Сямейнае трыа
Данута Іосіфаўна шмат дзесяцігоддзяў аддала працы ў жывёлагадоўлі, была загадчыцай фермы. А цяпер у яе ўласная птушыная ферма: 30 курэй і столькі ж качак.
Святлана Іванаўна – прафесійная швачка, працавала на фабрыцы «Юнона», пазней – на заводзе металаканструкцый, падпрацоўвае і на пенсіі. Яна выдатная рукадзельніца — шые, вяжа кручком і пруткамі эксклюзіўнае адзенне.
Зусім побач, праз некалькі хат, знаходзіцца дача малодшай дачкі Даны Іосіфаўны Ганны Владыка, якая да выхаду на пенсію працавала дырэктарам раённай цэнтралізаванай клубнай сістэмы, а цяпер узначальвае жаночы клуб «Сучасніца» гарадскога Палаца культуры. Маці і дочкі вельмі дружныя, заўсёды падтрымліваюць адна адну. А яшчэ ўсе тры маюць прыгожыя галасы. Ні адны сямейныя вячоркі не абыходзяцца без песень. Не так даўно іх прыгожую сядзібу здымала Сталічнае тэлебачанне. Журналісты былі ў захапленні, калі сямейнае трыа выконвала адну са сваіх любімых песень «Тонкая рябина»…
«Калі што задумалі — зробім!»
За 50 гадоў сядзіба Чапуркоў набыла новае аблічча. На месцы маленькай хацінкі Данута Іосіфаўна і яе муж Іван Аляксандравіч узвялі прасторны, прыгожы дом, з цягам часу – гаспадарчыя прыбудовы. Адметна, што ў аснове дома зруб бацькоўскай хаты, прывезены з Ермакоў – як сімвал пераемнасці пакаленняў, як абярэг.
— А вось гэты домік, які ў розныя часы служыў нам лазняй, летняй кухняй, а цяпер альтанкай, я сама будавала. — Данута Іосіфаўна падводзіць нас да невялікай пабудовы, якую ахоўвае фігурка льва. — Праўда, фундамент быў, а сцены сама выкладала, дах накрывала.
Яшчэ адну альтанку змайстравала Святлана. Ідэю «пазычыла» ў кафэ «Крысціна»: сцены апляла лазой, столь – дэкаратыўным вінаградам.
«Мы такія! Калі што задумалі — спаць не будзем, а зробім!» — гавораць працавітыя гаспадыні.
Неяк у інтэрнэце Святлана ўбачыла, як з зацэментаванай тканіны рабіць вазы, гаршчкі, кашпо. Паспрабавала – атрымалася, упрыгожыла імі куточкі сядзібы.
— Раствор разводжу з чыстага цэменту, у яго апускаю стары абрус ці посцілку, абкручваю ім форму, раблю драпіроўку. Прыгожыя кашпо атрымліваюцца з вязаных кофт, з іх рукавоў прыдумваю ручкі, — дзеліцца сакрэтамі рукадзельніца.
«Іду на работу — з кветкамі вітаюся»
Да дома ад вуліцы вядзе выкладзеная пліткай сцежка. Уздоўж яе – буйства кветак, без якіх Святлана не ўяўляе сваё жыццё. Прызнаецца, што рэдка вяртаецца з рынку без чарговага пачка якога-небудзь насення. Іншы раз нават прыхавае, каб дома не папракалі…
— Раней перад домам вішняк рос, я яго выкарчавала і ўсё кветкамі засадзіла – сотак дзесяць, не менш. У розны час года мой кветнік мяняецца. Вясной цюльпаны радуюць, я іх вельмі люблю, разводжу дзясяткі сартоў. Ёсць нават падобныя на марожанае… На змену ім летам зацвітаюць лілеі, ружы, флёксы, гладыёлусы, каны, многія іншыя кветкі – усіх не пералічыш.
Многія віды Святлана заказвае па пошце. Так, да прыкладу, было з мяцёлчатай гартэнзіяй: убачыла ў інтэрнэце — і «захварэла». Цяпер ля дома тры кусты гэтай прыгожай расліны. Родам з Польшчы кусцістая ружа і дрэвападобная гартэнзія, рададэндраны. Прыжылася прывезеная з Адэсы аксамітная ружа, якая ўецца.
Кветкавод расказвае, што на зіму абавязкова шчыльна ўкрывае ружы, каб не змерзлі. Калі раней шмат садзіла аднагадовых раслін, то цяпер аддае перавагу шматгадовым, даглядаць якія больш проста. Ды ўсё роўна кожная кветачка патрабуе ўвагі і працы. Каб паліваць кветнікі і агарод, сёлета спякотным летам гаспадыні прабілі свідравіну.
Для градак ля сядзібы таксама адведзена шмат месца. Добра ў гэтым годзе ўрадзілі клубніцы — вёдзер 60 сабралі. Растуць яны пад спанбондам. Святлана Іванаўна развяла рэдкі сорт «Купчыха» — надзвычай смачны і пладаносны.
— Так, клопатаў у кветніку і агародзе шмат. Але ж колькі радасці яны прыносяць! Іду раніцай на работу — дакрануся да сваіх лілей ці руж, прывітаюся. І адразу настрой паднімаецца! – гаворыць мая субяседніца.
Надышла восень, аднак кветкі будуць радаваць сваіх клапатлівых гаспадынь яшчэ вельмі доўга. Па другім разе цвітуць ружы, нібы зорачкі, ззяюць хрызантэмы і астры, велічна ўзвышаюцца веліканы-гладыёлусы, да позняй восені палымнее сальвінія. А Святлана плануе ўжо, як абнавіць свой кветнік будучай вясной, каб ён стаў яшчэ больш прыгожым.
Тэкст і фота: Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.