Новости Молодечно и Молодечненского района

Историю Молодечненского ЗАГСа вспоминали по случаю 100-летия службы

  • 2017-12-20 11:32:09
  • Анжаліка Крупянькова



«Выпадковых людзей у нас няма», — падкрэсліла ў час мерапрыемства начальнік аддзела ЗАГС райвыканкама Ала Івашкевіч і падзякавала за адказныя адносіны да выканання абавязкаў, адданасць прафесіі сваім калегам – намесніку Эліне Платановіч, галоўным спецыялістам Вользе Навіцкай, Алесі Кавецкай, Анастасіі Дземідзенка, а таксама кіраўнікам спраў пасялковага і сельскіх выканаўчых камітэтаў. Нямала добрых слоў гучала на ўрачыстасці і ў адрас ветэранаў Ніны Шарыпавай, Ніны Бажко, Ніны Паўленка, Тамары Аралінай, Ірыны Каспяровіч, Ганны Гаспер, Жанны Бондар. Прысутным прыемна было атрымаць віншаванні ад кіраўніка спраў райвыканкама Таццяны Ліхадзіеўскай.

— Многія значныя падзеі ў жыцці чалавека непарыўна звязаны з дзейнасцю органаў ЗАГС. Вы як ніхто іншы ведаеце, што за кожным дакументам, кожнай працэдурай – душэўныя перажыванні. Вы ўмееце знайсці падыход да людзей, падтрымаць іх у радасныя і трагічныя моманты жыцця, — адзначыла Таццяна Віктараўна.

Яна выканала і ганаровую місію: уручыла падзячнае пісьмо старшыні райвыканкама кіраўніку спраў Цюрлёўскага сельвыканкама Ірыне Камароўскай. Віншавальную тэлеграму ад дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Людмілы Канановіч зачытала Ала Івашкевіч.

Вялікай увагай, цеплынёй атулілі на ўрачыстасці ветэранаў. Добрымі словамі прыгадалі Алену Абразцову і Ніну Цівунову, якія былі першымі кіраўнікамі гарадскога і раённага ЗАГСа. Дзякавалі за шматгадовую работу, адданасць сваёй справе і творчы падыход Ніне Бажко, якая ўзначальвала аддзел ЗАГС райвыканкама, а пасля – аб’яднаную структуру. Цікавымі ўспамінамі падзялілася Ніна Шарыпава, якая чвэрць стагоддзя – з 1981-га па 2005-ы — загадвала аддзелам ЗАГС гарвыканкама. «Калі пачынала працаваць, ён быў у падвальным памяшканні па вуліцы Прытыцкага і меў вельмі непрэзентабельны выгляд, — расказвае Ніна Уладзіміраўна. —  Неяк прыехала здымачная група з «Беларусьфільма», ім трэба было зняць сцэну рэгістрацыі шлюбу ў сельскім Доме культуры. Зазірнулі да нас і сказалі, што ўсё тут так сціпла, што і ў вёску ехаць не трэба. Гэта паслужыла апошнім аргументам, пасля якога я змагла пераканаць кіраўніцтва горада выдзеліць нам новае памяшканне, дзе і цяпер знаходзіцца ЗАГС. Яго будынак, дарэчы, узводзіўся пад магазін, давялося рабіць перапланіроўку».

Шмат што змянілася за гэты час. Калі раней усе дакументы запаўняліся толькі чарнільнымі ручкамі, пазней — шарыкавамі, то цяпер на дапамогу прыйшлі найноўшыя камп’ютарныя тэхналогіі, пашырыўся спектр паслуг, скараціліся тэрміны выдачы дакументаў. Ніна Шарыпава ўспамінала, што ў яе бытнасць у ЗАГСе працавалі ўсяго трое чалавек, а шлюбы мела права рэгістраваць толькі яна адна. У летнія месяцы распісвала па 10-15 пар за дзень. «Я вельмі задаволена, што цяперашнія работнікі ЗАГСа працягваюць, удасканальваюць усе лепшыя традыцыі, якія мы ўвялі, — зазначыла наша субяседніца. — Гэта ўрачыстыя рэгістрацыі тысячнага нованароджанага горада, сярэбраных, залатых вяселляў, элементы беларускіх нацыянальных абрадаў у час шлюбнай цырымоніі, шмат што іншае. А вось выязныя рэгістрацыі шлюбу нам не дазваляліся, толькі ў выключных выпадках у бальніцы. Цяпер жа яны шырока практыкуюцца».

Прыгадвалі ветэраны і розныя гісторыі, якія здараліся ў іх практыцы. Аднойчы, напрыклад, вясельны картэж пад’ехаў да ЗАГСа, жаніх выйшаў з машыны ды пусціўся наўцёкі. Госці так яго і не знайшлі, шлюб у гэты дзень не зарэгістравалі. Але ж сталы былі накрытыя, госці адправіліся святкаваць… Быў выпадак, калі ў ЗАГС прыйшла былая дзяўчына жаніха, наліла сабе шампанскага, разбіла фужэр, а калі маладыя садзіліся ў машыну, кінула ім букет жоўтых кветак. Сапраўды, работа ЗАГСа – гэта не проста дакументы і лічбы, гэта людскія эмоцыі, перажыванні, радасці і беды, па сутнасці, гэта наша жыццё ад нараджэння да апошніх хвілін.

«Няхай людзі часцей звяртаюцца да вас з добрай нагоды! Няхай больш у нашым раёне нараджаецца дзетак!» — жадалі сённяшнім работнікам ветэраны. Дарэчы, зусім хутка ў нашым ЗАГСе пройдзе ўрачыстая цырымонія рэгістрацыі тысячнага нованароджанага горада – другое стагоддзе органаў ЗАГС пачынаецца з прыемнай падзеі…
Анжаліка КРУПЯНЬКОВА.
Фота: Аляксей ПЛАТКО.