Новости Молодечно и Молодечненского района

Когда пересчитают «коммуналку»

  • 2019-05-20 05:20:37
  • Алег Бяганскі

За ваду і электраэнергію мы плацім згодна з паказаннямі лічыльнікаў. А вось за вываз смецця грошы налічваюцца аўтаматычна. У пытанні дапамагла разабрацца галоўны бухгалтар разлікова-касавага цэнтра (РКЦ) Маладзечанскага раёна Іна Карасевіч.

Іна Мікалаеўна паведаміла, што парадак пераразліку аплаты за некаторыя віды камунальных паслуг зацверджаны адпаведнай пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь. Згодна з дакументам грамадзянін, які адсутнічае па месцы жыхарства больш за 10 дзён запар, можа разлічваць на перагляд памеру платы за ЖКП па пунктах «водазабеспячэнне і водаадвядзенне» і «газазабеспячэнне» (калі ў кватэры ці доме не ўстаноўлены адпаведныя прыборы ўліку), а таксама «абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі» і «пакрыццё электраэнергіі, што затрачваецца на работу ліфта».  

— Калі чалавек мае намер пакінуць кватэру на 10 і больш дзён, для пераразліку платы за жыллёва-камунальныя паслугі яму трэба загадзя паведаміць пра ад’езд у РКЦ, — падкрэсліла спецыяліст. — Пасля вяртання на працягу 7 каляндарных дзён ён павінен зноў наведаць нашу ўстанову, каб напісаць заяву на пераразлік платы за камунальныя паслугі і прадставіць неабходныя дакументы.

Факт пражывання на дачы пацвярджае даведка, выдадзеная сельвыканкамам або старшынёй садовага таварыства. Даведка сельвыканкама неабходная і ў выпадку пражывання ў сельскім населеным пункце.

Выезд за мяжу можна пацвердзіць імяннымі праязнымі дакументамі, наяўнасцю штампа аб перасячэнні мяжы ў пашпарце ці перакладзенымі на рускую або беларускую мову і заверанымі адпаведным чынам рэгістрацыйнымі даведкамі, атрыманымі па месцы жыхарства ў краіне знаходжання.

Падставамі для пераразліку камунальных плацяжоў таксама з’яўляюцца выезд на аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне (у санаторна-курортныя арганізацыі, дзіцячыя лагеры, іншыя аздараўленчыя арганізацыі). Там жа можна
атрымаць і патрэбныя даведкі.  

Законам прадугледжаны і пераразлік платы за некаторыя камунальныя паслугі для грамадзян, якія ў іншым населеным пункце даглядаюць інваліда і асобу, старэйшую за 80 гадоў. Пацвердзіць такі факт могуць ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне па месцы жыхарства грамадзяніна, якога даглядаюць.

— Бываюць выпадкі, калі чалавек можа не ведаць, што будзе адсутнічаць па асноўным месцы пражывання, а значыць, загадзя не паведаміць аб гэтым, — адзначыла Iна Карасевіч. – Гэта, напрыклад, тэрміновая шпіталізацыя, прызыў на ваенныя зборы, змяшчэнне ў ізалятар часовага ўтрымання... Тады пераразлік аплаты адбудзецца і без папярэдняга візіту ў разлікова-касавы цэнтр. Адпаведныя даведкі прадстаўляюцца пасля вяртання дамоў.

Спецыяліст паведаміла, што лічбы з улікам пераразліку спажывец камунальных паслуг убачыць у паведамленнi аб памеры платы за ЖКП у наступным месяцы за тым, калі ён падаў у РКЦ патрэбныя дакументы.  

Разлікова-касавы цэнтр Маладзечанскага раёна знаходзіцца па адрасе: вул. Ясінскага, 25. Тэл. 52-22-22.