была размова за круглым сталом, прысвечаным педагагічным метадам, якія выкарыстоўваюцца ў «Бухенвальдзе» ў рабоце з сучаснікамі. Беларусаў азнаёмілі з шэрагам тэматычных практык -- «Гісторыя ў чамадане», «Работа з дакументамі і прадметамі», «Удзел у археалагічных раскопках», «Інтэрв’ю з наведвальнікамі»…

— Дарэчы, галоўным у рабоце з нямецкімі школьнікамі з’яўляецца развіццё ў іх крытычнага мыслення, — заўважае Ганна Карумная. – Цікава было даведацца, як вучні працуюць са знойдзенымі артэфактамі і выяўляюць па іх асаблівасці, схільнасці, здольнасці і захапленні людзей. Нам таксама далі такую магчымасць. У куфры з рэчамі вязняў знаходзіліся люлька для курэння, скураны крыжык, шахматны конь, аправа для акуляраў і іншыя прадметы. Адзін з удзельнікаў семінара быў настолькі ўражаны, што прысвяціў амаль поўдня рэканструкцыі артэфакта — шахматнай фігуры. Таксама нам паказалі, як можна вывучаць з дзецьмі асабістыя справы вязняў.
Беларусы наведалі дакументацыйны цэнтр «Topf und Sohne» ў Эрфурце. Яго экспазіцыя паказвае, якім неймаверна разбуральным быў нацысцкі рэжым. Цяжкія ўражанні пакінуў мемарыяльны комплекс «Дора-Мітэльбаў» — месца былога канцлагера. Вязні працавалі ў штольнях, ператвораных у ракетны завод для патрэб Люфтвафэ. Доўгія месяцы зняволеныя жылі і да знясілення працавалі пад зямлёй. Да таго ж былі жудасныя абмежаванні ў ежы, антысанітарныя ўмовы. Усё гэта прыводзіла да высокай смяротнасці – паміраў кожны трэці.

Чуллівай была цырымонія, прысвечаная памяці ахвяр-вязняў, у час якой зачытваліся іх успаміны, гучалі малітвы на чатырох мовах – нямецкай, англійскай, рускай і беларускай.   

Фота: архіў Ганны КАРУМНАЙ.