Першай на наш нядаўна аб’яўлены конкурс адгукнулася жыхарка аграгарадка Палачаны і наша пастаянная чытачка Ала Гулевіч.
У яе сямейным архіве захавалася выразка з нашай газеты пачатку 2000-х гадоў. У ёй журналістка Алена Лашук расказала пра жыхароў Палачан, якія трымаюць кароў і здаюць дзяржаве малако. А фотакарэспандэнт Андрэй Каскін праілюстраваў матэрыял здымкамі. На адным з іх муж Алены Андрэеўны Мікалай Віктаравіч, які якраз выліваў малако ў бітон. Побач з ім малаказборшчык Антон Серафімовіч. Ала Андрэеўна са смуткам расказвае, што мужа не стала ў 2014 годзе. Трагічна скончылася жыццё і Антона Серафімовіча. Пажоўклая выразка з газеты -- як памяць аб іх і тых шчаслівых імгненнях жыцця, калі ўсе былі жывыя і здаровыя…
-- Муж працаваў шафёрам, слесарам у мясцовай гаспадарцы, я -- даяркай на ферме. Выгадавалі траіх добрых дзяцей: сыны Міхаіл і Сяргей жывуць у Мінску, дачка Вольга, унук Андрэй засталіся ў Палачанах, працуюць у мясцовай гаспадарцы. Мы з мужам шмат працавалі, трымалі і па дзве каровы, а абедзенны ўдой здавалі дзяржаве. За гэта нам выдзялялі сена, прывозілі рулоны. Тады яшчэ ў нашай вёсцы многія трымалі кароў, статак быў пад сто галоў, -- успамінае наша чытачка.
На здымку побач -- суседка Гулевічаў Тамара Шэмет. Цяпер Тамара Васільеўна, Ала Андрэеўна не трымаюць кароў, як і большасць вяскоўцаў.
Маленькая заметка, а колькі ўспамінаў і эмоцый! Дзякуем Але Андрэеўне за ўвагу да нашага выдання і ўдзел у конкурсе!
Яго вынікі мы падвядзём у канцы лета, пераможцы атрымаюць нашы фірменныя кубкі.
А пакуль чакаем ад вас старых выразак з нашай газеты!
Наш адрас: 222310, г. Маладзечна, вул. Прытыцкага, 3а.
Электронны адрас redaktor@mgazeta.by
Вайбер: 8-029-627-16-11.
Даведкі па тэлефонах: 77-19-61, 77-10-51.
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.