Новости Молодечно и Молодечненского района

Комиссии по делам несовершеннолетних. Сто лет на страже детства

  • 2018-01-15 06:55:05
  • Лилия Липницкая


Сёння камісіі па справах непаўналетніх Рэспублікі Беларусь працуюць на падставе Палажэння аб парадку ўтварэння і дзейнасці камісій, зацверджанага пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 10 снежня 2003 года. А закон «Аб асновах сістэмы прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў непаўналетніх» замацаваў галоўную ролю КСН у прафілактыцы дзіцячай безнагляднасці і правапарушэнняў, а таксама абароне іх правоў.

Юбілейная дата — 100-годдзе КСН — стала падставай для размовы з намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Маладзечанскага райвыканкама Вольгай КЛЕПАКОВАЙ.

— Вольга Паўлаўна, раскажыце, калі ласка, якія спецыялісты ўключаны ў склад камісіі?
— Сёння камісія складаецца з 12 чалавек. Узначальвае яе намеснік старшыні райвыканкама Алеся Лукоўская. У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, сацыяльна-педагагічнага цэнтра, упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, інспекцыі па справах непаўналетніх, ГРАНС, БРСМ, аховы здароўя. Гэта людзі вопытныя і адказныя, якія ведаюць праблему знутры і могуць паўплываць на яе.

 За якія правапарушэнні найчасцей разглядаюцца справы дзяцей і падлеткаў на пасяджэннях КСН?
— Самае распаўсюджанае і самае сур’ёзнае па сваіх наступствах правапарушэнне – распіванне спіртных напіткаў ці з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Мы можам канстатаваць змяншэнне колькасці матэрыялаў. За  2017 год разгледжаны 203 пратаколы, у той час як за папярэдні — 244. Між тым летась камісія разгледзела тры матэрыялы аб ужыванні некурыльных тытунёвых сумесей і адзін — аб удыханні пароў клею. У 2016 годзе такія выпадкі не фіксаваліся. Другое ў пераліку правапарушэнняў — дробнае хуліганства (53 пратаколы у параўнанні з 63 у 2016-м). Адзначаецца зніжэнне дробных крадзяжоў (з 18 выпадкаў да 16). За год вырасла колькасць парушэнняў правілаў дарожнага руху — з 102 да 159 выпадкаў. Гэта адсутнасць святлоадбівальных элементаў, пераход праезнай часткі і чыгуначных пуцей у неўстаноўленых месцах, кіраванне транспартам без вадзіцельскага пасведчання… Камісія мела справу з шасцю выпадкамі, калі падлеткі садзіліся за руль у стане алкагольнага ап’янення (у 2016-м — два). Дарэчы, штраф за такое парушэнне вялікі: ад 50 да 100 базавых велічынь.

Адной з прычын супрацьпраўных паводзін непаўналетніх, якія не дасягнулі ўзросту адміністрацыйнай адказнасці, з’яўляецца невыкананне бацькамі абавязкаў па іх выхаванні. Штраф з такой фармулёўкай складае да 10 «базавых», а ў выпадку паўторнага ўчынення правапарушэння — да 20 «базавых».

Здараюцца сітуацыі, калі знаходжанне дзіцяці ва ўласнай сям’і пагражае яго жыццю і здароўю — бацькі вядуць амаральны лад жыцця, ужываюць спіртное або хварэюць на хранічны алкагалізм.
Камісія разгледзела 69 матэрыялаў у дачыненні да гора-бацькоў, што прыкладна на трэць менш, чым год таму. Зразумела, самазаспакаення тут быць не можа. Дарослыя і педагогі ў школе, гуртках і секцыях або суседзі здольныя заўважыць прыкметы сямейнага недабрабыту па фізічным стане, настроі дзіцяці і паведаміць пра гэта, напрыклад, школьнаму псіхолагу, класнаму кіраўніку. Магчыма, сям’я апынулася ў цяжкай сітуацыі і ёй патрэбна дапамога…

Намеснік старшыні КСН Вольга Клепакова, спецыяліст камісіі па справах непаўналетніх Ларыса Мацукатава, сакратар Таццяна Чарнушэвіч.



— Якая роля камісій у рэалізацыі Дэкрэта №18?
— Наша задача — абарона правоў і інтарэсаў непаўналетніх, выяўленне і ліквідацыя прычын і ўмоў для ўчынення правапарушэнняў і безнагляднасці. Адным з крытэрыяў эфектыўнасці работы па прафілактыцы сацыяльнага сіроцтва з’яўляецца аднаўленне сем’яў і стварэнне ўмоў для вяртання дзяцей. За перыяд дзеяння Дэкрэта №18 у раёне 249 непаўналетніх вернуты ў біялагічныя сем’і. Аднак за гэты ж перыяд камісія прызнала патрэбу ў дзяржаўнай абароне і адабрала ў бацькоў 434 дзяцей з 239 сем’яў. За 2017 год 16 дзяцей змешчаны ў сацыяльны прытулак або пад апеку (у 2016-м — 35). Цяпер у раёне становішча 368 дзяцей з 190 сем’яў прызнана сацыяльна небяспечным.

Усяго за 2017 год КСН разгледзела звыш 400 адміністрацыйных матэрыялаў у адносінах да непаўналетніх і іх бацькоў, каля 60 матэрыялаў аб сямейным недабрабыце.

— У час юбілею нельга не ўспомніць тых, хто шмат гадоў быў у складзе камісіі па справах непаўналетніх.
— Больш за дзесяць гадоў рабоце з дзецьмі, падлеткамі і бацькамі аддалі Данілея Жук, Наталля Гайковіч, Людміла Канановіч, Тамара Леановіч, Ніна Герасімовіч, Таццяна Емяльянава, Марыя Козік.
Вынікі дзейнасці КСН залежаць не толькі ад высокага ўзроўню прававой і псіхолага-педагагічнай кампетэнтнасці, але і ад асабістых якасцей супрацоўнікаў. Перш за ўсё гэта неабыякавасць да лёсу дзіцяці, жаданне зразумець і дапамагчы, любоў да сваёй справы, усведамленне таго, што за кожным дакументам, які паступіў у камісію, — гісторыя дзіцяці, асобны лёс, асобнае жыццё.

Захаваць сям'ю надзвычай важна

Камісія па справах непаўналетніх сочыць за лёсам тых, хто прайшоў праз працэдуру забірання дзяцей з сям’і, а пасля – іх вяртання. Часам бацькам патрабуецца кваліфікаваная кансультацыя ў элементарных жыццёвых пытаннях. І яе можна атрымаць ад спецыялістаў камісіі. Па словах Вольгі Клепаковай, калі ёсць магчымасць захаваць для дзіцяці дамашняе акружэнне, сям’ю, то трэба прыкласці ўсе намаганні для гэтага. Вось некалькі гісторый.

... Цяпер Вікторыя жыве ўдваіх з дачкой, працуе і цалкам усвядоміла, што спіртное для яе пад строгай забаронай. На ўласным вопыце пераканалася, што жанчыну ў палоне алкаголю не ратуе нічога — ні дзіцячыя слёзы, ні ўгаворы сваякоў, ні статус «сацыяльна небяспечнае становішча» ці «абавязаная асоба па Дэкрэце №18». Не спыніў яе і той факт, што дзяржава забірае дачку і можа не вярнуць наогул, пазбавіць маці права называцца маці. Віка прызнаецца, што быў час, калі яна нават змірылася з гэтым. Аднак усё ж змагла знайсці ў сабе сілы, прайшла антыалкагольнае лячэнне ў стацыянары, замацавала яго сеансамі псіхатэрапіі, наведвала сходы ана-
німных алкаголікаў. Камісія па справах непаўналетніх назірала за жыццём Вікторыі, аказвала дапамогу, калі тая вяртала дзіця праз суд.
***
Вера — мама трох дачок, адна з якіх ужо дарослая. Доўгі час жанчына нідзе не працавала, ужывала спіртное. Трапіла ў катэгорыю сацыяльна нядобранадзейных. Адну дзяўчынку забраў бацька, на другую аформіла апеку  бабуля. У камісіі аказалі гуманітарную дапамогу, двойчы дапамаглі з працаўладкаваннем. Аддзел адукацыі, спорту і турызму нават хадайнічаў аб спісанні запазычанасці за ўтрыманне дзяцей на дзяржаўным забеспячэнні, каб цяжар доўгу не прыгнятаў жанчыну, якая стала на шлях вы-
праўлення.
***
Віктар гадуе дзвюх дачок. Калі дзяўчынак адабралі ў мамы, якая злоўжывала спіртным, бацькоўства было ўстаноўлена толькі ў дачыненні да аднаго дзіцяці. Сёстры апынуліся ў прытулку. Камісія па справах непаўналетніх дапамагла мужчыну прыйсці да рашэння аформіць бацькоўства ў дачыненні да другой дачкі, і цяпер яны ўсе разам. Праўда, жыллё ў сям’і вельмі сціплае. Пытанне аб паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзіцца на кантролі.

Фота: Аляксей ПЛАТКО.