Грамадская культурніцкая кампанія «Будзьма беларусамі!», Цэнтр даследавання грамадскага кіравання «СІМПА» і дабрачынны фонд «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага» ў рамках акцыі «Разам да справы!» запрашаюць актыўных і крэатыўных жыхароў Маладзечанскага раёна прыняць удзел у адукацыйнай майстэрні ідэй «Ліхтар».
— «Ліхтар» – гэта серыя сустрэч і майстар-класаў, у час якіх удзельнікі пазнаёмяцца з лепшымі прыкладамі арганізацыі гарадскіх і раённых мерапрыемстваў, атрымаюць неабходныя веды ў сферы культурніцкага менеджменту і карысныя парады па рэалізацыі сваіх ідэй, — расказала каардынатар праекта Святлана Чакушка.
Майстэрня запрашае маладзечанцаў без узроставых абмежаванняў, тых, хто хоча зрабіць жыццё ў сваім горадзе ці вёсцы больш цікавым, прывабным, разнастайным.
Заняткі будуць праходзіць двойчы на месяц, па выхадных. Працягласць курса складзе тры месяцы.
Удзельнікі майстэрні змогуць распрацаваць уласныя праекты, а самыя цікавыя і актуальныя ідэі атрымаюць дапамогу ў рэалізацыі.
Заняткі бясплатныя.
Каб прыняць удзел у адборы і далучыцца да майстэрні, неабходна запоўніць анлайн-анкету ці патэлефанаваць па нумары 8-029-712-18-03 (Святлана), эл. адрас likhtar2018@gmail.com.
Заяўкі прымаюцца да 16 сакавіка ўключна. Першы занятак – у нядзелю.