Новости Молодечно и Молодечненского района

Любыя сэрцу ўспаміны…

  • 2024-12-24 07:18:00

З усіх рэлігійных свят Нараджэнне Хрыстова для мяне з дзяцінства з’яўляецца самым радасным і доўгачаканым.

Я ўраджэнка нарачанскага краю. Наша вялікая і дружная сям’я з дзесяці чалавек жыла ў невялікай вёсачцы Ляшчынскія. У доме маіх бацькоў заўсёды панавалі парадак, цеплыня, дружба. Мама і тата жылі ў згодзе, паважалі адзін аднаго. Яны пакінулі добрую памяць пра сябе ў нас – дзяцей, сваякоў, суседзяў. Светлымі ўспамінамі пра сваё дзяцінства я працягваю жыць і цяпер. Гэтыя ўспаміны даюць мне сілу і натхненне. Хачу падзяліцца імі і з чытачамі «Маладзечанскай газеты».

Усе ведаюць, што Калядам папярэднічае чатырохтыднёвы пост, або ў нас, католікаў, адвэнт. У час яго забараняюцца вясёлыя гулянні, абмяжоўваюцца мясныя стравы. Апошні, чацвёрты тыдзень, амаль поўнасцю прысвячалі ўборцы ў доме. Бялілі столь, сцены, печ, пяском чысцілі чыгункі, каструлькі, «паліравалі» ручкі качэргаў і відэльцаў. Сеннікі на ложках набівалі свежай саломай. Работы хапала на ўсіх.

Замешвалі і пяклі булкі, варылі мяса, каўбасы, квашаніну. Усё гэта выносілі потым у кладоўку і пакідалі да Каляд. Куцця, ці вігілія, гатавалася з посных страў. Абавязкова варылі кісялі: белы – з аўса, а чырвоны – з журавін. Пяклі клёцкі «сліжыкі», залівалі салодкім цёртым макам. Якая смаката!

Для нас, дзяцей, вялікай радасцю і шчасцем было, калі тата з лесу прывозіў ёлку. Некалькі гадзін яна ляжала на падлозе, адтайвала, напаўняючы дом прыемным хваёвым водарам. Потым мы з мамай яе ўпрыгожвалі. З каляровай паперы рабілі ланцужкі, ліхтарыкі. Вешалі на ёлку яблычкі-«райкі». А наша любімая бабуня спецыяльна для каляднай ёлкі пякла вельмі смачнае пячэнне. Для яго было 12 фігурных бляшаных формачак – зайчыкі, вавёрачкі, зорачкі і іншыя. Для таго каб зручна было ўцягнуць нітку, у кожным пячэнні мы, дзеці, напарсткам рабілі дзірачку. І які ж гэта быў вясёлы, сапраўды цудоўны для нас рытуал…

Малыя, мы ведалі: трэба быць вельмі паслухмяным і добрым, каб атрымаць падарунак. Цяпер усе гавораць, што падарункі прыносіць Дзед Мароз, а мы іх атрымлівалі ад святога Мікалая. Мы вельмі яго чакалі, хацелі ўбачыць! Нават наладжвалі па чарзе дзяжурства, вартавалі ля акна, дзвярэй. Але з году ў год усё было дарэмна, падарункі заўсёды пад ёлкай знаходзілі – і ўсё… Святога Мікалая ўбачыць так і не давялося... Дарослыя тлумачылі гэта тым, што нехта з нас усё ж быў не вельмі паслухмяным.

На вігілійны стол дарослыя абавязкова сыпалі збожжа, а зверху клалі сена – гэтым потым частавалі свойскую жывёлу. Стол накрывалі белым абрусам, запальвалі свечку, у цэнтры на самай прыгожай талерцы ляжалі аплаткі. Напярэдадні мы ўсе хадзілі ў лазню. Перад тым як сесці за стол, заўсёды чыталася малітва: усе станавіліся на калені, а тата быў заўсёды вядучым малітвы…

І сёння памятаю той выпадак. У адзін з такіх вечароў мы толькі рыхтаваліся сесці за стол, як раптам нехта пастукаў у дзверы. На парозе стаяў жабрак, прасіўся пераначаваць. А зімы былі сцюдзёныя, з моцнымі маразамі, глыбокім снегам, завеямі… Адразу відаць было, што наш госць вельмі стаміўся… Тата павёў яго ў лазню (мы, дзеці, цішком злавалі на дзеда, бо з-за яго нам даводзілася чакаць смачную вячэру). Калі яны вярнуліся, мы госця не пазналі. Ён быў пабрыты, падстрыжаны, пераапрануты, а яго сярмяга і лапці засталіся сушыцца ў лазні. Бабуня нас паклікала і растлумачыла, што гэта «падружны чалавек» (у нашай сям’і размаўлялі па-польску) і за вігілійным сталом павінны быць усе разам. Аплатак у рукі заўсёды браў самы дарослы – гэта была наша бабуня. Па чарзе мы падыходзілі і адломлівалі кавалачак. Бабуня гаварыла нам прыемныя словы, віншавала з Нараджэннем Езуса, жадала добрай вучобы, падхвальвала нас. Святочна апранутыя, усе садзіліся за стол. У гэту ноч спаць даводзілася вельмі мала. Тата запрагаў каня ў сані і вельмі рана ехалі ў касцёл на Пастэрку. Касцёл знаходзіўся за сем кіламетраў ад нашай вёскі, здалёк чуліся званы, якія запрашалі на малітву. Прыхаджане былі па-святочнаму апранутыя, яны віншавалі адзін аднаго, шчыра запрашалі ў госці. Працэсія ішла вакол касцёла, спявалі святочныя песні. У адзін з такіх дзён у працэсіі ішлі дзве жанчыны ў чорных хустках і выціралі слёзы. Я, маленькая, доўга выглядвала сярод людзей тых, хто мог іх пакрыўдзіць: вельмі хацела ўбачыць таго дрэннага чалавека. Як можна ў такія дні, ды і ўвогуле, крыўдзіць бліжняга?! Не разумела тады, што ў гэтых жанчын нядаўна памёр нехта з радні…
Вяртаючыся дадому, мы ўсе дружна садзіліся за святочны стол, на якім былі самы лепшы посуд, духмяныя смачныя стравы. Вясёлы, цёплы настрой панаваў у нашых бацькоў, які перадаваўся і нам, трывала ўмацоўваўся ў нашых дзіцячых душах і сэрцах. 

Мы даўно выраслі і нават паспелі састарэць, маем свае сем’і. Але ўспаміны пра бацькоўскі дом, дзяцінства назаўсёды застаюцца ў памяці любога чалавека. Дзякуй блізкім, гэтыя ўспаміны ў нас светлыя і шчырыя.

Дарагія чытачы! Віншую вас усіх, як католікаў, так і праваслаўных, з Нараджэннем Хрыстовым і Новым годам!

З дабром, павагай і любоўю да ўсіх вас, Антаніна СВЯТОХА, парафіянка касцёла св. Юзафа ў Маладзечне