З Іванам Батурам журналісты «МГ» сустракаліся не раз на жніве. Шмат год ён у час уборкі збожжавых перасаджваецца з трактара на камбайн. У мінулым годзе разам са сваім памочнікам Віктарам Прыгодскім заняў трэцяе месца ў гаспадарцы.
Іван Батура вельмі вопытны механізатар, пачынаў працаваць у гаспадарцы з 1987 года пасля заканчэння Беразінскага ПТВ-42. Потым былі армія, спробы знайсці лягчэйшы хлеб у горадзе. І ўсё ж цяга да жыцця і працы на зямлі ўзяла верх — вярнуўся ў родныя Палачаны і стаў будаваць тут сваё жыццё. І ўсё атрымалася. У Івана Канстанцінавіча і яго жонкі Наталлі Аляксандраўны пяцёра дзяцей: чатыры дачушкі – Алёна, Паліна, Ульяна, Маша і сынок Косця, якому споўнілася тры гады. Сельгаспрадпрыемства выдзеліла ім катэдж на вуліцы Палявой, яны трымаюць вялікую гаспадарку, садзяць бульбу, сеюць жыта... У гаспадара ёсць уласны японскі трактар, а прычапныя ўстройствы для яго змайстраваў сам – саджалку, «трасуху» для копкі бульбы і іншыя. Расказвае, што ў планах – зрабіць двухкорпусны плуг…
Іван Канстанцінавіч узвёў гараж для свайго новага «Дастара» з бетонных секцый, якія выліваюць для… агароджы. Атрымалася ў два разы танней, чым з газасілікатных блокаў ці цэглы. І некаторыя палачанцы ўслед за ім гэты метад узялі на ўзбраенне.
— Вунь, бачыце, мой швагер такі гараж сабе склаў, — паказвае субяседнік на падворак, які бачны з акна дыспетчарскай сельгаспрадпрыемства.
Гараж адмысловы, нават і не падумаеш, што ён з такога незвычайнага матэрыялу зроблены…
Наталля Аляксандраўна, жонка Івана Канстанцінавіча, таксама працуе на сельгаспрад-прыемстве. Яна аператар па вырошчванні маладняку на новым комплексе ў Груздаве. Іван Канстанцінавіч таксама абслугоўвае жывёлагадоўлю. На трактары МТЗ-82 штодня чысціць малочнатаварны комплекс «Груздава», іншыя фермы, развозіць цюкаваную салому для подсцілу. Менавіта гэта аперацыя і натхніла яго на рацыяналізатарства. Ён прыдумаў спецыяльны захват для цюкоў, які чапляецца да трактара ззаду. Зверху ў кампактнага агрэгата два вялікія жалезныя зубы, якія размешчаны па краях, знізу – пяць меншых. Гэтую канструкцыю дапамаглі ўвасобіць у жыццё зваршчыкі сельгаспрадпрыемства Сяргей Бедаў і Сяргей Сомаў. Зварылі са старога непатрэбнага металалому літаральна за тры дні. І адразу ж Іван Канстанцінавіч апрабаваў сваё ноў-хау.
— Я вельмі задаволены! Цяпер каўшом, які знаходзіцца спераду трактара, стары подсціл расчышчаю, а на прычапным устройстве ззаду адразу транспартую цюк саломы, скідваю яго дзе трэба. Раней жа прыходзілася каўшом падсоўваць, ад гэтага псавалася асфальтавае пакрыццё, ды іншы раз і цюкі развязваліся, салома рассыпалася, — расказвае механізатар.
Гаворыць і аб тым, што агрэгат атрымаўся невялікі, з ім лёгка манеўраваць у памяшканнях фермаў. Адным словам, задумка ўдалася, працаваць стала камфортней, хутчэй.
Дырэктар ААТ «Палачаны» Алена Халматава ацаніла ініцыятыву механізатара. Яна падзякавала Івану Батуру за такія адказныя і творчыя адносіны да працы, узнагародзіла яго прэміяй. Але і маральны стымул таксама важны, лічыць кіраўнік. Таму і патэлефанавала ў «раёнку».
— Я ж бачу, як нашы работнікі кожны нумар «Маладзечанскай газеты» гартаюць, на фотаздымках сваіх знаёмых шукаюць, дзеляцца прачытанай інфармацыяй. Для іх гэта важна!
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
ДЗЯЛІЦЕСЯ ДОБРЫМІ НАВІНАМІ!
Паважаныя кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый, ідэалагічныя работнікі, старшыні прафкамаў, актывісты! Калі вам таксама ёсць што расказаць пра сваіх работнікаў, пра сваё прадпрыемства ці арганізацыю, званіце журналістам у рэдакцыю па тэлефонах 77-19-61, 77-21-34.