Новости Молодечно и Молодечненского района

Курганы ля вёскі

  • 2025-04-16 06:32:00
  • Олег Беганский

Капачы – невялікая вёска ў Хажоўскім сельсавеце. Прыкладна 80 жыхароў, каля 35 двароў. Здаецца, нічога цікавага. Аднак гісторыі населенага пункта могуць пазайздросціць нават некаторыя гарады-мільённікі.

Так, пра Капачы ўпершыню ўпамінаецца ў 1433 годзе. У 1592-м гэта сяльцо, у 1759-м – фальварак і вёска. Па стане на 1897 год тут жылі 253 чалавекі, налічвалася 37 двароў, былі хлебазапасны магазін, вадзяны млын.

У часы Вялікай Айчыннай вайны ў Капачах акупанты спалілі пяць двароў, загубілі пяцярых мірных жыхароў. У баях супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў загінулі 16 вяскоўцаў.

Ваенная віхура праносілася па акрузе не раз. Ля вёсак Груздава і Капачы, паміж двух курганоў, знаходзіцца раўніна, яшчэ з часоў княжых міжусобіц названая Чырвонай Валокай. Згодна з паданнямі на гэтым полі сышліся ў сечы дружыны князёў Жыгімонта Кейстутавіча і Свідрыгайлы. Удзельнічаў у бітве рыцар Андрэй Саковіч. З ім звязваюць з’яўленне іконы Божай Маці, вялікай святыні, якая знаходзіцца ў Груздаўскай царкве.

Адзначым, што ў раёне Капачоў людзі жылі яшчэ да пачатку летапіснай гісторыі. Недалёка ад вёскі на правым беразе рэчкі Бярэзіны можна заўважыць сем круглых насыпаў вышынёй да 1,5 метра і дыяметрам ад 6 да 12 метраў. У 1985 годзе іх даследавалі археолагі. Старажытныя курганы, сведкі падзей былых стагоддзяў, захоўваюць мудрасць нашай зямлі.

Тэкст і фота: Алег БЯГАНСКІ