Сажалка ў Маліноўшчыне з’яўляецца своеасаблівым прытулкам для дзікіх вадаплаўных у халодную пару года. Многія лебедзі і качкі выбіраюць для зімоўкі менавіта гэты незамярзаючы вадаём, а не далёкі вырай.
Калі некалькі дзён таму наведаў Маліноўшчыну, жыццё на паверхні воднага аб’екта літаральна віравала. Падарожніка сустракалі пара велічных лебедзяў і некалькі дзясяткаў юркіх качак. Калі лебедзі даверліва падплылі да мяне, іх крылатыя суседзі расплыліся па ўсім вадаёме. Аднак ніхто ні з кім не сварыўся. Месца хапала ўсім.
Як сцвярджаюць арнітолагі, у нашай краіне з кожным годам застаецца зімаваць усё больш пералётных птушак. Гэтаму спрыяюць пацяпленне клімату і наяўнасць харчовых рэсурсаў.
Ля чалавечага жылля заўсёды можна знайсці, што пакласці ў дзюбу. Ды і месца для гнездавання ёсць магчымасць заняць загадзя, а не змагацца за яго з канкурэнтамі, што вярнуліся з далёкіх краёў.
Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ