Новости Молодечно и Молодечненского района

Калі вобразы жыццёвыя

  • 2025-07-17 14:10:01
  • Людмила ЦАРЬ

У чэрвеньскім нумары літаратурна-мастацкага часопіса «Полымя» надрукаваны два апавяданні нашага земляка журналіста, празаіка, казачніка і гумарыста, члена Саюза пісьменнікаў Беларусі Аркадзя ЖУРАЎЛЁВА.


У аснове твораў «Даруй мне» і «Дом на продаж» рэальныя гісторыі, якія нагадваюць пра тое, што кожны дзень, кожную хвіліну мы робім свой выбар. Аўтар раскрывае актуальныя сацыяльныя тэмы, якія тычацца няпростых чалавечых узаемаадносін, падкрэслівае значнасць сямейных каштоўнасцей, асуджае душэўную чэрствасць. Прачытанае прымушае задумацца пра адказнасць і пачуццё дазволенага, пра тое, што Радзіма даражэйшая за нас саміх, і апошнюю надзею не прадаюць.

Адказ на пытанне, чаму Аркадзя Жураўлёва з ахвотай друкуюць вядучыя літаратурна-мастацкія часопісы «Полымя», «Нёман», «Маладосць», штотыднёвік «ЛіМ», відавочны: творы прывабліваюць сваёй жыццёвасцю, яны не надуманыя, а вобразы герояў выпісаны так ярка, што, здаецца, любы чытач можа «прымераць» сітуацыю на сябе.
Больш за дзве сотні твораў нашага земляка надрукаваны ў літаратурна-мастацкіх часопісах і перыядычных выданнях Беларусі і Расіі. Яны маюць найлепшыя водгукі. Дарэчы, у свежым чэрвеньскім выпуску сатырычна-гумарыстычнага часопіса «Вожык», што выходзіць дадаткам да газеты «ЛіМ», можна прачытаць гумарэску Аркадзя Жураўлёва «Аўдыт нявест». Добрая нагода ўсміхнуцца і… задумацца.

Працоўная дзейнасць Аркадзя Трафімавіча не заўсёды была звязана з творчасцю, але ўсё свае жыццё ён служыць мастацкаму слову.

Аркадзь Жураўлеў выдаў пяць кніг – зборнікі сатыры і гумару «Апалонік для дырэктара» і «Цалуйце цешчу», кнігу прозы «Я жадаю вам дабра…». Зборнік казак «Чароўныя словы» ўвайшоў у лонг-ліст Нацыянальнай літаратурнай прэміі 2022 года. Асаблівае месца ў творчасці аўтара займае ёмісты фаліянт «Жывіца» – зборнік выбраных празаічных твораў на 540 старонках.
Людміла ЦАР
Фота: архіў Аркадзя ЖУРАЎЛЁВА