Песню паэта Алеся Ставера і кампазітара Ігара Лучанка «Жураўлі на Палессе ляцяць» ведаюць усе беларусы. А выснова «каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць» стала народным выразам.
Аднак каб прасякнуцца любоўю да сваёй Радзімы, зусім не абавязкова накіроўвацца ў візавы цэнтр і запасацца замежнай валютай. Трэба больш уважліва агледзецца навокал, зразумець зямлю, на якой жывеш, успрыняць гісторыю і культуру свайго народа. Пачынаць гэта займальнае падарожжа неабходна з уласнай сям’і. На самай справе, тата, мама, дзядулі, бабулі – твая непасрэдная сувязь з мінулым.
Напрыклад, мне яшчэ ў дзяцінстве цікава было даведацца пра дзядулю – былога партызана і франтавіка. Яго бацька жыў на Гомельшчыне, быў пісарам пры панскім двары, вельмі шкадаваў жывёл. На сваім падворку ён трымаў пакалечаных і выкінутых былымі гаспадарамі катоў і сабак. Яго бацька (мой прапрадзед) быў чалавекам заможным. Валодаў ветраком. Ён адзін мог замяніць цяжкі каменны жорнаў. Вяскоўцы называлі яго асілкам. Адзін з маіх продкаў служыў у ахове Крамля ў 20-я гады мінулага стагоддзя. Другі ў 1937-м быў рэпрэсіраваны.
Калі ведаеш гэта, гісторыя перастае быць кніжнай дысцыплінай. Яна набывае сэнс, становіцца асабістай справай. Пачуццё прыналежнасці да свайго народа дадае і тое, што мае продкі па мамінай лініі былі католікамі, па бацькоўскай – праваслаўнымі. Адны – з заходняй, другія – з усходняй часткі краіны. Звычайная беларуская сітуацыя. Усе канфесіі і саслоўі аб’яднаныя ў адной сям’і. У гэтым і ёсць галоўны сакрэт нацыянальнага менталітэту і характару беларусаў. У нас не дзялілі людзей па рангах і званнях. Меркавалі пра чалавека па яго справах.
Вядома, калі падарожнічаеш па свеце, набіраешся ўражанняў, можаш параўноўваць жыццё і традыцыі розных краін і народаў. Калі веды пра свой род павярхоўныя, экзотыка можа спакусіць, зрабіцца эталонам, жыццёвай мэтай. Аднак дзякуючы тысячам нітак родная зямля якарам утрымлівае цябе, не дае збочыць з жыццёвай дарогі.
Алег БЯГАНСКІ