Два таварышы па службе, сябры Міхаіл Міцкевіч і Максім Шыцік. Родам з Маладзечна, тут раслі, тут вучыліся. Пасля паспяховага заканчэння школы Міхаіл Міцкевіч паступіў у Маладзечанскі дзяржаўны каледж, а Максім Шыцік адразу ўладкаваўся на працу. Але прыйшоў час, і яны атрымалі павесткі ў армію. Пытанняў і разваг накшталт «служыць альбо не» не ўзнікала. Так распарадзіўся лёс, што юнакі абодва трапілі ў Слуцк і ўліліся ў рады транспартных войскаў Рэспублікі Беларусь.
Год службы ў вайсковых умовах, безумоўна, не быў лёгкім. Першы месяц, яшчэ да прысягі, не было поўнага ўсведамлення таго, наколькі сур’ёзная адказнасць лягла на іх плечы. Але хутка ўсё змянілася.
Дзень прысягі – вельмі хвалюючы, напоўнены эмоцыямі, перажываннямі і разуменнем вялікай адказнасці. А затым пачаліся вайсковыя будні, і гэта не толькі жыццё па строгім раскладзе, але і сустрэча з сур’ёзнымі выпрабаваннямі, з якімі можна сустрэцца, напэўна, толькі калі выконваеш воінскі абавязак.
За час службы ў арміі Міхаіл і Максім сталі сапраўднымі мужчынамі: яны фізічна памужнелі. Абодва адтачылі сваё прафесійнае майстэрства, на практыцы дасягаючы высокіх вынікаў.
На пасадзе вадзіцеля-слесара рамонтнага ўзвода 174-га асобнага чыгуначнага батальёна механізацыі Максім Шыцік за перыяд службы зарэкамендаваў сябе дасведчаным спецыялістам, дысцыплінаваным вайскоўцам і верным таварышам. Пасля курса маладога байца прайшоў навучанне па перападрыхтоўцы вадзіцеля з катэгорыі B на катэгорыю С. За поспехі ў службе і праяўленую ініцыятыву атрымаў званне яфрэйтара. Цяпер з’яўляецца прыкладам для ўсіх саслужыўцаў. Служба даецца лёгка.
– З першага дня ўсвядоміў: армія – гэта парадак, дысцыпліна, у тым ліку і выканальніцкая, – гаворыць яфрэйтар Шыцік. – Ганаруся тым, што служу ў 174-м асобным чыгуначным батальёне механізацыі 30-й асобнай Чырванасцяжнай чыгуначнай брыгады, яе гісторыяй. Бо акрамя атрымання ваенна-ўліковай спецыяльнасці, мы яшчэ і ствараем, робім родную зямлю больш прыгожай.
У сваю чаргу Міхаіл Міцкевіч здзівіў таварышаў сваім майстэрствам у сталовай на пасадзе повара гаспадарчага ўзвода 174-га асобнага чыгуначнага батальёна механізацыі ў час правядзення тактыка-спецыяльных заняткаў.
«Працавіты, дысцыплінаваны, адказны салдат, які адрозніваецца зайздроснай прыстойнасцю і ўменнем ладзіць з людзьмі», – так адзываецца аб радавым Міхаілу Міцкевічу намеснік камандзіра батальёна па ідэалагічнай рабоце маёр Юрый Казлоўскі.
Камандаванне батальёна выказвае вялікую падзяку Марыне Іванаўне Міцкевіч, маме Міхаіла, і Людміле Сафронаўне Шыцік, маме Максіма, за выхаванне ў сыноў высокіх маральных якасцей. Матулі, безумоўна, бязмежна любяць сваіх сыноў і без кроплі засмучэння ганарацца імі. Ганарацца самымі сапраўднымі абаронцамі нашай Айчыны.
Фота: Юрый КАЗЛОЎСКІ.