Новости Молодечно и Молодечненского района

Медсястра -- амаль паўвека!

  • 2017-06-27 07:30:55
  • Анжаліка Крупянькова

Вясельны картэж спыніўся ля цэнтральнага корпуса гарадской бальніцы. Малады ўзяў за руку нявесту і падняўся разам з ёю на трэці паверх у траўматалогію. Знайшоў перавязачную медсястру Ніну Міхалоў-
скую: «Я не мог у такі дзень да вас не заехаць. Вы выхадзілі мяне пасля цяжкай траўмы, усялілі веру, што выкараскаюся, што ў мяне ўсё будзе добра. Так і атрымалася, я бясконца вам удзячны!».

Аднойчы на аўтобусным прыпынку да Ніны Канстанцінаўны падышла незнаёмая жанчына: «Я вас пазнала! Вы медсястра з траўматалогіі.  Шмат гадоў таму менавіта вы далі параду майму мужу не згаджацца на ампутацыю нагі, ехаць у Мінск, дабівацца прыёму ў прафесараў. Ён вас паслухаў, і яму выратавалі нагу. Ён 25 гадоў вадзіцелем працуе і заўсёды вас успамінае».


Мама хварэла, хацелася ёй дапамагчы, тлумачыць Ніна Канстанцінаўна свой выбар, які зрабіла ў зусім юным узросце, калі пасля Беніцкай сямігодкі паступіла ў Маладзечанскае медвучылішча. Бацька Канстанцін  Галубовіч загінуў на вайне незадоўга да Перамогі, на руках у маці засталіся тры малыя дачкі, Ніна — сярэдняя. Хацінка з саламянай страхой — жылі ў вёсцы Нялідкі вельмі бедна. Але маці не здавалася, старалася для дачушак. Была знатнай на ўсё наваколле швачкай, прыгожа вязала, кросны ткала спраўней за ўсіх жанчын. Яе спрыт у руках, дакладнасць рухаў, працавітасць і цярплівасць перадаліся Ніне. «Ніхто не ўмее так гіпс накласці, як ты!» — хваліў яе адзін з маладзечанскіх хірургаў. І гэта быў лепшы камплімент медсястры вышэйшай катэгорыі. Накладвала і здымала швы, гіпсавала, рабіла перавязкі, пункцыі, блакаду, шкілетнае выцягванне – кожны рух адточаны да аўтаматызму.

Умела знайсці падыход да любога хворага. Аднойчы прывезлі п’янага трактарыста, які дома ўчыніў дэбош, пабіў жонку, сябе параніў. Страшна было да яго падступіцца. «Вы трактарыст? – спытала Ніна. – А я пра трактарыстаў прыпеўку ведаю». І заспявала. Ён – прыпеўку ў адказ… Паспакайнеў, хуценька зрабілі ўкол, заснуў. А калі працверазеў, папрасіў паклікаць сястру, што прыпеўкі спявала. «Каб мая жонка такой была, ніколі б на яе руку не падняў», — прызнаўся дэбашыр і ўсё дапытваўся, ці не пакрыўдзіў чым, прасіў прабачэння…

Помніцца адзін вельмі трагічны выпадак, калі прывезлі ў аддзяленне дзяўчыну, у якой у аварыі загінулі бацькі. Яе выхадзілі, доўга не маглі сказаць, што блізкіх няма ўжо ў жывых. Але перад выпіскай рашыліся, разумелі, што ў выпадку чаго хаця б медыцынскую дапамогу акажуць. Плакалі разам з ёю, шкадавалі, як сваё дзіця. Забрала яе цёця з Прыбалтыкі, а праз некаторы час дзяўчына разам са сваячкай прыехала ў аддзяленне, каб падзякаваць за сваё выратаванне.  

У пачатку 1960-х прыйшла Ніна Канстанцінаўна ў гарадскую бальніцу, 25 гадоў адпрацавала ў траўматалогіі. З вялікай павагай успамінае тагачаснага галоўнага ўрача бальніцы Мікалая Мароза, загадчыкаў першага і другога хірургічных аддзяленняў Івана Савіцкага і Міхаіла Капцюга, загадчыка ўралогіі Сямёна Кагана, загадчыка траўматалогіі Часлава Лешчыка. «Калі Часлаў Станіслававіч заўчасна памёр, плакала, як па блізкім чалавеку. І цяпер нібы чую яго словы: «Голубушка, зайдите ко мне!». Гэта ўрачы ад бога, якія бязмежна любілі сваю работу. Вялікае шчасце — працаваць побач з імі, набірацца вопыту і ведаў. Разам з імі адышла цэлая эпоха…
З калектывам цэнтральнай раённай бальніцы ветэран працы не перарывае сувязь і сёння. З цеплынёй гаворыць пра загадчыкаў кардыялагічнага і траўматалагічнага аддзяленняў Міхаіла Шаўлюка і Аляксандра Рамановіча, Ігара Віторскага, які загадвае ўралогіяй, намесніка галоўнага ўрача Ігара Салагуба, былога галоўнага ўрача ЦРБ Аляксандра Бузюка (цяпер урача-метадыста), урача-анестэзіёлага Юрыя Фёдарава і многіх іншых, хто з увагай і спагадай ставіцца да ветэранаў медыцынскай службы, заўсёды праяўляе прафесійную салідарнасць, падтрымлівае.

Усім, што ўмела сама, Ніна Канстанцінаўна дзялілася з практыкантамі. Аднойчы ў медвучылішчы правялі анкетаванне па выніках практыкі, папрасілі навучэнцаў назваць медыкаў, якія ім спадабаліся. Ледзь не ў кожнай анкеце было прозвішча Ніны Міхалоўскай. Пасля гэтага Ніну Канстанцінаўну запрасілі выкладаць у вучылішчы сястрынскую справу ў хірургіі. І яна з поспехам працавала сем гадоў. Яе кабінет быў найлепш абсталяваны дапаможным матэрыялам. «У мяне нават свая рэанімацыя была: на кушэтцы сядзела лялька, да якой былі падведзены катэтары, на нагах – гіпсы… Студэнты на ёй вучыліся аказваць экстранную медыцынскую дапамогу», — успамінае субяседніца. Яна таксама вучыла моладзь працаваць сумленна, паважаць хворых. «Але і пра сваё здароўе забывацца не трэба, — гаворыць Ніна Канстанцінаўна. — Я студэнтам нязменна гаварыла пяць хвілін пакідаць на сябе…».

— Не шкадуеце, што ў маладосці выбралі для сябе такую нялёгкую прафесію? – спыталася ў субяседніцы.
— Што вы! Я і цяпер іншы раз заходжу ў траўматалогію. Прысяду там на канапу, успомню, як са сваёй цялежкай туды-сюды бегала. Перавязачны кабінет застаўся на тым жа месцы. Здаецца, каб мне сказалі: «Канстанцінаўна, пачынайце перавязку!», у адно імгненне халат апранула б, шапачку, маску, пальчаткі нацягнула, цялежку нагрузіла і ўсе б палаты абышла, усіх бы хворых перавязала…

Фота: уласны архіў Ніны МІХАЛОЎСКАЙ.