Святлана Аляксандраўна родам з вёскі Боркаўшчына, Аляксей Мікалаевіч прыехаў у наш раён з Гродзеншчыны. Разам з імі жыве матуля Святланы Раіса Міхайлаўна Крылова. Гадоў 15 таму яны купілі невялічкі домік на завулку Першамайскім. Ён, можна сказаць, быў закінуты, прадаваў яго ўнук былых гаспадароў. Побач з домам рос стары сад, які Святлана і Аляксей выкарчавалі, а на яго месцы пасадзілі маладыя яблыні, ігрушы, слівы. Нямала сіл і сродкаў уклалі ў дом, падворак. Зрабілі прыбудову, дом абшылі сайдынгам. Узвялі шмат гаспадарчых пабудоў: гараж, хлеў, альтанку, лазню. Нельга не заўважыць, што ўсе яны аздоблены то малюнкамі на сценах, то рознымі налічнікамі, іншымі элементамі дэкору. І ўсё гэта гаспадары рабілі самі. У абодвух залатыя рукі і вялікае жаданне зрабіць сваю сядзібу непадобнай на іншыя. Сцены дома з боку двара ўпрыгожваюць кветкі, якія намалявала Святлана Аляксандраўна.
Прычым зрабіла іх аб’ёмнымі, перад тым як расфарбаваць, наносіла на дэталі слаі тынкоўкі, цэменту. Сцяну гаража ўпрыгожваюць сімпатычныя Маша і Мядзведзь з мульціка, які любяць унукі. А на фасадзе -- імітаваныя вокны з ружамі. Дарэчы, у кветніку гаспадыні цвітуць шыкоўныя ружы -- ружовыя, чырвоныя, аранжавыя.
Аднак першае, што кідаецца ў вочы, калі падыходзіш да гэтага дома, -- прасторная веранда са шкла. І што за дзіва: на паліцах -- дзясяткі дрэў і кветак з бісеру, вазы розных памераў з шыкоўнымі букетамі. Заходзіш у веранду -- нібы трапляеш у музей ці дом рамёстваў. З дзясятак гадоў Святлана Аляксандраўна захапляецца бісерапляценнем. Адна з першых яе работ -- букет з макаў. Ёсць у калекцыі і нарцысы, фіялкі. А колькі дрэўцаў! І ўсе нашы, родныя, беларускія: дубы, бярозкі, ялінкі… Цяжка ўявіць, колькі бісерынак трэба нанізаць, каб «вырасціць» такое дрэўца. Кілаграмамі купляла рукадзельніца бісер, і цяпер запас ёсць.
-- Я шмат гадоў працавала брыгадзірам у аграфірме «Лебедзева». Іду, бывае ўздоўж поля, убачу прыгожы дубок ці бярозку -- і так захочацца яго ў бісеры паўтарыць. Начамі сядзела -- настолькі было вялікае жаданне, -- расказвае жанчына.
Дарэчы, і на пенсіі яна працягвае працаваць у сельгасгаспадарцы вартаўніком на збожжасховішчы. Аляксей Мікалаевіч трактарыст, цяпер задзейнічаны на загрузцы кармоў на ферме.
Святлана Аляксандраўна стварае таксама прыгожыя вазы з кардону, абклейвае іх жгутом. А кветкі робіць з ільнянога палатна, яны вельмі гарманічна глядзяцца ў букетах. Асвоіла і тэхніку вырабу кветак з рознакаляровых стужак, пляценне з папяровых трубачак.
Рукадзеллем Святлана Аляксандраўна займаецца восенню, зімой. А ў цёплы перыяд у іх з Аляксеем Мікалаевічам пачынаюцца клопаты на агародзе. Гаспадар змайстраваў адмысловыя цяпліцы, у якіх растуць памідоры, агуркі, іншая агародніна. Вырошчваюць яны і кавуны, якія гэтым спякотным летам паспелі выспець. Калі на выхадныя, святы збіраецца вялікая сям’я -- чатыры дачкі, пяцёра ўнукаў, зразаюць, каштуюць чарговы кавун. І на смак яны не горшыя за магазінныя, прывезеныя з поўдня.
Аладкі з кабачкоў ад Святланы Карпіновіч
Кабачок нацерці на бурачнай тарцы, пасаліць, даць хвілін 5 пастаяць, затым адціснуць.
Дробна парэзаць зялёную цыбулю, для смаку дадаць парэзанай вэнджанай каўбаскі. Дадаць 50-100 грамаў нацёртага сыру, 2 сырыя яйкі, 2 ст.л. мукі, соль, перац па смаку. Можна яшчэ дадаць зеляніну пятрушкі і сельдэрэю. Смажыць, як звычайныя аладкі. Яны атрымліваюцца смачнымі і сытнымі.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: АЎТАР, архіў Святланы КАРПІНОВІЧ.