Новости Молодечно и Молодечненского района

Креативная карта Молодечно подчеркивает уникальность города

  • 2018-11-09 11:03:03
  • Алег Бяганскі

У час прэзентацыі госці мерапрыемства і самі праявілі крэатыўны падыход да гарадской навігацыі. Яны адзначылі, што арыентавацца ў Маладзечне можна нават... па паху. Так, мікрараён «Усходні» мае водар прыроды, «Цэнтральны» – феерверкаў. А ўвогуле, месца, дзе мы жывём, цалкам апраўдвае назву горада сонца.

— Мэта праекта – аб’яднаць людзей розных узростаў і прафесій для сумеснай дзейнасці, — расказалі аўтары карты Ганна Холад і Валянціна Сідоркіна. — Для гэтага трэба было падкрэсліць унікальнасць горада, паглядзець на яго вачамі мясцовых жыхароў. Важна і тое, што праект паспрыяе развіццю бізнесу, прыцягне дадатковую колькасць турыстаў.

У складанні карты актыўны ўдзел прымалі самі маладзечанцы. Яны запаўнялі анкеты, у якіх прапаноўвалі адзначыць не толькі месцы правядзення вольнага часу, але і персанажаў, аб’екты, з якімі звязаны гарадскія легенды, цікавыя факты. У праекце была задзейнічана каманда дызайнераў, мастакоў, края-
знаўцаў, проста неабыякавых гараджан.

Такім чынам, праект можна лічыць сапраўды народным. Ён дазволіў паказаць адметнасць гарадской прасторы, зацікавіць людзей больш глыбока вывучаць гісторыю і жыццё Маладзечна. А дзякуючы крэатыўнаму падыходу інфармацыя пададзена даступна. Яна стымулюе карыстальнікаў карты на далейшыя пошукі цікавага і незвычайнага.

Аўтары зазначылі, што ў далейшым карта будзе абнаўляцца. На ёй з’явяцца новыя аб’екты. Прычым «народны» характар прапаноў не адмяняецца. Таксама плануецца перакласці яе на англiйскую мову, стварыць аўдыягід па Маладзечне і інтэрактыўную 3-D версію найбольш знакавых месцаў.
У час прэзентацыі прагучалі прапановы пазначыць і тыя аб’екты, якія ўжо не існуюць (напрыклад, былую трыумфальную арку ў Гелянове). А яшчэ было б карысна выйсці за межы горада і адзначыць Маладзечанскае замчышча, аграсядзібы, помнікі прыроды...

У тэму. У свеце назапашаны вялікі вопыт складання крэатыўных карт. Яны адлюстроўваюць, напрыклад, узровень спажывання кавы, колькасць вучоных на мільён чалавек, папулярнасць інтэрнэт-браўзераў, схільнасць да атлусцення…
Ёсць карты, выкананыя ў выглядзе карцін, нотнага запісу, схемы метро, кветак, гадзіннікаў, аб’ёмныя, карты з каштоўных металаў, дароў мора, рознакаляровага пяску і гэтак далей. Існуе нават рухомая інтэрнэт-карта «Глобус Беларусі».
Алег БЯГАНСКІ.
Фота: Таццяна Сафонава і Алег Бяганскі.