Вясковыя бібліятэкі па-ранейшаму папулярныя сярод чытачоў. Карыстаюцца іх паслугамі людзі розных узростаў.
– Літаратурай цікавяцца і маладыя людзі, і вяскоўцы працаздольнага ўзросту, і пенсіянеры, – паведаміла загадчык філіяла №17 «Сельская бібліятэка-клуб в. Вязынка» Людміла Ракоць. – Прычым перавагі ў кожнай групы насельніцтва розныя. Мужчынам больш падабаюцца дэтэктывы і фантастыка, жанчынам – гістарычныя раманы, класічная літаратура. Наведвальнікі бібліятэкі ахвотна чытаюць газеты і часопісы.
Субяседніца адзначыла, што сярод найбольш запатрабаваных аўтараў шмат класікаў айчыннай літаратуры. Сярод іх Уладзімір Караткевіч, Васіль Быкаў, Іван Мележ, Іван Шамякін. Творы гэтых майстроў роднага слова ўключаны ў школьную праграму. Людзі праз шмат гадоў перачытваюць іх. Дарэчы, самай дарослай мясцовай чытачцы 84 гады.
– У бібліятэцы наладжана цеснае супрацоўніцтва з Купалаўскім мемарыяльным запаведнікам «Вязынка», – дадала Людміла Генрыхаўна. – Праводзяцца сумесныя мерапрыемствы. Для дзяцей працуе клуб экалагічнага напрамку «Пралеска». У час заняткаў для хлопчыкаў і дзяўчынак ладзяцца гульні, віктарыны, пазнавальныя экскурсіі.
Дарослыя могуць рэалізаваць свае здольнасці і навучыцца нечаму новаму ў гуртку па дамаводстве «Кудесница».
На думку Людмілы Ракоць, сучасныя гаджаты не заменяць цалкам кнігі, часопісы і газеты, да якіх людзі прывыклі. Яны ствараюць для чытача асаблівую атмасферу.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ.