Новости Молодечно и Молодечненского района

Круцілі колы ад Маладзечна да Пастаў і далей…

  • 2021-09-06 11:20:13
  • Анжаліка Крупянькова

Група падабралася разнастайная як па геаграфіі месца жыхарства ўдзельнікаў, так і па ўзросце. Касцяк складалі маладзечанцы, але былі і турысты з Мінска, Барысава, Гродна. Самай старэйшай Таццяне Андронавай, ветэрану фізічнай культуры і спорту – 70 гадоў, самым малодшым блізнятам Лізе і Насці Старчанка — па восем. Дзяўчынкі адправіліся ў такое вялікае падарожжа ўпершыню разам з мамай Кацярынай і татам Дзмітрыем – вопытнымі турыстамі, якія хадзілі ў паходы са школы. Акрамя Лізы і Насці былі іншыя навічкі: Артур Сідаровіч з Гродна, маладзечанка Наталля Елфімава.

За дзень турысты праязджалі ад 30 да 50 кіламетраў. Аднак адлегласць не галоўная мэта такіх паходаў. Кожны дзень быў насычаны сустрэчамі з цікавымі людзьмі, знаёмствам з помнікамі архітэктуры і прыроды, экскурсіямі ў музеі.

Найперш яны па добрай традыцыі завіталі ў вёску Заброддзе на Вілейшчыне да даўняга сябра нашых турыстаў Барыса Цітовіча, стваральніка адзінага ў Беларусі музея Першай сусветнай вайны. Экспазіцыя пастаянна абнаўляецца. Вось і на гэты раз турысты змаглі ўбачыць яшчэ не адкрытую для наведвальнікаў мініяцюрную рэканструкцыю баявых дзеянняў пад Мядзелам. Яна знаходзіцца ў адным з чатырох вагонаў цягніка, які з цягам часу стане музеем.

У Мядзеле вандроўнікі наведалі музей СШ №1, частка экспазіцыі якога прысвечана беларускаму паэту Уладзіміру Дубоўку. У Паставах таксама была экскурсія ў краязнаўчы музей і па гістарычным цэнтры горада, дзе захавалася шмат пабудоў мінулых стагоддзяў.

Вёска Стары Двор на Пастаўшчыне – малая радзіма Сяргея Бялкова. Ён захаваў, дагледзеў бацькоўскі дом, збудаваў лазню, у якой абавязкова парацца ўсе яго сябры па вандроўцы. Вёска знаходзіцца на беразе прыгожага возера. Ёсць тут «Чортаў камень» — вялікі валун са следам ступні. З ім звязана легенда пра тое, што чорт адштурхоўваўся ад яго і скакаў на астраўкі, што былі ў возеры, а затым схаваліся пад вадой…

У вёсцы Дунілавічы турысты любаваліся каталіцкім храмам Святой Тройцы, наведалі могілкі часоў Першай сусветнай вайны, дзе, па словах мясцовага краязнаўца Франца Хоміча, разам з нашымі воінамі пахаваны кітайскія. Тут таксама знаходзіцца мемарыял у памяць пра ахвяры фашысцкага гета. У вёсцы Лучай пабывалі ў касцёле Святога Тадэвуша, падняліся на званіцу, убачылі старадаўнія іконы, Біблію, арган.

Безумоўна, былі і цяжкасці, і стомленасць. У адзін з дзён ішоў моцны дождж, усе прамоклі да ніткі. Аднойчы давялося прадзірацца праз зараснік крапівы і хмызняку. Не проста было перапраўляцца з веласіпедамі праз стары і вельмі вузкі падвясны мост. Нават для некаторых вопытных турыстаў гэта пераправа стала выпрабаваннем, што ўжо гаварыць пра навічкоў…

На прывале. Самыя малодшыя ўдзельніцы паходу Ліза і Насця Старчанка, іх тата Дзмітрый, а таксама Таццяна Андронава, адна з самых вопытных турыстак.

— Уражанні вельмі моцныя! Ніколі не забуду, як, прачынаючыся раніцай, мы з палаткі любаваліся прыродай, як слухалі птушыныя спевы, купаліся ў возеры, збіралі баравікі ля Талуці. А якімі смачнымі былі супы і кашы з агню! – дзеліцца ўражаннямі Наталля Елфімава.

— Нядаўна мы ішлі па сцежцы, пад нагамі трэснула галінка, і адна з дачок усклікнула: «Так трашчаць паленні ў вогнішчы! Хачу касцёр!» – далучаецца да размовы Кацярына Старчанка. – Я вельмі рада, што мы паехалі ў паход усёй сям’ёй, што нашы дзеці справіліся з цяжкасцямі, адкрылі для сябе шмат новага і цікавага, убачылі, якая прыгожая наша Беларусь.

Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: архіў ФСК «АГЕНЬЧЫК».