— Нялёгкае жыццё было ў маёй матулі, але я ні разу не чула, каб яна скардзілася. Пражыла яго без крыўды, зайздрасці і злосці, заўсёды лічыла, што так і павінна быць, — з любоўю расказвае пра сваю маці Марыю Бабровіч маладзечанка Часлава Кшывіцкая.
Марыя Паўлаўна – жыхарка маленькай вёскі Лібараўшчына, што ў Докшыцкім раёне на Віцебшчыне, але ўжо некалькі апошніх гадоў жыве ў дачкі ў Маладзечне. У дзень векавога юбілею доўгажыхарку павіншавалі намеснік старшыні раённага савета ветэранаў Ніна Шарыпава, загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Аксана Аляшкевіч, інспектар па асноўнай дзейнасці, старшыня пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын РТЦСАН Алеся Калітнік. Кветкі, падарункі расхвалявалі жанчыну. Але найбольш — добрыя, шчырыя словы, павага да яе, сціплай вясковай працаўніцы.
Жыццё яе не песціла. Ёй было ўсяго 14 гадоў, калі ад цяжкай хваробы памерла маці. Марыя старэйшая з пяцярых дзяцей, замяніла маму малодшай сястрычцы Рамуальдзе, якой было ўсяго два гадкі. Цяжка, бедна жыла сям’я, але шанавалі, любілі адзін аднаго.
— Тата больш не жаніўся, — расказвае доўгажыхарка. – Ён быў вельмі добры, шкадаваў нас.
Марыя закончыла чатыры класы польскай школы. І цяпер прыгадвае, як у школе арганізавалі паездку ў Вільнюс, а ў яе не было за што купіць білет. Тады мясцовы ксёндз даў ёй грошы. Гэта сваё дзіцячае шчасце пранесла праз усё жыццё… У юнацтве раз на год разам з іншымі католікамі кароткім шляхам праз Мядзел хадзілі ў Вільнюс у пілігрымку. «Гэта мая ахвяра», — гаварыла пазней дзецям. Традыцыя ў іх веруючай сям’і захавалася: разам з дзецьмі Марыя Паўлаўна штогод ездзіла ў Вільнюс, па-
кланялася святыням, схіляла калені перад абразам Маці Божай Вастрабрамскай.
Марыя Паўлаўна ўспамінае, што ў час фашысцкай акупацыі яе разам з іншымі мясцовымі жыхарамі ганялі на чыгунку загружаць дрэвам вагоны. У 1943 годзе яна выйшла замуж за Іосіфа Бабровіча. Пасля вайны пайшла ў калгас, была спачатку паляводам, а затым 16 гадоў працавала даяркай на ферме, уручную тройчы на дзень выдойвала па 20 кароў. Цяпер нам такое нават цяжка ўявіць… А дома – свая гаспадарка, ды яшчэ надзелы буракоў, лёну ў калгасе. І ніхто не скардзіўся, кожны стараўся, як мог.
— Мама вялікая працаўніца, — гаворыць Часлава Іосіфаўна. – І цяпер увесь час пытаецца, чым мне дапамагчы. Яна ўмела і прасці, і ткаць, і вышываць. А які хлеб на кляновых лістах пякла! Пасля яго закваска заставалася – квас смачны рабіла. Пірагі на святы заўсёды вельмі ўдалыя ў яе былі – у нас ніколі такія не атрымліваліся.
Траіх дзяцей нарадзіла Марыя Паўлаўна: Францішку, Чаславу і Івана. На вялікі жаль, дваіх ужо няма ў жывых, 13 гадоў як памёр муж. Апусцела хата, у якой некалі віравала жыццё, палілі ў печы, звінелі дзіцячыя галасы. Часлава Іосіфаўна ўспамінае, як матуля забірала да сябе на канікулы ўсіх шасцярых унукаў. Яны з радасцю ехалі да бабулі літаральна на наступны дзень, як толькі заканчваліся заняткі ў школе. На ўсіх у яе хапала і бліноў, і свойскай каўбаскі… Цяпер у стогадовай юбіляркі шасцёра ўнукаў, сямёра праўнукаў. Нават адна прапраўнучка ёсць – двухгадовая Алінка.
Дачка расказвае, што за сваё доўгае жыццё маці не ведала цяжкіх хвароб, былі толькі траўмы. Цяпер слых і зрок падводзяць, але любіць глядзець па тэлевізары праграмы пра жывёл, ніколі не прапускае серыял «Пёс» па НТБ. Калі дачка і ўнучка на рабоце, застаецца адна, падагрэе сабе абед у мікрахвалевай печы. Можа і бульбу на вячэру пачысціць. Па кватэры любіць хадзіць басанож – не мерзне…
Калі ж мы спыталіся, у чым сакрэт доўгажыхарства, юбілярка сказала:
— Трэба жыць, як набяжыць!
Згадзіцеся: у гэтым і ёсць найвялікшая жыццёвая мудрасць: прымаць жыццё такім, якое яно ёсць, памятаць нават дзіцячыя свае радасці і быць удзячным за іх добрым людзям.
— Дзякуй Богу, што ў мяне дачушка такая добрая, што ўнукі, праўнукі да мяне хіляцца, паважаюць, дапамагаюць, – гаворыць Марыя Паўлаўна.
А дачушка, якой ужо самой 71 год, на працягу ўсёй нашай гутаркі трымала матулю за руку, абдымала, гладзіла па плячы, каб тая менш хвалявалася ад сустрэчы з незнаёмымі людзьмі. І ў кожным яе руху, кожным поглядзе столькі любові…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.