Новости Молодечно и Молодечненского района

Лёс іх збярог, вярнуліся жывымі

  • 2024-02-20 13:45:58
  • Анжаліка Крупянькова

Жыхары Груздава, Літвы і Палачан Віктар Мішчанка, Васілій Падрэз і Анатолій Іода праходзілі тэрміновую службу ў розныя гады, у розных родах войск. Аднак у сэрцы кожнага з іх незагойная рана, імя якой – Афганістан.
Яны сталі галоўнымі героямі ўрачыстага мітынгу «Афганістан – наша памяць і боль» у Палачанскай СШ, прысвечанага Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў. Навучэнцы, педагогі мінутай маўчання ўшанавалі памяць загінулых воінаў. Сярод іх і ўраджэнец Палачан Рыгор Маскалевіч, які назаўсёды застаўся 26-гадовым прапаршчыкам. Пасмяротна ён узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Рыгор закончыў 8 класаў Палачанскай СШ, яго імя ўшанавана на мемарыяльнай дошцы на будынку школы. Група актывістаў ГА «БРСМ» разам з педагогамі Юрыем Мяцельскім, Аксанай Сарока і Ганнай Шарамет усклалі кветкі на магілу героя.

Да мерапрыемства была падрыхтавана выстаўка, прысвечаная Рыгору Маскалевічу і іншым загінулым воінам-інтэрнацыяналістам нашага раёна. Успамінамі пра Рыгора падзялілася яго цётка, дэпутат Палачанскага сельскага Савета дэпутатаў Ніна Станевіч. З вялікай увагай слухалі вучні і выступленні воінаў-афганцаў. Адчувалася, як нялёгка даюцца ім ўспаміны пра вайну. Кожны з іх прайшоў на ёй свой этап. Віктар Мішчанка трапіў у Афганістан, калі вайна толькі пачыналася, служыў старэйшым майстрам, аўтамеханікам-вадзіцелем. На долю разведчыка-дэсантніка Васілія Падрэза (дарэчы, ён выпускнік Палачанскай СШ) выпаў самы разгар канфлікту. За мужнасць і гераізм ён узнагароджаны медалём «За адвагу». Былы механік-вадзіцель батарэі артылерыйскай разведкі Анатолій Іода успамінаў, як пры вывадзе савецкіх войскаў іх танк апошнім праехаў мост праз раку Амудар’ю…

Жывыя кветкі ад навучэнцаў – даніна ўсеагульнай увагі былым воінам за іх мужнасці і стойкасць.

– Сустрэчы з воінамі-інтэрнацыяналістамі ў нашай школе ладзяцца штогод. Яны дапамагаюць юнаму пакаленню лепш зразумець гісторыю, усвядоміць, як важна сёння берагчы мір, даражыць нашым спакойным жыццём, – адзначае арганізатар і вядучы мерапрыемства кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Юрый Мяцельскі.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА
Фота: архіў Палачанскай СШ