На чарговай сустрэчы людзі залатога ўзросту прыгадалі легендарных землякоў, імёнамі якіх названы вуліцы нашага горада, даведаліся, чаму Слуцк можна лічыць самым касмічным горадам у сталічнай вобласці, атрымалі шмат цікавай інфармацыі пра ўраджэнцаў Міншчыны, якія праславілі яе ў розных сферах. Вяла заняткі кіраўнік народнага ўніверсітэта Наталля Гайковіч. Змястоўную інфармацыю, што суправаджалася відэарадам, падрыхтавала старшы навуковы супрацоўнік музея Наталля Палтавец.
Удзельнікі мерапрыемства рады былі павіншаваць з 75-годдзем старшыню Хоўхлаўскай пярвічнай арганізацыі ветэранаў Уладзіміра Абановіча. Больш за 40 гадоў ён працаваў галоўным эканамістам, намеснікам старшыні калгаса, больш за 15 гадоў узначальвае ветэранскую «пярвічку». Старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Шафаловіч уручыла яму Падзяку райвыканкама за актыўную грамадскую работу і неабыякавую жыццёвую пазіцыю.
Ваявалі за нашу незалежнасць
Сярод тых, чыё імя ўвекавечана ў назве адной з вуліц, -- Іван Міхалёнак, які нарадзіўся ў Маладзечне ў 1891 годзе, закончыў мясцовую настаўніцкую семінарыю, працаваў настаўнікам у Ашмянскім павеце, ваяваў у Першую сусветную вайну на Заходнім фронце. У 1919-м ён быў абраны старшынёй Маладзечанскага валаснога рэўкама, у час грамадзянскай вайны камандаваў кавалерыйскімі дывізіямі, стралковым корпусам, пасля вайны служыў у разведупраўленні штаба Чырвонай арміі. Быў рэпрэсіраваны, у 1956 годзе поўнасцю рэабілітаваны. Быў пенсіянерам саюзнага значэння, памёр у Маскве ў 1967 годзе.
Старэйшаму пакаленню маладзечанцаў пашчасціла ведаць, а некаторым і сустракацца з Героямі Савецкага Саюза знакамітымі партызанскімі камандзірамі Фёдарам Маркавым, Андрэем Валынцом. На вуліцах, якія носяць іх імёны, устаноўлены ім помнікі. У Залінейным мікрараёне адна з вуліц носіць імя Героя Савецкага Саюза Мікалая Ларына, які вызваляў Украіну, удзельнічаў у Яска-Кішынёўскай аперацыі, пасля вайны служыў у органах МУС, працаваў на заводзе «Спадарожнік», узначальваў гарадскі Савет настаўнікаў моладзі.
З удзячнасцю ўспомнілі адзінага ўраджэнца нашага раёна Героя Савецкага Саюза знакамітага военачальніка Данііла Казакевіча, які вырас у вёсцы Радзеўцы. Гордасць у землякоў выклікае і імя падпольшчыка, кавалера ордэнаў Леніна і Кастрычніцкай рэвалюцыі Мікалая Ганецкага.
Працай праславілі свой край
Добрым словам прыгадалі прысутныя Герояў Сацыялістычнай Працы. Сярод іх кандыдат эканамічных навук Уладзімір Калачык, ураджэнец вёскі Мароські, які на працягу 30 гадоў узначальваў перадавы калгас «Светлы шлях». Залатой Зоркай Героя Сацыялістычнай працы былі ўзнагароджаны таксама брыгадзір паляводчай брыгады калгаса «Светлы шлях» Аляксандр Бобрык, цялятніца саўгаса імя Прытыцкага Вера Паклікуха, першы сакратар Маладзечанскага райкама КПБ (1959-1975 гг.) Уладзімір Быкоўскі, дырэктар саўгаса «Яхімоўшчына» кандыдат сельскагаспадарчых навук Іван Дзяржынскі, брыгадзір паляводчай брыгады калгаса імя Янкі Купалы Фёдар Комар.
Уклад сталічнай вобласці ў развіццё космасу
-- Аказваецца, Слуцк можна з поўным правам назваць касмічным горадам, -- заінтрыгавала слухачоў Наталля Палтавец. -- Адтуль родам знакаміты савецкі вучоны-канструктар Герой Сацыялістычнай Працы Сямён Козберг, стваральнік рэактыўных рухавікоў, з дапамогай якіх выводзіліся на арбіту з Зямлі касмічныя ракеты і міжпланетныя станцыі. Калі ўважліва паглядзець хроніку першага палёту Юрыя Гагарына ў космас, то можна пачуць, як касманаўт усклікнуў: «Спрацаваў Козберг!».
Начальнікам касмадрома Байканур быў случчанін генерал-палкоўнік Канстанцін Герчык. Добра вядомыя ўсім нам і імёны герояў-касманаўтаў Уладзіміра Кавалёнка, які нарадзіўся ў Крупскім раёне, і Алега Навіцкага, радзіма якога раённы цэнтр Чэрвень.
Сусветная сенсацыя -- «МАЗ-2000», створаны Высоцкім
Залатымі літарамі ў гісторыю беларускага аўтамабілебудавання ўпісана імя ўраджэнца Капыльшчыны Міхаіла Высоцкага -- Героя Беларусі, віцэ-прэзідэнта АН БССР, доктара навук. Ён стаў стваральнікам першых беларускіх аўтамабіляў з мінскай маркай -- праслаўленых МАЗаў і іншых машын. У 1988 годзе на Вялікім салоне аўтамабілебудавання ў Парыжы яго аўтапоезд МАЗ-2000 «Перабудова» стаў сапраўднай сенсацыяй. У Брытаніі Высоцкага назвалі «Чалавекам года», а ў ЗША ўключылі ў спіс вучоных, якія ў XX стагоддзі ўнеслі найбольшы ўклад у развіццё сусветнай навукі.
На іх рахунку тысячы ўратаваных жыццяў
З вялікай павагай расказвала Наталля Іванаўна пра нашых вядомых землякоў медыкаў. Былы галоўны ўрач Маладзечанскай абласной станцыі пералівання крыві кандыдат медыцынскіх навук Франц Світо стаяў ля вытокаў развіцця сістэмы донарства ў нашай краіне. Доктар медыцынскіх навук, прафесар Леанід Путырскі працаваў галоўным мамолагам краіны, выратаваў жыццё тысячам жанчын. За 34 гады яго кіраўніцтва ў Мінскай вобласці на 30 працэнтаў знізілася колькасць выпадкаў запушчанага раку малочнай залозы.
Добра вядома маладзечанцам і імя ўраджэнца Селівонаўкі доктара хімічных навук Фёдара Капуцкага. Ён распрацаваў і ўкараніў тэхналогію вытворчасці акісленай цэлюлозы і шэрагу эфектыўных лекавых прэпаратаў на яе аснове.
Ураджэнец Барысаўшчыны заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь Юрый Астроўскі -- заснавальнік кардыяхірургічнай службы краіны. На яго рахунку восем тысяч аперацый на адкрытым сэрцы і сасудах. У лютым 2009 года ён выканаў першую ў краіне трансплантацыю донарскага сэрца.
Шмат імёнаў знакамітых дзеячаў культуры, мастацтва, алімпійскіх чэмпіёнаў гучала ў час гэтай сустрэчы. Ігар Лучанок, Міхаіл Фінберг, Марыя Захарэвіч, Міхаіл Казінец, Валерый Шкаруба, Уладзімір Дражын, Рамуальд Клім, Антаніна Кошаль, Кацярына Карстэн і многія іншыя ўнеслі вялікі ўклад у развіццё сталічнай вобласці і ўсёй Беларусі.
-- Кожны, хто знаходзіцца ў гэтай зале, таксама заслугоўвае павагі і пашаны. Многія з вас па сорак, а тое і больш гадоў аддалі рабоце на сваіх прадпрыемствах і ўстановах. Вы годны прыклад працавітасці, патрыятызму для маладога пакалення, -- падвяла вынік сустрэчы Наталля Гайковіч.
Кіраўнік народнага ўніверсітэта нагадала, што наступныя заняткі будуць выязнымі: плануецца экскурсія ў Нясвіжскі і Мірскі замкі.
ВАЗЬМІЦЕ НА ЗАМЕТКУ
Каб ісці ў нагу з часам
Карысную інфармацыю прадставілі прысутным педагогі Маладзечанскага гандлёва-эканамічнага каледжа загадчык аддзялення прафпадрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Аксана Дзялендзік і выкладчык інфармацыйных тэхналогій Святлана Лапцік. Яны запрасілі пенсіянераў на курсы па асваенні камп’ютара і мабільнага тэлефона.
Курс «Камп’ютар для пачынаючых» разлічаны на 20 гадзін. Заняткі па жаданні навучэнцаў праводзяцца як у дзённы, так і ў вячэрні час, іх перыядычнасць таксама ўзгадняецца. Групы набіраюцца да 10 чалавек. Кошт -- 23 рублі за курс.
Навучыцца карыстацца сучасным мабільным тэлефонам можна за 6 гадзін курса, кошт якога 8 рублёў.
Кантактныя тэлефоны: 8-029-768-65-91, 77-75-69.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў МІНСКАГА АБЛАСНОГА КРАЯЗНАЎЧАГА МУЗЕЯ.