У кожнага чалавека ёсць той адзіны, непаўторны куточак на зямлі, куды хочацца вяртацца зноў i зноў, дзе адчуваюцца спакой i душэўная раўнавага. І куды б чалавека ні закінуў лёс, ён ніколі не забудзе сваю малую радзіму, заўжды будзе вяртацца да яе ва ўспамінах і снах, як да крыніцы сваёй душы.
Для мяне такiм месцам з’яўляецца вёсачка Выверы, што за пяць кiламетраў ад Маладзечна. Там жыве мая любiмая бабуля. Усё маё дзяцінства прайшло ў гэтых цудоўных мясцiнах. Цяпер я iмкнуся прыязджаць туды кожны выхадны дзень, бо менавiта там мне дарагi кожны куточак.
Вёска Выверы невялiкая. Хата маёй бабулi знаходзiцца ў самым маляўнічым яе месцы. Абапал дарогi растуць высокiя векавыя вязы, насупраць хаты – маленькае азярцо, дзе нават водзiцца рыба. Каля бабулiнай хаты красуюцца стройныя елачкi i галінастая вярба, а вясной свой непаўторны водар нам дораць белая чаромха i рознакаляровыя кусты бэзу. Увогуле, у бабулi расце шмат прыгожых кустоў i разнастайных кветак, якiя радуюць вока кожнае лета. У любую пару года мая родная вёсачка выклікае ў мяне замiлаванне сваiм хараством, таму я люблю бываць у Выверах у любы час!
Прыязджаю да бабулi заўсёды з радасцю, бо ведаю, што там мяне чакаюць. У Выверах я кожную хвiлiну знайду сабе занятак, аднак найбольш стараюся дапамагчы сваёй бабулі. Кожная мая ранiца пачынаецца са смачнага сняданку з румяных блiноў. Такую смакату ўмее гатаваць толькi мая бабуля! У вёсцы клопатаў хапае, няхай гэта будзе зіма або лета, таму ўвесь мой дзень напоўнены вясковымi справамi. Але іх выкананне мне прыносiць толькi задавальненне! Асаблiва я люблю займацца кустамi клубнiц: праполваць, паліваць, угнойваць, а самае прыемнае – збіраць сакавітыя, смачныя ягады i потым ласавацца iмi.
У бабулi жывуць два яе надзейныя сябры: кот Рыжык i сабака Рычард. Калi еду ў Выверы, заўжды вязу з сабой гасцiнцы для бабулiных выхаванцаў. Я вельмi люблю гуляць з iмi. Хаця Рычы з Рыжыкам жывуць у доме, на прагулкi выходзяць часта, таму я шмат часу баўлю з iмi на вулiцы.
Няма нічога лепшага за роднае мястэчка. Толькі з ім звязаны самыя добрыя, светлыя ўспаміны. І я лічу, што кожны чалавек павінен шанаваць тое месца, дзе нарадзіўся. Таму я заўсёды буду вяртацца ў Выверы, каб успомнiць тыя шчаслiвыя хвiлiны дзяцiнства i атрымаць асалоду ад прыгажосцi родных сэрцу мясцiн.
Ульяна ПОСАХ,
вучанiца 11 «Б» класа СШ №14 г. Маладзечна